АНТ будзе ваяваць з фэйкамі. 6 самых фантастычных навінаў ад самога АНТ
Дзёрзкі прарыў мяжы і 40 кактэйляў Молатава да Дня Волі. Якія дзіўныя навіны расказала нам АНТ, якое будзе змагацца з фэйкамі.
«Антыфэйк» — новая праграма ад АНТ у межах галоўнай выніковай праграмы «Контуры» будзе выходзіць раз на тыдзень. У анонсе новай праграмы на АНТ узгадалі матэрыял расейскай газэты «Коммерсант».
Расейскае выданьне апублікавала інфармацыю пра зьмест праграмы інтэграцыі Беларусі і Расеі, падпісанай прэм’ерамі Румасам і Мядзьведзевым. Паводле «Коммерсанта», размова ідзе пра фактычнае стварэньне канфэдэратыўнай дзяржавы на ўзроўні эканомік з 2022 году. На АНТ гэта назвалі фэйкам. Глядзім, якія дзіўныя навіны выпускала ў эфір само АНТ.
2019. Трампы «ахкаюць і вохкаюць» ад беларускага лёну
20 верасьня падчас візыту на «Карэлічы-Лён» Аляксандар Лукашэнка расказваў пра рэакцыю людзей на тое, калі ім дораць беларускі лён. У эфіры АНТ сюжэт змантавалі так, нібы Лукашэнка казаў:
«Мы ўмеем добрыя тканіны рабіць. Я нядаўна жонцы прэзыдэнта ЗША перадаў вырабы зь лёну. Яны ахкаюць і вохкаюць і пытаюцца, дзе гэта можна купіць».
Але пазьней «Эўрарадыё» высьветліла, што Лукашэнка казаў іншае: «Калі я камусьці дару — аршанцы навучыліся рабіць гэтыя падарункі, — яны ахкаюць і вохкаюць». Фраза пра падарунак жонцы Трампа гучала ў іншым кантэксьце. Выданьне апублікавала відэа, дзе бачна, што «ахкаюць і вохкаюць» ня Трампы.
А яшчэ
2019. 171 мільён даляраў — гэта менш, чым 309 мільёнаў
Сёлета ў сакавіку на АНТ паказалі дзіўную інфаграфіку пра таваразварот паміж Аўстрыяй і Беларусьсю. У інфаграфіцы таваразварот з Аўстрыяй у 2018 годзе (171,4 мільёна даляраў) быў паказаны большым, чым таваразварот у 2014 годзе (309,6 мільёна даляраў). Пазьней АНТ паправіла інфаграфіку і паставіла ў сюжэт ужо новую дыяграму.
2017. 40 кактэйляў Молатава ў кіроўцы Статкевіча
Напярэдадні Дня Волі — 2017 у эфіры тэлеканалу АНТ выйшаў сюжэт пра беспарадкі, якія рыхтаваліся да акцыі. У Менску нібыта затрымалі 5 чалавек, у якіх знайшлі кайданкі, маскі, пнэўматычную зброю, нажы, кактэйлі Молатава. Усё гэта, як паведамляў тэлеканал, плянавалася выкарыстоўваць супраць міліцыі. Таксама ў сюжэце расказвалася пра дваіх расіянаў, якіх затрымалі ў Магілёўскай вобласьці.
«У машыне знайшлі некалькі сыгнальна-шумавых пісталетаў, палку з шыпамі, жазло і камізэльку супрацоўніка ДПС, куртку ратаўніка, тры маскі, экіпіроўку матацыкліста і сьцяг Украіны», — расказвалася ў сюжэце.
Таксама ў сюжэце паказалі нібыта кіроўцу Статкевіча, у якога знайшлі 40 кактэйляў Молатава. На відэа — Сяргей Кунцэвіч, які кажа, што мусіў везьці Статкевіча на акцыю. Сяргея Кунцэвіча адпусьцілі на свабоду праз 2 месяцы пасьля гэтага відэа, у чэрвені. Суду над ім не было. Пра суд над затрыманымі расіянамі і іншымі актывістамі пасьля гэтага сюжэту нічога не вядома па сёньня. А Дзень Волі — 2017 у Менску скончыўся разгонам з удзелам тэхнікі і ўнутраных войскаў, узброеных стрэльбамі з гумовымі кулямі.
2017. Дзёрзкі прарыў мяжы з Украінай на джыпе
У сакавіку 2017 году АНТ расказала пра дзёрзкі прарыў беларускай мяжы на джыпе з боку Ўкраіны ў пункце пропуску Аляксандраўка. Джып спынялі, нібыта, страляючы. Затрымалі дваіх, у іх знайшлі пісталет ТТ і прадмет, «зьнешне падобны да тратылу». У аўтамабілі, па вэрсіі тэлеканалу, маглі быць тры чалавекі, адзін зь якіх «мог уцячы».
Пазьней украінскі бок заявіў, што ніякага джыпу празь іх мяжу не праяжджала. Не чуваць нічога ні пра крымінальную справу па гэтым факце, ні пра лёс затрыманых — нават праз 2,5 года.
2017. У Курапатах актывісты ламалі тэхніку і кідаліся на рабочых
Узімку 2017 году каля ўрочышча Курапаты пачалася будоўля бізнэс-цэнтру, будоўлю вяла прыватная кампанія. Узьнік канфлікт паміж актывістамі і мясцовымі жыхарамі, з аднаго боку, і рабочымі, з другога. Актывісты паставілі намёты каля будоўлі, каб спыніць яе, мясцовыя жыхары ім дапамагалі.
У аналітычнай праграме Вадзім Гігін, які тады працаваў на АНТ, абмеркаваў гэтую тэму з экспэртамі. У праграме прагучала, што актывісты «кідаюцца на рабочых, ламаюць тэхніку». А ў Курапатах «няма ніякай канфліктнай сытуацыі».
Насамрэч канфліктная сытуацыя вакол будоўлі была, на акцыі зьбіралася да сотні чалавек, і мясцовыя жыхары былі супраць такой будоўлі. Актывісты ж ня білі рабочых, наадварот — рабочыя спрабавалі выгнаць актывістаў з будаўнічай пляцоўкі, часам сілай.
2010. «Камандзір пагромшчыкаў» і «малады фюрэр» Рымашэўскі
Пасьля Плошчы-2010, на наступны дзень пасьля шматтысячнай акцыі пратэсту і яе брутальнага разгону, калі большасьць апазыцыйных кандыдатаў апынуліся ў СІЗА КДБ, на АНТ выйшаў сюжэт, прысьвечаны пратэстам у Менску, якія вядоўца назваў «беспарадкамі». У сюжэце ён спыняецца на асобе Віталя Рымашэўскага і кажа, што той «камандаваў пагромшчыкамі каля Дома ўраду».
Але вядома, што Віталь Рымашэўскі ўначы 19 сьнежня спрабаваў адагнаць ад Дома ўраду людзей, якія білі ў ім шыбы. Гэта бачна ў сюжэтах іншых СМІ.
Вядоўца кажа і пра тое, што «беларусы былі шакаваныя дзеяньнямі апазыцыі», якая пайшла ледзь не скідаць уладу. Насамрэч толькі некалькі чалавек са шматтысячнай акцыі спрабавалі біць шыбы ў Доме ўраду, іншыя іх спынялі. А шакаваў людзей брутальны разгон акцыі і колькасьць затрыманых (каля 600).