Баранавічы: Назіральнік паскардзіўся на дзяржаўную газету
Назіральнік БХК Сяргей Гоўша паскардзіўся ў Брэсцкую абласную выбарчую камісію па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на дзяржаўную раённую газету “Наш край” і яе галоўнага рэдактара Таццяну Карпік.
Абурэнне назіральніка выклікала тое, што у №52 і №56 выдання газета распавядае пра аднаго кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – Вольгу Палітыка, цяперашняга дэпутата ад Баранавічаў.
“Лічу гэта сістэмным парушэннем заканадаўства рэдакцыяй газеты “Наш край”, заснавальнікам якой з’яўляюцца Баранавіцкія гарадскі і раённы выканкамы і Саветы дэпутатаў. Гэтае выданне, наклад якога складае па серадах звыш 15 тысяч асобнікаў, займаецца прасоўваннем праўладных прэтэндэнтаў у кандыдаты. Галоўны рэдактар газеты – Таццяна Карпік – сама з’яўляецца сябрам акруговай камісіі Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акругі № 6. Журналісты выдання працуюць нэпасрэдна па яе рэдакцыйных заданнях”, – піша ў скарзе Сяргей Гоўша.
Ён лічыць, што гэтыя матэрыялы парушаюць прынцып роўнасці на этапе збору подпісаў і з’яўляюцца датэрміновай перадвыбарчай агітацыяй.
“Такім чынам, пералічаныя ў № 52 і 56 газеты матэрыялы, якія рэкламуюць асобаў, што вылучаюцца ад улады, можна лічыць выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу і парушэннем часткі 16 артыкула 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Сродкі масавай інфармацыі асвятляюць падрыхтоўку і правядзенне выбараў у адпаведнасці з заканадаўствам РБ”), – адзначае назіральнік.
Сяргей Гоўша звярнуйся ў Брэсцкую абласную выбарчую камісію з заклікам адрэагаваць на паводзіны газеты “Наш край” і яе галоўнага рэдактара Таццяны Карпік, якія выкарыстоўваюць адміністрацыйны рэсурс і незаконна агітуюць за канкрэтных асобаў.