• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вераніка Чыгір: Еду працаваць на Карыбскія выспы!

    Год таму мінская журналістка выйграла стыпендыю Еўрасаюза, якая дазваляе вучыцца на магістарскай праграме ў любым універсітэце Еўропы. Чатыры месяцы Вераніка вучылася ў Еўрапейскай школе журналістыкі ў Марсэлі, а цяпер будзе праходзіць практыку на французскім радыё на Карыбскіх выспах.

    Вераніка Чыгір, Вероника Чигирь, БАЖ, www.baj.by

    Вераніка зайшла ў госці і расказала сайту ГА “БАЖ” пра адрозненні ў працы беларускіх і французскіх СМІ, а таксама пра тое, як вучаць журналістаў у Еўропе.

    – У Мінску я скончыла Лінгвістычны універсітэт, адпрацавала размеркаванне і пачала супрацоўнічаць з “Зялёнай сеткай”. Праз гэта я фактычна прыйшла ў журналістыку, бо пачала пісаць на “Зялёны партал”. Потым было навучанне ў “Беларускім калегіуме”, дзе Максім Жбанкоў спачатку мяне крыху папалохаў, а потым далучыў да вельмі файнага навучання. Пасля ўсяго гэтага я вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе на еўрапейскую стыпендыю і выбрала навучанне ў Еўрапейскай школе журналістыкі і камунікацый, якая ёсць і ў Парыжы, і ў Марсэлі.

    Спачатку мне сказалі, што не могуць мяне ўзяць на магістарскую праграму па журналістыцы, бо ў мяне не хапае папярэдняй журналісцкай адукацыі. Але я выпрасіла ў іх магчымасць паўдзельнічаць у іспытах. Там былі іспыты па французскай, ангельскай мовах, а таксама па журналістыцы – трэба было напісаць тры артыкулы і прайсці тэст. У выніку мяне ўзялі на магістарскую праграму ў Марсэль.

    Адукацыйная праграма складаецца з навучання па ўсіх відах СМІ: друкаваныя і інтэрнэт-СМІ, радыё, тэлебачанне. Такім чынам за чатыры месяцы мы працавалі ва ўсіх відах прэсы, і ўсё было вельмі арыентавана на практыку.

    Практыка-арыентаванае навучанне выглядае наступным чынам. Прыходзіць выкладчык-журналіст з нейкага французскага радыё, нам выдаюць дыктафоны, і мы тры дні працуем на радыё. За дзень ты мусіш зрабіць два-тры радыйныя матэрыялы. У школе ёсць усе тэхнічныя сродкі, тэле- і радыёстудыі, дзе мы апрацоўваем матэрыялы.

    Зранку табе даюць заданне. І за гадзіну-другую ты мусіш зрабіць цалкам гатовы сюжэт: знайсці экспертаў, адрэдагаваць стужку і выдаць у эфір. Потым табе даюць новае заданне, і ты зноў робіш новы сюжэт, а напрыканцы дня –  тэарэтычная частка і абмеркаванне матэрыялаў.

    Прыкладна гэтак жа выглядае праца і на тэлебачанні. Пішаш спіс тэм для сюжэтаў, абмяркоўваеш яго з куратарам, а потым разам з калегамі ідзеш і здымаеш, мантажуеш, рыхтуеш да эфіру і выпускаеш.

    Я ў асноўным рыхтавала сюжэты па сацыяльных, экалагічных, навуковых  праблемах. Палітычных тэмаў я пазбягала, таму што разумела, што пакуль што не ведаю ўсіх мясцовых нюансаў.

    Дарэчы, журналістыка ў Беларусі і ў Францыі – гэта дзве абсалютна розныя рэчы. Вось якія адрозненні я заўважыла паміж працай у французскіх і беларускіх СМІ:

    Адкрытасць людзей

    У Францыі лягчэй рабіць рэпартажы, бо ўсе гатовыя размаўляць з журналістамі. Калі табе трэба атрымаць нейкі каментар ад эксперта, чыноўніка ці проста чалавека на вуліцы – ты заўсёды яго атрымаеш. Калі ты пакідаеш паведамленне на галасавой пошце, або дасылаеш мэйл і кажаш, што ты журналіст, хутчэй за ўсё табе ператэлефануюць.

    Прыватныя СМІ

    Калі ў Беларусі кажуць пра адсутнасць свабоды слова з‑за засілля дзяржаўных выданняў і дзяржаўнай цэнзуры, то ў Францыі абсалютная большасць выданняў – прыватныя. І, трэба сказаць, прыватны бізнес часам страшней абмяжоўвае свабоду слова, чым дзяржава.

    Трэба заўсёды ведаць, каму належыць тое ці іншае выданне, каб адчуваць, што ў гэта выданне можна напісаць, а што яно ніколі ў жыцці не апублікуе. Калі ў Беларусі выданні ўмоўна дзеляцца на дзве сферы ўплыву – дзяржаўныя і недзяржаўныя, то там такіх сфер можа быць трыццаць. У залежнасці ад таго, хто з’яўляецца ўласнікам медыя, які бізнес ён вядзе і чаго хоча ад выдання.

    Рытм працы

    Еўрапейскія СМІ працуюць у зусім іншым рытме, чым беларускія. Бывае, што за дзень ты мусіш напісаць тры вялікія матэрыялы альбо падрыхтаваць тры сюжэты на радыё. Па беларускіх мерках тры сюжэты – гэта праца на тыдзень, а там ад журналістаў патрабуюць гэта за дзень. Я вельмі доўга прызвычайвалася да такога рытму.

    І ў працяг нядаўняй дыскусіі мушу сказаць: калі ў Беларусі складаецца ўражанне, што журналістыка – жаночая прафесія, бо ўсё больш і больш у СМІ працуе жанчын, то ў Францыі можна смела сказаць, што журналістыка –  прафесія мужчынская.

    На прэс-канферэнцыях і сустрэчах з прэсай абсалютную большасць складаюць журналісты-мужчыны. Там журналістыка – гэта вайна. Трэба хутчэй бегчы з камерай, быць мацней, вышэй, грамчэй задаваць свае пытанні. У журналістыцы пераважаюць мужчыны: хаця б таму, што, калі побач з табой стаіць “шафа”, то ты ўжо не зможаш паставіць сваю камеру вышэй і грамчэй задаць пытанне. Вось так.

    Журналіст павінен умець усё

    У адрозненні ад беларускіх СМІ, у Францыі ўсё часцей ад журналістаў патрабуюць умець усё: пісаць тэксты, запісваць гук, відэа, рабіць фотаздымкі для сваіх публікацый. Гэта вельмі важна для рэдакцыі, бо на медыйным рынку вельмі вялікая канкурэнцыя, і выданні ўвесь час спаборнічаюць паміж сабой.

    Калі журналіст ідзе на рэпартаж ці расследаваць нейкую тэму, ён проста абавязаны зняць відэа да матэрыялу, першым прынесці фотаздымкі. Магчыма ў вялікіх рэдакцыях ёсць дакладнае раздзяленне абавязкаў, але ў малых медыях журналіст проста павінен быць чалавекам-аркестрам.

    Росквіт мясцовай прэсы

    У Францыі людзі вельмі шмат чытаюць менавіта друкаваную прэсу: у метро, на вуліцах, у рэстаранах. І вельмі актыўна чытаюць рэгіянальную. У кожным гарадку, у кожнай правінцыі існуе шмат разнастайных мясцовых выданняў, якія пішуць як пра рэгіянальныя праблемы, так і пра нацыянальныя падзеі.

    Менавіта таму ў рэгіёнах значна больш чытаюць мясцовыя СМІ, а не “Le Monde” ці “Libéra­tion”. І што цікава – людзі вельмі добра арыентуюцца ў сваіх “французскіх” падзеях і тэндэнцыях, але могуць не ведаць пра важныя сусветныя навіны.

    Ужо заўтра Вераніка вылятае на Карыбскія выспы, дзе будзе праходзіць практыку на «Radio Caraïbes Inter­na­tionale» ў межах сваёй магістарскай праграмы. Але напрыканцы навучальнага года журналістка мае рашучы намер вярнуцца ў Мінск і прымяняць свой досвед менавіта ў беларускіх СМІ.

    – Калі не мы, дык хто тады будзе развіваць беларускую журналістыку?, – задае рытарычнае пытанне дзяўчына і ўжо падумвае над тым, да якой рэдакцыі ёй далучыцца па вяртанні… 🙂

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    15.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці