Былая палітвязынка Анастасія Булыбенка адказала на апячатанне яе кватэры ў Магілёве
Кватэра ў Магілёве — адзінае, што засталося ў Анастасіі Булыбенкі ад бацькі, які прапаў без вестак у 2009 годзе. Дзяўчына мяркуе, што кватэра апячатаная, хутчэй за ўсё, у рамках спецвытворчасці.
Дзяўчына не ведае, калі гэта адбылося і ў рамках якой крымінальнай справы.
— Дакладная прычына, па якой апячаталі маю кватэру, мне невядомая. Можа быць, гэта з‑за працы ў БАЖ, але я не магу ведаць дакладна. Я ўдзячная БАЖ за тое, што мяне прынялі ў каманду практычна год таму: менавіта тады я мела вялікую патрэбу ў падтрымцы і даверы, якія і змагла там атрымаць. Я ганаруся сваёй працай і дакладна ведаю, што я не адна. Працуем далей. Працуем яшчэ больш і набліжаем перамены, — сказала Анастасія Булыбенка ў каментары БАЖ.
Акрамя БАЖ, дзяўчына актыўна супрацоўнічае з ініцыятывай «Вольныя паштоўкі», з Беларускай асацыяцыяй бізнэсаў за мяжой, месяц здымалася для сацсетак «Салідарнасці» — усе яны прызнаныя ці то «экстрэмісцкімі матэрыяламі», ці то «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
— Пасля таго, як я з’ехала з Беларусі, я актыўна давала інтэрв’ю, удзельнічала ў афлайн-мерапрыемствах і акцыях, і нават арганізоўвала сама. Я рабіла ўсё, што ў маіх сілах. І, канешне, ведала, што раней ці пазней гэта адбудзецца, — дадала Анастасія Булыбенка ў Instagram.
Дзяўчына адказвае тым, хто арганізаваў яе пераслед на радзіме:
— Я хачу сказаць вам, людзям, адказным за гэтыя дзеянні: вы не зможаце мяне спыніць. Не зможаце затыкнуць ці запужаць. Цяпер я буду рабіць толькі больш і гаварыць яшчэ грамчэй, але ні ў якім выпадку не здамся.
Былую студэнтку БНТУ Анастасію Булыбенку затрымалі 12 лістапада 2020 года. Яе асудзілі па «справе студэнтаў» на 2 гады і 6 месяцаў па абвінавачанні ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (артыкул 342 КК).
Анастасія Булыбенка цалкам адбыла тэрмін і выйшла на волю 30 лістапада 2022 года. Пасля яна з’ехала з Беларусі.