• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Бастунец: Журналісты ператварыліся з барацьбітоў у прафэсіяналаў

    У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» Старшыня Беларускай Асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец тлумачыць, чаму ўлады перасьледуюць фрылянсэраў, распавядае, як БАЖ адзначыць сваё 20-годдзе і адказвае на пытаньне, ці стала беларуская журналістыка менш зубастай, чым раней. 

    Цыганкоў: Апошнія месяцы мы штотыдзень чуем пра новыя судовыя і адміністрацыйныя справы адносна фрылянсэраў, журналістаў, якія не зьяўляюцца сталымі супрацоўнікамі ў нейкім СМІ. Іх прыцягваюць да адказнасьці за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Навошта ўлада ідзе на гэта, нават на фоне выбарчай кампаніі? 

    Бастунец: «Штотыдзень» — гэта гучыць занадта мякка. Бо толькі сёньня было ўжо 2 справы ў Гародні, якія скончыліся штрафамі для журналістаў. А ў Глыбокім па двух справах касацыйная інстанцыя пацьвердзіла вырак суду. Таму гэта адбываецца вельмі часта, фактычна штодня. Чаму? У мяне няма адказу. Спачатку я думаў, што гэта нейкі эксцэс выканаўцы. Але з цягам часу гэта пайшло па ўсёй краіне. Дарэчы, у судах як нейкі узор фігуруюць дакумэнты з папярэдніх справаў – каб судзьдзям было прасьцей выносіць прысуды.

    Цыганкоў: Як самі журналісты-фрылянсэры рэагуюць на гэты перасьлед? Ці ўсе працягваюць змагацца, ці некаторыя (як я неяк бачыў у Фэйсбуку) гатовыя плюнуць на журналістыку ў такіх умовах? 

    Бастунец: Даводзілася чытаць і такія эмоцыі. Але пераважная большасьць працягваюць змагацца за свае правы, рыхтуюць  з нашай дапамогай скаргі — і, магчыма, некаторыя зь іх трапяць у Камітэт ААН па правах чалавека.

    Цыганкоў: 18 жніўня ініцыятыўная група Анатоля Лябедзькі правяла пікет у абарону журналістаў-фрылянсэраў. 

    Бастунец: Я лічу, што нам удалося прыцягнуць увагу палітыкаў да гэтай праблемы. Яна ўжо абмяркоўвалася і на прэсавай канфэрэнцыі кіраўніка дзяржавы, і ў перадачы «Клюб рэдактараў» на «БТ‑1».

    Цыганкоў: Калі згадаць словы Лукашэнкі, то ён выказаўся ў стылі «так, гэта няправільна, я разьбяруся». Але з таго часу сытуацыя, здаецца, толькі пагоршылася? 

    Бастунец: Сытуацыя не пагоршылася, але яна не зьмянілася, засталася на тым самым узроўні. А гэты ўзровень – 31 справа, якая завершылася судовай пастановай супраць журналістаў ад пачатку году. Для параўнаньня – летась было толькі 10 справаў. 

    Цыганкоў: У «Клюбе рэдактараў» на «БТ» удзельнікі гэтай перадачы Генадзь Давыдзька і Павал Якубовіч выказваліся ў тым сэнсе, што фрылянсэры – гэта ніхто, маўляў, такую сур’ёзную справу як журналістыка нельга давяраць непрафэсіяналам. Ці былі вы зьдзіўленыя тым фактам, што журналісты дзяржаўных СМІ ня толькі не праяўляюць карпаратыўную салідарнасьць, а наадварот, імкнуцца неяк прынізіць калег і нашкодзіць ім? 

    Бастунец: Так, было дзіўнавата гэта чуць. Тым больш, што фрылянсэры — гэта не беларускае вынаходніцтва, і ня толькі ў журналістыцы яны працуюць. У заходняй журналістыцы вельмі шмат фрылянсэраў, часам амаль палова калектыву. Гэта тыя, хто не зьвязаныя з рэдакцыямі сталымі кантрактнымі адносінамі, але рыхтуе матэрыялы. І гэта норма. 

    Цыганкоў: Ці была нейкая рэакцыя мінародных журналісцкіх саюзаў на тое, што адбываецца з фрылянсэрамі ў Беларусі? 

    Бастунец: Так, зразумела. І Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў зьвярталася ў Міністэрства інфармацыі, і шэраг нацыянальных журналісцкіх асацыяцыяў зьвярталіся. Запрашалі міністра інфармацыі Беларусі Лілію Ананіч прыехаць у Брусэль, і абмеркаваць гэтыя праблемы. Але выніку пакуль не відаць. 

    Цыганкоў: У гэтым годзе адзначаецца 20 гадоў БАЖу. У 1995 годзе было 38 чалавек (і я сярод іх), якія вырашылі заснаваць новую журналісцкую арганізацыю. Які шлях прайшоў БАЖ за гэтыя гады? 

    Бастунец: Колькасныя парамэтры відавочныя – сёньня ў БАЖ каля 1200 чалавек. Арганізацыя атрымала шмат адзнакаў за гэты час, якія пацьвярджаюць яе аўтарытэт. Самыя яркія — у 2003 годзе «Залатое пяро свабоды» Сусьветнай асацыяцыі газэтаў. А ў 2004‑м — прэмія Сахарава Эўрапарлямэнту. 

    Цыганкоў: Ад пачатку існаваньня БАЖ не сьціхаюць дыскусіі наконт таго, што ён перш за ўсё зь сябе ўяўляе — ці гэта прафсаюз, ці прафэсійная суполка, ці нават праваабарончая арганізацыя? 

    Бастунец: Калі БАЖ зьявіўся, то гэта перш за ўсё быў адказ на ціск уладаў. А рэакцыя Саюзу Журналістаў на гэта не задавальняла нашых калегаў. Сёньня БАЖ сапраўды аб’ядноўвае некалькі асноўных накірункаў і функцыяў. Гэта і прафсаюзная, і праваабарончая, і адукацыйная, і клюб па інтарэсах. Магчыма, калі б сытуацыя ў краіне мянялася ў бок большай свабоды слова — тады БАЖ больш набываў бы прафсаюзных функцыяў. 

    Цыганкоў: Амаль 20 гадоў старшынёй БАЖу была Жана Літвіна, а вы доўгі час былі намесьнікам. Тым ня менш – ці адкрылі вы для сябе нейкія новыя аспэкты, ці ёсьць сытуацыі, якія вы ня ведалі раней? 

    Бастунец: Не, я не знайшоў такога сэйфу, які быў раней ад мяне схаваны, а цяпер мне далі ад яго ключы. Большасьць пытаньняў мне былі добра вядомыя. Адзінае, чаго я не чакаў – ня думаў, што гэтак шмат часу будзе адымаць арганізацыйная праца. 

    Цыганкоў: Як будзе адзначаецца гадавіна ўтварэньня БАЖу? 

    Бастунец: 16 верасьня якраз быў той самы сход, на якім быў заснаваны БАЖ. У гэты дзень мы плянуем сабрацца, згадаць тое, што адбылося за 20 гадоў. Будуць праведзеныя сустрэчы ў рэгіёнах, і кожны рэгіён будзе сам вызначаць іх фармат. Спадзяюся, мы атрымаем нейкі запал натхненьня, каб рухацца далей. 

    Цыганкоў: Які ўвогуле стан нашых СМІ? Ёсць меркаваньне, што яны сталі бяззубымі, прынамсі, менш зубастымі, чым у 90‑я і нулявыя. Ці падзяляеце вы такое меркаваньне? 

    Бастунец: Не. Я лічу, што нашыя незалежныя СМІ сталі больш прафэсійнымі. Хаця, вядома, некаторых лідэраў мы страцілі — газэты “БДГ”, “Свабода”. Але мне здаецца, журналісты сталі больш разумець сутнасьць сваёй прафэсіі. І ператварыліся з барацьбітоў у тых, хто бачыць сваёй задачай распаўсюд інфармацыі і забесьпячэньне пляцоўкі для яе абмеркаваньня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці