• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як дапамагчы палітвязням, якія выходзяць на волю?

    BYSOL сёлета распачаў адмысловую праграму рэабілітацыі палітвязняў. «Белсат» распытаў прадстаўніка фонду, які курыруе гэтую праграму, пра яе асаблівасці. Псіхолага мы папрасілі расказаць, як зняволенне ўплывае на чалавека – і што для яго могуць зрабіць сваякі, сябры і грамадства.

    Усё больш палітвязняў, асуджаных у 2020–2021 гадах на невялікія тэрміны ад года да трох, вызваляюцца з калоніяў і папраўчых установаў адкрытага тыпу. Беларусы не губляюць надзеі, што на волю неўзабаве выйдуць і тыя, каго пакаралі больш цяжкімі прысудамі. У кожнага з вязняў свая сітуацыя і па-рознаму складваецца лёс пасля вызвалення, аднак бясспрэчна, што турма пакідае свой адбітак, і кожнаму патрэбная тая ці іншая дапамога.

    Каб атрымаць дапамогу, не абавязкова мець афіцыйны статус палітвязня

    Праграма рэабілітацыі палітвязняў BYSOL з’явілася на пачатку 2022 года.

    –  Усё больш палітвязняў паступова выходзяць, і мы пачалі думаць, як ім дапамагчы, як задаволіць тыя патрэбы, што ўзнікаюць у іх пасля вызвалення, – распавядае Мікіта – прадстаўнік фонду, адказны за праграму. – Робім мы гэты праект разам з BY_help і Праваабарончым цэнтрам «Вясна».

    У рамках праграмы былыя вязні могуць атрымаць разавую грашовую дапамогу € 300. Акрамя таго, можна адкрыць персанальны збор на сайце BYSOL – так часцей за ўсё атрымліваюцца большыя сумы, кажа Мікіта. Але, калі раптам збор прынёс менш за € 300, фонд дадае да гэтай сумы.

    BYSOL супрацоўнічае з міжнародным праектам крызіснай дапамогі «Фенікс», псіхолагі адтуль прапануюць па 10 бясплатных сеансаў для былых вязняў. Акрамя таго, час ад часу з’яўляецца магчымасць атрымаць медычную дапамогу або рэабілітацыю ў санаторыі.

    Калі былы вязень хоча выехаць з Беларусі, BYSOL дапамагае яму адкрыць візу, кансультуе, куды звяртацца за мяжой, як там прасцей адаптавацца.

    Яшчэ адзін кірунак дапамогі – кампенсацыя тэхнікі, забранай падчас ператрусаў і сканфіскаванай пасля затрымання.

    Каб атрымаць дапамогу, трэба запоўніць адмысловую форму на сайце BYSOL. У ёй змяшчаюцца пытанні пра патрэбы чалавека. Таксама трэба будзе ўказаць асабістыя звесткі, дату вызвалення, артыкул, тэрмін зняволення. Мець афіцыйна прызнаны праваабаронцамі статус палітвязня не абавязкова. Адзіная ўмова для атрымання дапамогі – перабыванне ў зняволенні даўжэй за тры месяцы. Пад месцам зняволення маецца на ўвазе ІЧУ або СІЗА, калонія, турма, «хімія» – папраўчая ўстанова адкрытага тыпу.

    – «Хатняя хімія» не ўлічваецца, аднак звычайна да вынясення выраку ў выглядзе «хатняй хіміі» чалавек пэўны час праводзіць у СІЗА да суда, – зазначае Мікіта.

    «Важнейшая за грашовае падтрыманне – увага»

    Асноўныя патрэбы, з якімі звяртаюцца былыя вязні – медычная дапамога, грашовая, пошук працы, кажа прадстаўнік BYSOL. Таксама больш за палову зняволеных, якія вызваляюцца, хочуць з’ехаць за мяжу.

    У планах фонду – далейшае развіццё і пашырэнне праграмы рэабілітацыі, распавядае наш суразмоўца.

    – У першую чаргу мы б хацелі зрабіць большымі нашыя разавыя грашовыя выплаты, – кажа прадстаўнік BYSOL. – Але, на жаль, пакуль што рэсурсы не дазваляюць, бо тады кожнаму наступнаму чалавеку, які мае патрэбу ў дапамозе, давядзецца яе даўжэй чакаць. Але мы працуем над тым, каб у перспектыве выплаты сталі большымі.

    На сённяшні дзень BYSOL выплаціў разавую дапамогу € 300 101 асобе. Яшчэ 26 вызваленых вязняў адкрывалі асабістыя зборы. Такім чынам, фонд з пачатку працы праграмы дапамог 127 былым зняволеным, зазначае Мікіта.

    Прадстаўнік BYSOL падкрэслівае, што дапамога палітвязням ідзе не толькі ад буйных фондаў або арганізацыяў, але і ад простых людзей, якія самі некалі былі ў падобнай сітуацыі, з’ехалі за мяжу, там уладкаваліся і цяпер хочуць дапамагчы.

    – У нас было некалькі такіх выпадкаў, калі тыя, каго затрымлівалі ў 2020 годзе, выходзілі на нас і прапаноўвалі дапамогу палітвязням грашыма ці працай, – кажа Мікіта. – І тут мы атрымліваем нешта важнейшае за грашовае падтрыманне – памяць і ўвагу да палітвязняў. Я думаю, гэта ім патрэбнае нават больш – разуменне, што ты некаму патрэбны, цікавы, што з некім можна пабыць, паразмаўляць, а ён выслухае і зразумее.

    «Калі шпалеры нагадваюць турму, іх трэба змяніць»

    Пра тое, як дапамагчы былому палітвязню наноў адаптавацца ў звычайным жыцці пасля вызвалення, што могуць зрабіць сваякі, сябры і грамадства для хутчэйшай і паспяховай рэабілітацыі, размаўляем з псіхолагам Наталляй Скібскай.

    Першае, што можа зрабіць сям’я, калі палітвязень вяртаецца дамоў, гэта забяспечыць яму такі лад жыцця, які будзе адрознівацца ад турэмнага, зазначае нашая суразмоўца.

    – Мусіць быць як мага менш трыгераў, што нагадваюць пра жыццё ў месцы зняволення. Трэба нават да інтэр’еру прыгледзецца, каб, напрыклад, бялізна на ложку не была таго самага колеру, што ў калоніі. Калі былы вязень кажа, што яму шпалеры нагадваюць сцены ў турме, лепш іх змяніць, – кажа спадарыня Наталля. – Была такая сітуацыя з чалавекам, які ўцёк пасля вызвалення – яму замовілі гостэл з ложкамі ў два паверхі, кратамі на вокнах. Такога не мусіць быць.

    Для былога вязня вельмі важна, каб не абмяжоўвалі ягонай свабоды выбару, не ціснулі на яго. Такога чалавека трэба слухаць, але адначасова не настойваць, каб ён нешта распавядаў, калі ён не хоча.

    – Былому вязню не трэба нічога навязваць, ён можа востра рэагаваць на абмежаванні. Самае банальнае, што можна зрабіць, – даць чалавеку магчымасць выбіраць, што і калі яму есці. Яму трэба вяртаць унутраную свабоду, – кажа псіхолаг. – У вязняў няма магчымасці праяўляць сваю волю. Яны ўсё робяць пад прыгнётам сістэмы – і спаць кладуцца, і ўстаюць паводле раскладу, вызначанага за іх кімсьці іншым. Гэта ломіць волю, што вельмі небяспечна, бо чалавек можа згубіць навык нешта рабіць самастойна. Таму пасля вызвалення важна дапамагаць чалавеку быць аўтарам свайго жыцця.

    Вакол былога вязня мусяць быць людзі – яму нельга трапляць у пустэчу, зазначае адмыслоўца.

    – А такое часта здараецца. Бо, па-першае, натуральным чынам, пакуль чалавек быў у турме, пэўныя сацыяльныя сувязі парушаюцца. А ў нашай сітуацыі людзі могуць асцерагацца камунікаваць з былым вязнем, бо небяспечна. Гэта можа быць вельмі траўматычным, калі чалавек выходзіць з турмы, а з сяброў нікога не засталося, – кажа Наталля Скібская.

    «Маем дрэнную статыстыку – сем’і палітвязняў распадаюцца»

    У былога вязня мусіць быць магчымасць звярнуцца па медычную і псіхалагічную дапамогу, падкрэслівае спадарыня Наталля. Можа спатрэбіцца сямейная тэрапія.

    – Мы маем вельмі дрэнную статыстыку, што сем’і палітвязняў распадаюцца. Гэта можна растлумачыць тым, што за час зняволення палітвязня ягоная сям’я ўжо неяк прызвычаілася так жыць, і калі вязень вяртаецца дамоў, часам сустракаюцца быццам бы чужыя людзі, – кажа псіхолаг. – І тут трэба даць сабе час, каб ізноў прывыкнуць адно да аднаго, нібы наноў пазнаёміцца.

    Медычная дапамога патрэбная амаль усім былым вязням, бо ў турме моцна пагаршаецца здароўе. Найчасцей падчас працяглага зняволення людзі маюць праблемы з зубамі або нават іх стратай.

    Былому вязню патрэбная таксама сацыяльная рэабілітацыя, дапамога ў пазбаўленні ад турэмных звычак, магчымасць вярнуцца на працу ці пайсці вучыцца, каб потым знайсці сабе працу.

    – Тут таксама важная чуллівасць і далікатнасць сям’і, бо пераважна будуць выходзіць мужчыны, і важна, каб ужо праз тыдзень на волі на яго не ціснулі, каб ужо ішоў працаваць, – кажа адмыслоўца. – Жанчынам, у якіх на волі заставаліся дзеці, часцей давядзецца працаваць з пачуццём віны. Агулам, трэба дапамагчы выраўняць узровень годнасці. Бо рэпрэсіўная турэмная машына вельмі ўплывае на годнасць чалавека. Трэба вярнуць самапавагу, дапамагчы перастаць адчуваць уласнае бяссілле. Нават маленькія дасягненні чалавека трэба бачыць, казаць пра іх, падтрымліваць.

    «Мае значэнне не час, праведзены ў зняволенні, а ягоны змест»

    На вязня ўплывае не тэрмін, які ён правёў у зняволенні, а тое, чым гэты час быў напоўнены, падкрэслівае псіхолаг.

    – Не час зняволення важны, а яго змест. Чалавек можа прасядзець тыдзень, а яго будуць катаваць, а іншы можа год адсядзець – і ў яго будуць больш-менш нармальныя ўмовы ўтрымання. Вядома, што з «палітычных» здзекуюцца, робяць усё, каб яны не маглі нармальна жыць, – кажа спадарыня Наталля.

    Вельмі важна, каб і блізкія, і грамадства прызнавалі, што былы вязень пацярпеў, што ён – ахвяра рэжыму.

    – Самае моцнае пачуццё ў вязня – крыўда. Ён можа адчуваць, што яго незаслужана пакрыўдзілі, і жыць з пачуццём, што ён – ахвяра. Калі чалавек выходзіць з турмы і бачыць, што ўся Беларусь цяпер як турма, што ахвяра, якая была з ягонага боку, наўмысная або не, нічога асабліва не змяніла, ён пачынае думаць: а навошта гэта ўсё было? Ёсць пачуццё марнасці ахвяры, страты часу, крыўда на людзей: маўляў, я пакутаваў – а вы тут жывяце і нічога не змянілі за гэты час, – кажа псіхолаг. – І яму трэба казаць: так, ты пацярпеў, цябе сапраўды пакрыўдзілі. Гэтай крыўдзе трэба даваць магчымасць праявіцца, пра яе трэба размаўляць, прызнаваць яе. Нельга перагортваць старонку і казаць: ну было і было, забудзьма і будзьма жыць далей.

    Рэабілітацыя ў кожнага цягнецца свой час, бо ўсе гісторыі індывідуальныя. Нельга сказаць, колькі спатрэбіцца – паўгода, год ці пяць. Трэба быць чулымі і разумець, што вяртанне да звычайнага жыцця можа быць сапраўды няпростым, зазначае псіхолаг.

    Эміграцыя пасля вызвалення можа стаць яшчэ адным значным стрэсам, а з іншага боку – можа быць неабходнай, калі былому вязню ўсё яшчэ небяспечна заставацца ў Беларусі.

    «Грамадства адказнае за тое, што ў ім сталі магчымымі такія ахвяры»

    Спадарыня Наталля таксама кажа, што ўжо цяпер беларусам усім разам важна думаць пра будучую рэабілітацыю палітвязняў, калі на волю выйдуць усе. Трэба будзе ствараць цэнтры рэабілітацыі, каб у людзей была магчымасць масава звяртацца па дапамогу – псіхалагічную і медычную, а таксама праводзіць вялікую працу з грамадствам, яднацца і выпрацоўваць сістэму дапамогі, бо толькі так можна перамагчы тую сістэму, што цяпер існуе ў Беларусі.

    – Беларускае грамадства не перажыла сталінскіх рэпрэсіяў, ёсць небяспека, што і ў цяперашняй сітуацыі будзе «перагорнутая старонка». Нельга гэтага дапусціць. Патрэбныя будуць суды – свой Нюрнбэрг, грамадскія дыскусіі пра ахвяраў і вінаватых. Усё гэта таксама будзе часткай псіхалагічнай рэабілітацыі ахвяраў рэжыму, – кажа псіхолаг. – І гэта будзе аздараўляць нашае грамадства. Калі мы гэта не зробім, будзе як і з перажываннем сталінскіх рэпрэсіяў. Нашая грамадская адказнасць – усё гэта давесці да канца. Трэба не дапусціць пазіцыі «палітвязні павыходзілі і добра, жывем далей». Бо потым гэтыя траўмы будуць перапрацоўвацца ў сям’і, у калектывах, у грамадстве.

    Паводле спадарыні Наталлі, такія дзеянні будзе своеасаблівымі «рэпарацыямі палітвязням ад грамадства».

    – Бо гэта ж таксама адказнасць усіх, што нашае грамадства такое, што ў ім магчымыя такія ахвяры. Шмат хто не любіць тэрмін «калектыўная адказнасць», «калектыўная віна», але яна ёсць. Мы так усе разам жылі, што ўсё гэта стала магчымым, – кажа псіхолаг. – Часта кажуць: я нічога не рабіў. У гэтым якраз і ёсць бяда. А тое, што ты не трапіў у турму, цябе не збілі – гэта лёс, табе пашчасціла. І гэта не робіць таго чалавека, які стаў ахвярай, у нечым вінаватым.

    Тым жа палітвязням, якія выходзяць на волю ўжо цяпер, а таксама іхным сем’ям спадарыня Наталля раіць шукаць псіхалагічную дапамогу. Псіхолагаў, гатовых працаваць з палітвязнямі бясплатна або за сімвалічную плату, можна знайсці на okdoc.me, а таксама ў міжнародным праекце крызіснай дапамогі «Фенікс». 

    Чытайце яшчэ: 

    Как Google оставляет беларусов в российском медиаполе

    Як пачысціць тэлеграм-боты, каб не засталося ніякіх слядоў

    Многія VPN збіраюць даныя і могуць перадаць іх сілавікам. Расказваем, як ад гэтага абараніцца

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці