• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Асуджаны па “спецвытворчасці” журналіст Дзмітрый Навоша: “Рэпрэсіі — гэта адзінае, што ў лукашыстаў атрымліваецца”

    Медыяменеджар Дзмітрый Навоша пракаментаваў Беларускай асацыяцыі журналістаў “завочны прысуд” у дачыненні да сябе і яшчэ чатырох актывістаў, якіх абвінавацілі ў адміністраванні “Чорнай кнігі Беларусі”. Нягледзячы на адсутнасць фігурантаў на працэсе непасрэдна ў зале ці прынамсі па відэасувязі, Мінскі гарадскі суд завочна пакараў Дзмітрыя 12 гадамі калоніі ўзмоцненнага рэжыму.   

    — Не магу сказаць, што здзіўлены — мы ведаем гэты рэжым надта даўно.

    Асабіста я яшчэ ў 2020‑м выразна разумеў: у выпадку задушэння народнай хвалі, узнятай прайгранымі Лукашэнкам выбарамі, помста дыктатуры будзе жорсткай і доўгай. І гэта будзе помста ўсім беларусам, не толькі тым, хто быў актыўным.

    — Народ расчараваў фюрэра і цяпер асуджаны на беспрасветнасць і рэпрэсіі да самага канца. Фюрэра ці народа. У рэшце рэшт, рэпрэсіі — гэта адзінае, што ў лукашыстаў атрымліваецца”, — так адрэагаваў Дзмітрый Навоша на прысуд у каментары для службы маніторынгу БАЖ .

    — Чым гэта абернецца асабіста для мяне? — перапытвае Дзмітрый Навоша. — Ну, адабралі кватэру. Адбяруць яшчэ грамадзянства. І тое, і другое — справа нажыўная, і абавязкова вернецца пасля абвалу лукашызму. Уся Усходняя Еўропа прайшла праз рэстытуцыю. Сапраўды, давялося закрыць кампаніі ў Беларусі, згарнуць іх дзейнасць унутры краіны. Але гэта мы вымушаныя былі рабіць яшчэ ў 2020–2021‑м, цяпер нармальна працуем у Еўропе. Наогул дзіўна казаць пра наступствы для сябе асабіста (не крытычныя) у момант, калі ў беларусаў забіраюць цэлую краіну, падкладаючы яе пад Расію, і ад нашага імя саўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны”.

    Дзмітрый Навоша кажа, што “фантастычны” ў цяперашніх умовах прэцэдэнт гуманнай “амністыі” ці раптоўнай “літасці” нават не разглядаў. Бо ў такім выпадку ўсе, хто ўжо асуджаны завочна — як Аляксандра Герасіменя, Аляксандр Апейкін ды сутаварышы па справе ЧКБ, або яшчэ чакаюць вердыкту — Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Вольга Кавалькова ды іншыя — былі б не супраць узяць на сябе ўсе тэрміны, якімі рэальна дабіваюць зняволеных у самой Беларусі.    

    — Прысуд у 12 гадоў? Ды няхай будзе хоць 112! — не страчвае вытрымкі  Дзмітрый Навоша.

    Думаю, я ды ўсе іншыя завочна “асуджаныя” не супраць прыняць на сябе тыя віртуальныя тэрміны выдуманых судоў коштам таго, каб свабода для рэальных палітвязняў прыйшла найхутчэй.

    — Бо нашмат страшнейшымі выглядаюць прысуды ў Беларусі. На жаль, ужо пайшоў 29‑ы год лукашызму, і адбыванне пакарання ўсё яшчэ працягваецца, — дадае ён. 

    Першы ў гісторыі беларускай юрыспрудэнцыі палітычны працэс на падставе так званай “спецыяльнай вытворчасці” Следчы камітэт пачаў у канцы верасня 2022 года, а ўжо 10 кастрычніка справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.

    Па крымінальнай справе, якую ў закрытым рэжыме Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць 12 снежня мінулага года, праходзілі пяць чалавек: Дзмітрый Навоша, Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская, Вольга Высоцкая. Ніхто з абвінавачаных ні фізічна, ні віртуальна на працэсе не прысутнічаў, ананімных адвакатаў ім прызначыла дзяржава.     

    Пасля амаль месяца кулуарных пасяджэнняў прадстаўнік пракуратуры запатрабаваў па 12 гадоў зняволення для кожнага з абвінавачаных. 18  студзеня 2023 года суддзя Наталля Бугук просьбу па тэрмінах задаволіла, але з нюансамі ўтрымання:

    узмоцнены рэжым для Дзмітрыя Навошы і Данііла Багдановіча, агульны — Яніне Сазановіч, Валерыі Занямонскай, Вользе Высоцкай.

    А яшчэ дадала кожнаму ў нагрузку па 18500 рублёў штрафу.   

    Пяцёрку “завочнікаў” абвінавачвалі на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 203–1 (незаконныя дзеянні датычна персанальных дадзеных). Ім інкрымінавалася адміністраванне Telegram-канала “Чорная кніга Беларусі”, дзе публікаваліся персанальныя звесткі ініцыятараў і выканальнікаў гвалту супраць апанентаў рэжыму падчас акцый пратэсту-2020.

    У сваю чаргу Камітэт дзяржбяспекі ўнёс фігурантаў у “спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”, а Міністэрства ўнутраных спраў абвінаваціла іх у “экстрэмізме”. 

    Дзмітрыю Навошу 44 гады, ён родам з Дзяржынскага раёна Міншчыны, дыпламаваны журналіст. Яшчэ школьнікам пачаў супрацоўнічаць з некалі папулярным выданнем “Прессбол”, спецыялізаваўся на аглядзе баскетбольных навін. Пасля пераехаў у Маскву, узмацніў аддзел спорту газеты “Известия”. Таксама пісаў для часопісаў Newsweek, GQ, ProSport, “Афиша-Мир”.    

    У сярэдзіне “нулявых” выступіў сузаснавальнікам праекта Sports.ru, які паступова вырас у найбольш папулярны на постсавецкай прасторы спартыўны сайт. Падначаленым беларускага генменеджара быў Юрый Дудзь, на сёння ці не самы пазнавальны расійскі блогер.

    У 2020 годзе, з пачаткам перадвыбарнай кампаніі на радзіме, актыўна  ўключыўся ў беларускую павестку. Выступаў на тэму прэзідэнцкіх выбараў у міжнароднай прэсе, быў сярод заснавальнікаў Фонда салідарнасці для дапамогі страйкоўцам і сілавікам, якія перайшлі на бок пратэстоўцаў.  

    У 2021 годзе, калі ўлады Расіі пачалі затрымліваць і выдаваць Беларусі апанентаў рэжыму, Дзмітрый Навоша прадаў правы на Sports.ru і з’ехаў за мяжу. Засяродзіўся на прасоўванні кантэнту спартыўнага выдавецтва “Трыбуна”, якое першапачаткова ўваходзіла ў медыяхолдынг з расейскім парталам, а цяпер  працуе як самастойны праект і мае беларускую і ўкраінскую версіі.

    Тым часам высветлілася, што беларускія ўлады з уласцівай ім “злапамятнасцю” не забыліся пра актыўнасць земляка і падвялі яго пад крымінальную справу.  

    Чытайце яшчэ:

    «За 15 год не атрымаў ніводнага ўказаньня ад польскага МЗС». Вялікая размова з намесьнікам дырэктара «Белсату» Аляксеем Дзікавіцкім

    КДБ атрымае неабмежаваны доступ да тэлефоннай базы абанентаў і ўсяго інтэрнэт-трафіка

    Мінінфарм запускае працэс “узбуйнення рэгіянальных рэдакцый”. Што стаіць за эўфемізмам?

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці