• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Бастунец: Незалежныя медыі ачомаліся, але, калі сітуацыя не зменіцца, трэба думаць, як жыць далей

    15 чэрвеня будзе прадстаўлена справаздача Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і брытанскага фонду «Справядлівасць для журналістаў» аб пераследзе айчынных СМІ ў 2021—2022 гадах. Напярэдадні мерапрыемства «Позірк» паразмаўляў са старшынём БАЖ Андрэем Бастунцом аб жыцці беларускіх СМІ на эміграцыі і на радзіме, «экстрэмісцкіх» спісах і іншых відах пераследу мас-медыя, цікавасці да навін з Беларусі ў святле вайны ва Украіне, уплыве Крамля на інфармацыйны парадак дня ў Беларусі, адносінах з палітычнымі структурамі і пошуку сродкаў да існавання.

    «Медыя на эміграцыі аднаўляюць аўдыторыю, у Беларусі працаваць усё больш складана»

    — Якая сёння сітуацыя з незалежнымі беларускімі СМІ?

    — На жаль, часцей даводзіцца казаць пра СМІ на эміграцыі, хоць і ў Беларусі застаюцца медыя — «Народная воля» ці Intex-Press. Але яны зараз выходзяць толькі анлайн. Усё больш складана працаваць журналістам, усё большы ціск з боку ўлады: затрыманні, ператрусы, прызнанне «экстрэмістамі»… Апошняя інфармацыя — са Светлагорска, дзе былі арыштаваныя на 15 сутак чатыры супрацоўнікі фактычна дзяржаўнага тэлеканала «Ранак». Той факт, што 33 журналісты ў Беларусі зведваюць крымінальны пераслед, сам па сабе сведчыць, як ідуць справы са свабодай СМІ.

    Медыя на эміграцыі пасля накдаўна, які быў нанесены ў 2021 годзе, ачомаліся, усталі на ногі, працягваюць працаваць і аднаўляюць сваю аўдыторыю, нягледзячы на велізарныя праблемы з‑за прызнання матэрыялаў і саміх рэдакцый «экстрэмісцкімі» з усімі наступствамі ў выглядзе крымінальнага пераследу. Гэта вельмі сур’ёзна ўздзейнічае на аўдыторыю, але тым не менш я бачу, што мышцы мацнеюць і выданні працуюць усё больш упэўнена.

    — Украінскі парадак дня сёння на першых палосах СМІ, ды і расійскія журналісты, якія з’ехалі з краіны, фарміруюць свой кантэнт. Як у гэтай сітуацыі беларускім медыя захаваць свой твар, прыцягнуць увагу да праблематыкі Беларусі?

    — Цікавасць да Украіны аб’ектыўная, навіны пра ўкраінскія падзеі ў цэнтры ўвагі. Некаторыя беларускія медыі сур’ёзна пераарыентуюцца на ўкраінскую тэму. Даследаванні аўдыторыі інтэрнет-рэсурсаў сведчаць, што яшчэ нядаўна вядомыя беларускія рэсурсы адышлі ад беларускай тэматыкі, большасць іх матэрыялаў зараз прысвечана Украіне.

    Іншы шлях выжывання — прэзентацыя сябе на ўсіх магчымых пляцоўках, пастаянны напамін пра такі палітычны суб’ект, як Беларусь, і беларускія незалежныя медыя, у прыватнасці. У гэтым напрамку не варта недаацэньваць працу ў першую чаргу Офіса Святланы Ціханоўскай. Яна вельмi важная. З яго ініцыятывы адбываецца вялікая колькасць міжнародных сустрэч, працягваецца прыцягненне ўвагі да Беларусі.

    Акрамя вышэйназванага застаецца шматплатформеннасць. Думаю, што ў першую чаргу нашы медыя выбіраюць яе: выкарыстанне сацыяльных сетак і мультымедыя, хаця гэта хутчэй тэхналагічныя прыёмы выхаду з сітуацыі.

    «Важна, каб мы не разглядаліся як інструмент палітычных сіл»

    — Офіс Ціханоўскай перыядычна выказваецца аб супрацоўніцтве з незалежнай прэсай. Што маецца на ўвазе пад гэтым?

    — У нас з офісам і існуючымі вакол яго структурамі пастаянна вядуцца кансультацыі. Хаця як прадстаўнікі медыя мы наўпрост не можам уключацца ў дзейнасць гэтых органаў, бо павінны прынцыпова захоўваць незалежнасць. Аднак мы гатовы на кансультатыўным і экспертным узроўні абмяркоўваць праблемы, даносіць да офіса патрэбы медыясектара. У нас ужо было некалькі сустрэч, перададзены праграмныя дакументы, але вельмі важна, каб мы не разглядаліся як інструмент якіх-небудзь палітычных сіл і заставаліся самастойнымі.

    — Як справы з наведвальнасцю папулярных СМІ ў выгнанні?

    — Колькасць наведванняў медыя на эміграцыі з Беларусі значная. Мы аперуем данымі рэдакцый, паводле якіх беларуская аўдыторыя застаецца асноўнай. Да таго ж варта ўлічваць захады з дапамогай VPN, якія не ўлічвае статыстыка. Аднак з’явілася тэндэнцыя: давер да недзяржаўных медыяў змяншаецца, пры гэтым павялічваецца цікавасць да дзяржСМІ, якія вырабляюць кантэнт у адпаведнасці з расійскім наратывам. Не ведаю, гэта памылкі сацыялагічных даследаванняў ці рэальная сітуацыя.

    «Зарабленне грошай — вялізная праблема»

    — Нядаўна гарадскі інтэрнэт-часопіс The Vil­lage Беларусь паведаміў аб спыненні працы з‑за адсутнасці фінансавання. Як у незалежных СМІ з грашыма?

    — Калі да 2020 года многія медыя паспяхова зараблялі рэкламай і падпіскай, то пасля выбараў дзяржава нанесла па медыясектары шмат удараў, якія перакрэслілі гэтыя магчымасці. У краіне практычна перасталі выходзіць друкаваныя медыя, а інтэрнет-выданні або іх матэрыялы прызнаны «экстрэмісцкімі», што выключае рэкламу. Дададзім сюды песімізацыю беларускіх медыя з боку глабальных пошукавікаў. Яны вельмі моцна апускаюць выданні, якія пошукавым алгарытмам здаюцца нядобранадзейнымі.

    Зарабленне грошай — велізарная праблема, і я вымушаны прызнаць, што магчымасці фінансавання, і так нешматлікія — гранты або данаты, значна скараціліся.

    Як варыянт — выходзіць на ўкраінскі, іншыя замежныя рынкі. Такі шлях магчымы, але азначае адыход ад той палітыкі, якую наш медыясектар на сённяшні дзень фармуе, таму што мы працуем на Беларусь і для беларусаў.

    — Якую мэту пераследуе дзяржава, надзяляючы СМІ, якія з’ехалі з Беларусі, статусам «экстрэмісцкіх фармаванняў»?

    — Галоўная мэта — запалохаць усіх. Рэкламадаўцаў, экспертаў, каментатараў, аўтараў і чытачоў. А таксама ўзяць пад кантроль інфармацыйную прастору Беларусі. І не факт, што гэты кантроль будзе ажыцьцяўляць беларуская адміністрацыя, а не Крэмль. Захапіць уладу над розумамі людзей, прычым не шляхам падавання больш якаснай інфармацыі, а ўдушэннем альтэрнатыўнага меркавання, каб потым рабіць на выпаленай зямлі ўсё, што заўгодна крамлёўскім куратарам.

    — Што ў святле сыходу незалежных гульцоў медыярынку адбываецца з дзяржаўнымі СМІ, у што яны выраджаюцца?

    — У сферы дзяржСМІ ніколі не было рынку. Была і застаецца штогадовая планавая фінансавая падтрымка. Канкурэнцыі сярод іх няма: проста раздаюцца грошы, а якасць матэрыялу стала горшай за стандарты нават у самым савецкім сэнсе гэтага слова. Тое, што сёння робяць дзяржаўныя СМІ, даўно страціла адчуванне нормы.

    — На беларускую аўдыторыю крамлёўскія медыя ўплываюць у якой ступені?

    — Паводле даных, якія я бачыў, такое ўздзеянне ёсць. Пры гэтым уплыў незалежных СМІ зніжаецца, хаця гэтае пытанне лепш адрасаваць сацыёлагам. Складана казаць, наколькі ў даследаваннях улічаны фактар страху рэспандэнтаў, але нельга недаацэньваць сітуацыю, калі спажыўцы доўгі час знаходзяцца ў адным і тым жа інфармацыйным полі, штучна агароджваюцца ад іншых крыніц інфармацыі і самі іх пазбягаюць па аб’ектыўных прычынах.

    «Многае залежыць ад зыходу вайны ва Украіне, яе ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі»

    — Ці вядомыя БАЖ выпадкі вяртання журналістаў незалежных СМІ пасля стварэння вядомай камісіі?

    — У нас няма звестак, што ў камісію па вяртанні звярталіся незалежныя журналісты. Магчыма, таму, што ў сілу прафесіі мы больш інфармаваныя і больш крытычна ставімся да інфармацыі. Ды і выпадак з [Раманам] Пратасевічам — яскравы таму прыклад, хоць ён якраз вярнуўся не па сваёй волі.

    — Якія перспектывы ў незалежных СМІ ў агляднай будучыні?

    — Адкажу такой фразай: «Тыя, хто выжыў у катаклізме, знаходзяцца ў песімізме». Безумоўна, шмат залежыць ад знешняй сітуацыі, ад зыходу вайны ва Украіне, яе ўздзеяння на рэжым Лукашэнкі. Па-ранейшаму вельмі складана казаць пра нейкую доўгатэрміновую перспектыву і планы.

    Калі сітуацыя не зменіцца, медыя трэба будзе думаць пра тое, як жыць далей, бо зразумела, што падтрымка і тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся ў Беларусі, не будзе вечнай, а цяжкасці расцягваюцца на неабсяжную колькасць часу.

    Калі сітуацыя зменіцца, я спадзяюся, большасць незалежных беларускіх СМІ вернуцца ў краіну і тады ўсё зменіцца кардынальна, але прагназаваць больш дакладна сёння немагчыма.

    Чытайце яшчэ:

    Як правяраюць расследаванні. Кароткі гайд ад фактчэкера OCCRP

    Появилось новое белорусское медиа Plan B. Его главред — Ольга Лойко

    «Маці піша ў асноўным пра тое, што чытае, і дае жыцьцёвыя парады», — дачка Марыны Золатавай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці