Андрэй Дынько: «Беларусь 1» — антыдзяржаўны СМІ ў самым чыстым яго выглядзе»
У чарговым паседжаньні «Клюбу рэдактараў» кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька загаварыў пра ўдзел у мінулай праграме шэф-рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Дынько. Вядоўцу «Клюбу рэдактараў» спадара Давыдзьку абурыў камэнтар, які Андрэй Дынько даў Радыё Свабода пасьля праграмы:
«Такое ўражаньне, што чалавека запрасілі ў госьці, на стале былі сурвэткі, а ён выцер рукі аб абрус, яшчэ плюнуў у калідоры і сышоў», — так выказаўся кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька пра той камэнтар шэф-рэдактара «Нашай Нівы».
А вось Паўлу Якубовічу Андрэй Дынько спадабаўся: «Ён хацеў сказаць усё, што сказаў, і сказаў усё, што мог».
Андрэй Дынько ня стаў камэнтаваць «уражаньні» і асацыяцыі Давыдзькі. Рэдактар «Нашай Нівы» прызнаўся, што яму было цікава пазнаёміцца з кіраўніком Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам ужывую:
«Я зазірнуў яму ў вочы і ўбачыў там не таго чалавека, якога я бачыў на тэлеэкране. Пасьля гэтага паходу на Беларускае тэлебачаньне я не разумею, чаму ён часам кажа там тое, што кажа. Напрыклад, ён ужывае выраз „антыдзяржаўныя СМІ“. Ня першы раз ад яго чую гэты выраз — „антыдзяржаўныя СМІ“. Мне падаецца, што антыдзяржаўныя СМІ акурат тыя, якія ператварыліся ў сродкі масавай інфармацыі аднаго чалавека, адной палітычнай сілы, якія не даюць альтэрнатыўных меркаваньняў, не даюць слова розным грамадзкім сілам. І ў гэтым сэнсе ягоны тэлеканал, „Беларусь 1“ — гэта антыдзяржаўны СМІ ў самым чыстым яго выглядзе. І я мару пра тое, каб у Беларусі зьявіліся нармальныя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, дзяржаўнае грамадзкае тэлебачаньне.
Пэрспэктыва толькі ў плюралізьме. Мой прыход, нашы прыходы ў „Клюб рэдактараў“ — гэта першыя ластаўкі такога плюралізму. І яго трэба вітаць. Таму што без плюралізму грамадзтва ня можа разьвівацца. Калі мы паглядзім на ўвесь сёньняшні сьвет, 30 самых разьвітых краінаў сьвету — гэта плюралістычныя краіны. Сярод аўтарытарных краінаў у ліку разьвітых краінаў, можа, адну можна знайсьці.
Яшчэ раз паўтару: важна нам гаварыць, бачыць вочы адзін аднаго і даносіць нашы думкі да самых „нязручных“ суразмоўцаў».