Андрэй Дынько: Трэба змагацца за тое, каб усе выданні маглі прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку
Мой выступ на канферэнцыі «Медыя Беларусі: выклікі і шанцы» ў Мінску выклікаў вялікія дыскусіі. Я лічу патрэбным патлумачыць сваю пазіцыю.
Усё больш людзей у нашай краіне разумее, што багатыя і камфортныя для жыцця краіны зрабіліся багатымі і камфортнымі ў тым ліку дзякуючы існаванню ў іх свабодных і канкурэнтных СМІ.
Як дабіцца ў канкрэтных беларускіх умовах, каб СМІ былі прафесійнымі і якаснымі? Ва ўмовах, калі рэкламны рынак невялікі, краіна — сярэдняя па памерах, а расійскія СМІ падціскаюць беларускія?
І, галоўнае, калі аўтарытарны рэжым прывучыў да падзелу СМІ на «дзяржаўныя» і «недзяржаўныя», хоць асобныя з тых «дзяржаўных» лепш было б называць «антыдзяржаўнымі» за іх дрымучасць і бескарыснае марнаванне грамадскіх грошай.
СМІ могуць добра выконваць сваю ролю, калі яны маюць рэсурсы, прычым з розных крыніц.
Мне вельмі падабаецца прыклады Даніі і Славаччыны, дзе буйныя выданні дамовіліся і сінхронна перавялі сайты на платную падпіску для чытачоў. Я не выключаю, што беларускія парталы павінны падысці да такога салідарнага дзеяння — стварэння гэткай самай PayWall. Бо без платнага доступу да сайта мы не маем чым замяніць колішнюю падпіску — суфінансаванне выданняў грамадзянамі.
Такі платны доступ стане магчымы тады, калі дасягне дастатковага развіцця сістэма электронных плацяжоў.
Аднак у краіне як Беларусь, з яе спецыфікай, гэтага замала. Да гэтага павінны дадацца дзяржаўныя датацыі. Такая сістэма існуе ў Швецыі, Нарвегіі і нават на такім вялікім рынку, як Францыя.
Усюды там у мэтах забеспячэння плюралізму дзяржаўныя датацыі выдзяляюцца прыватным выданнямі розных ідэалагічных кірункаў, ад «Юманітэ» да раённых газет у Лапландыі.
Я не бачу нічога кепскага ў самой ідэі дзяржаўнай падтрымкі медыя.
Нагадаю, што ў Беларусі дзяржава выдзяляе на гэта штогод каля 100 млн рублёў (50 млн у пераліку на даляры). Але гэтыя датацыі пачнуць рэальна працаваць на карысць здаровай канкурэнцыі і плюралізму, толькі калі яны стануць даступныя і для недзяржаўных выданняў.
Нам трэба змагацца за тое, каб «Наша Ніва», БелаПАН, «Народная воля», «Інтэкс-прэс» ды ўсе іншыя выданні маглі прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку.
А як дзяліць? У залежнасці ад 1) долі аўдыторыі, 2) з улікам беларускай спецыфікі — таксама і для фінансавай падтрымкі кантэнту на нацыянальнай мове, 3) па іншых справядліва вызначаных крытэрах. У Скандынавіі і Францыі сродкі размяркоўваюць спецыяльныя органы, і адным з крытэраў з’яўляецца забяспячэнне плюралізму на розных узроўнях (напрыклад, каб у кожным рэгіёне былі газеты з рознымі палітычнымі пазіцыямі).
Для таго, каб недзяржаўныя выданні сталі моцнымі, а канкурэнцыя — здаровай, мала таго, каб усіх вярнулі ў сістэмы распаўсюду і запрашалі на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі. Для гэтага неабходна, каб у краіне была выбудаваная галосная роўнапраўная сістэма размеркавання дзяржаўных датацый сярод розных форм медыяў.
Роўнае стаўленне да ўсіх ліквідуе дыскрымінацыю, але адначасова будзе засцярогай ад безадказных паводзінаў саміх СМІ.
Сукупнасць платнага доступу да сайтаў і дзяржаўная падтрымка ўсіх відаў СМІ могуць стварыць сапраўдную канкурэнцыю на рынку.