• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд будзе разбіраць апеляцыйныя скаргі асуджаных да зняволення Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова

    Разгляд апеляцыйнай скаргі асуджаных да зняволення журналістаў з Магілёва Алеся Сабалеўскага і Яўгена Глушкова распачнецца 27 верасня а 9.30 раніцы. Паводле раскладу на сайце Вярхоўнага суда, суддзём прызначаны Максім Філатаў.

    Яўген Глушкоў і Алесь Сабалеўскі

    Яўген Глушкоў і Алесь Сабалеўскі. Калаж: БАЖ

    Журналіст і блогер Алесь (Аляксандр) Сабалеўскі і відэааператар Яўген Глушкоў абскарджваюць рашэнне Магілёўскага абласнога суда. Сёлета 31 ліпеня абодвух прызналі вінаватымі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса:

    - частак 1 і 3 артыкула 361–1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім),

    - часткі 1 артыкула 361–3 КК (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, вайсковых дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка да такога ўдзелу).

    Суддзя Магілёўскага абласнога суда Дзмітрый Крэнжыеўскі прысудзіў Алесю Сабалеўскаму 4 гады зняволення ў калоніі, Яўгену Глушкову — 3 гады. Таксама абодвум прызначаныя вялікія штрафы — кожнаму па 200 базавых велічынь (гэта значыць, па 8 000 рублёў).

    Журналіста і блогера Алеся Сабалеўскага затрымалі 12 снежня 2023 года. На наступны дзень суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызначыў яму адміністрацыйны арышт на 10 сутак. Ужо ў ізалятары часовага ўтрымання адбыўся другі адміністрацыйны суд, журналісту зноў прызначылі арышт, звінаваціўшы ў «распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі» (частка 2 артыкула 19.11 КаАП). Але і па выніку на волю Сабалеўскі не выйшаў: на пачатку студзеня 2024 года яму прад’явілі крымінальнае абвінавачанне і перавялі ў следчы ізалятар пры турме № 4 у Магілёве.

    Відэаператар-фрылансер Яўген Глушкоў быў затрыманы на пачатку студзеня 2024 года. Некаторы час ён знаходзіўся ў ІЧУ, а потым таксама быў пераведзены ў следчы ізалятар пры турме № 4. Міліцыянты знялі з ім так званае «пакаяльнае» відэа, якое размяціў у сваёй стужцы блізкі да магілёўскіх міліцэйскіх структур тэлеграм-канал. У ім Глушкоў гаворыць, што з 2017 года супрацоўнічаў з інтэрнэт-рэсурсам 6tv.by, абвешчаным у Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    Паводле інфармацыі ад тых, хто знаходзіўся ў адной камеры з Сабалеўскім у ІЧУ, яго збівалі падчас допытаў, таксама вымагаючы прызнанняў наконт супрацы з  рэдакцыяй 6tv.by.

    Некалькі папярэдніх гадоў і на момант затрымання ні Алесь Сабалеўскі, ні Яўген Глушкоў журналістыкай не займаліся. Сабалеўскі працаваў дырэктарам прадпрыемства побытавых паслуг, а Глушкоў быў беспрацоўным.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці