Асуджаным журналісткам Андрэевай і Чульцовай пералічылі тэрмін зьняволеньня
Пра гэта Свабодзе паведаміў муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш. Палітзьняволеным Кацярыне Андрэевай і Дар'і Чульцовай пералічылі тэрмін зьняволеньня з улікам зьменаў у заканадаўства.
«Кацярыне памянялі бірку на казённай сукенцы, і цяпер там значыцца новая дата вызваленьня — 5 верасьня», — паведаміў Ігар Ільяш пасьля тэлефананьня ад жонкі з калёніі:
«Кацярына расказала, што адчувае сябе добра, голас быў бадзёры. Раней яна пісала ў лістах, што ад 1 верасьня яе ў каледж (ПТВ) залічылі, вучыцца на цырульніка. Кажа, што выкладчыкі прыемныя, добрая агульная атмасфэра – вельмі дапамагае абстрагавацца ад сумнай рэчаіснасьці. То бок навучальны працэс ёй прыносіць пазытыўная эмоцыі».
Ільяш удакладніў, што такое ж рашэньне было ўхваленае судом і адносна Дар’і Чульцовай.
Пасьля ўнясеньня паправак у заканадаўства суд пастанавіў пералічыць тэрміны пакараньня з разьліку 1 дзень знаходжаньня ў СІЗА (да ўступленьня прысуду ў сілу) = 1,5 дня знаходжаньня ў калёніі. Раней, паводле прысуду, журналісткі тэлеканалу «Белсат» мусілі выйсьці на волю 20 лістапада 2022 году. Цяпер атрымліваецца, што палову свайго двухгадовага тэрміну Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова ўжо адбылі, сядзець ім засталося менш за год.
Журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля жывога эфіру зь месца разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» (двор на вуліцы Чарвякова ў Менску).
У лютым 2021 году журналісткам прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі: суд палічыў іх вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Праваабаронцы прызналі Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову палітзьняволенымі. Яны адбываюць пакараньне ў папраўчай калёніі № 4 у Гомлі.