• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрусь Горват: Сняданак для “бэнээфаўцаў”

    Калі прыязджаў летась, цёця Ніна ў краме любіла яго слухаць. От і цяпер не паспелі мы ўвайсці ў краму, як яна гучна закрычала:

    — Як прыемна вас бачыць!

    Гэтым разам Ілля амаль увесь час маўчаў, але яна ўсё адно хваліла яго.

    — Мне зубную шчотку, — кажа.

    — Ах, як ты хораша гаворыш!

    Я з яго потым увесь дзень кпіў.

    — Ілля, скажы “стол”.

    — Стол.

    — Як ты хораша гаворыш па-беларуску!

    — Ідзі ў сраку, — адказваў Ілля.

    А потым прудкаўская цётка папрасіла мяне кінуць ёй у пограб дымавую шашку, каб прагнаць стуль жучкоў. Цётка дазналася, што я не адзін, то запрасіла нас на сняданак. У мяне ў галаве было адно — уцяпліць куратнік. Я даўно толькі пра куратнік і думаў. Але сняданак ёсць сняданак. Вырашыў, што паснедаем хуценька і пойдам з Іллём працаваць. Але не ўсё так проста аказалася.

    Для такога шаноўнага госця з Польшчы, цётка насмажыла дранікаў. Кажа:

    — Гэта найвялікшая пашана. Мне было б прасцей паставіць картоплю ці парэзаць, а я задурыла сабе галаву і нарабіла дранікаў.

    Я адразу ўспомніў, што на першы наш абед цётка проста насмажыла бульбы, то, значыцца, мяне яна паважае трохі меней за Іллю. Але няхай, думаю. Абы паесці ды пайсці ўцяпляць куратнік. Але калі цётка дастала шматок сала, я зразумеў, што хуценька не атрымаецца.

    — Шо наліць: самагонку ці віно?

    — Вой, не, не трэба. Мы ж не п’ем.

    — Ай, ідзі ты! Чалавек у госці прыйшоў, а я яму не наллю! Не дуры галаву.

    Чалавекам быў Ілля. Мне дык цётка ніколі раней не налівала.

    Але адмовіцца ніяк не можна было. Мы пагадзіліся на самагонку. Віно ж і да вечара сёрбаць можна, а самагонку дзёўбнуў адным махам і — у куратнік. Але адным махам таксама не выйшла. Покуль смажыліся катлеты да дранікаў, цётка паставіла на стол парэзаныя памідоры, цыбулю, сала.

    “Ну, няхай, — думаю. — Вып’ем хуценька, закусім і — да курэй”.

    Але недзе праз гадзіну я заўважыў, што мы яшчэ сядзім.

    — Андрэю наллю трошкі, бо ён піць не ўмее. Вунь ужо вочы касыя.

    Ну так, вочы ў мяне скаселі яшчэ пасля трэцяй. У Іллі былі не лепшыя. Але ж ён прыехаў з Польшчы, лепей за ўсіх умее казаць: “Мне зубную шчотку”, то і піць мусіць умець. Гэта не я так падумаў, а цётка.

    Пасля чацвёртай я зрабіў спробу ўстаць.

    — Куды? Сядзець! Я шчэ дзедавы граматы не паказала.

    Граматы Ілля разглядаў неахвотна, але мусіў быў.

    — Ты пачытай! Што ты ўжо адкінуў? Ты што — пакрыўдзіць мяне хочаш?

    — Не, не, не, я чытаў. Усё пачытаў.

    — Ай, што ты там пачытаў! Нічога ты не пачытаў. У мяне дзед майстар на ўсе рукі быў. Вунь у Андруся ці Андрэя — як цябе называць?

    — Як хочацце, — сказаў я, а пра сябе дадаў: “Толькі адпусціце вы нас, цёценька!”

    — У Андрэя таксама дзед рукасты быў, але няхай не крыўдзіцца, да майго дзеда яму было далёка. Бачыў у пограбе — як цябе там? Ілля? Бачыў, Ілля, як я дошчачку прыбіла?

    — Ну.

    Ілля пэўна і не бачыў, але мусіў быў пацвердзіць, бо адбылася б экскурсія ў пограб. А там дым з шашкі валіць.

    — От. Ты б так прыбіў?

    — Не.

    — А я — баба — прыбіла! То ж адмерыць трэба, адрэзаць. Гэта навука! Гены! Гэта ўсё гены. Куды? Сядзець! — гаркнула цётка мне.

    Але я быў напатпітку, то пачаў сваволіць.

    — Нам ужо трэба, цётка — як вас там? Куратнік. Тое-сёе. Планы.

    — Ай, плюнь і дунь! І ў мяне планы. Няўжо ў мяне планаў няма? Але я нацерла картоплі, каб уважыць госця. Вучыся ў мяне, Андрусь ці Андрэй — як цябе там? От такія мы — як цябе там? Ілля! От такія палешукі. Паедзеш у Польшчу і будзеш ведаць, што палешукі такія.

    Ілля сядзеў п’яны.

    — Я табе шчэ зараз ваенны снарад пакажу. От Андрусю гэтаму твайму не паказала, а табе пакажу.

    Паглядзелі мы і снарад. “От добра, — думаю, — за стол вяртацца не будзем. Тое-сёе, патопчамся ля ганка, падзякуем дзесяць разоў ды пойдам з Богам”.

    — Куды? А чай?

    А мамачкі мае! Ну, няхай. Чай не чай, а калі каву папрасіць з малаком, то вып’ем хутка.

    Але цётка не пайшла на мой хітрык: як убачыла пусты кубак, плюхнула туды яшчэ кіпеню.

    — Сядзі і пі.

    Ілля піў каву павольна.

    А дзе на Палессі чай ці кава, там і пра “ты мяне паважаеш?” трэба пагаварыць.

    — Чаго вы хочаце? Як цябе там? Ілля! От растлумач мне, старой дурной цётцы. Не, ну я не дурная, то я так сказала. Чаго ты хочаш для Беларусі? Не, ну ты красівы хлопец, я ж не кажу. Што, праўда, дзеўкі няма?

    — Ну, няма.

    — А куды яны глядзяць? Такі хлопец! Як акцёр з кіно! Так чаго ты хочаш? Ты ж гэты, як іх там? Бэнээфавец! Ну? Што табе нада?

    Калі вас напаілі, абазвалі бэнээфаўцам, а потым задалі ў лоб такое пытанне, а вы не разгубіліся і складна адказалі, то я вам зайздрошчу. Іллю, акрамя “каб Беларусь квітнела” нічога ў п’яную галаву не прыйшло. Я сарамліва адказаў пра куратнік. Яшчэ меў маленькі спадзеў уцяпліць яго сёння.

    — Ай, ты са сваім куратнікам! Цябе нічога не цікавіць. Я табе кажу: “Давай раскажу, як якія ўрочышчы ў Прудку называліся колісь!” Дых ты ж не хочаш! Я не ведаю, чаго ты хочаш. Ніяк не раскушу цябе. От чаго вы хочацце для Беларусі? Я, не думайце, нармальна да бэнээфаўцаў. Што? Беларускую мову? Дык я не супраць! Ай, які красівы хлопец! Я радзіва ўключаю, там па-беларуску. Я люблю слухаць. Я школу беларускую скончыла. Матэматыку па-беларуску дагэтуль помню. Як там? Назоўнік, прыметнік… — я матэматыку па-беларуску ведаю, вы не думайце.

    — Не, ну мы ж не бэнээфаўцы, — паспрабаваў усунуць слова я.

    — Маўчы ты! Ідзі куратнік рабі. Дай мне з чалавекам пагаманіць. Вы ж нечага хочаце, нешта робіце. А што робіце? Каму робіце? Я вас на сняданак запрасіла, дранікаў насмажыла, пагаварыць з вамі хочу. Дык вам жа не трэба! Вы самі сабе робіце. Самі сабе хочаце, а з людзьмі не размаўляеце. Вы і не ведаеце пра людзей. Не ведаеце, чаго хочуць людзі. Вы не ведаеце, чаго самі хочаце. Ай, усё! Няма пра што з вамі гаварыць! Вы людзей слухаць не ўмееце. Вы людзей не чуеце.

    — Дзякуй, было смачна.

    — Аге. От вы па-беларуску гаворыце. І я хачу, каб беларуская мова была. А болей я пра вас, бэнээфаўцаў, нічога не ведаю. Вы толькі пра свае куратнікі і думаеце, а пра людзей — не. От так, Ілля, пра Палессе і запомні: людзі тут цябе сустрэнуць, накормяць. Людзям тут усё адно, скуль ты прыехаў. Але не думай, што я такая размазня, і ў хату цябе адразу пушчу. Як захочаш снарад мой украсці, уб’ю. Уб’ю, хто ўкрадзе. А паказаць — пакажу. Раскажу і паслухаю. Дык вы ж не гаворыце са мной.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці