• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Баявых прыёмаў міліцыя не прымяняла” – пракурор адказаў блогеру на парушанае права атрымаць інфармацыю

    Блогер Андрэй Павук з райцэнтра Акцябрскі аспрэчыў раённаму пракурору дзеянні мясцовых супрацоўнікаў міліцыі, якія гвалтам вывелі яго 25 верасня з залы пасяджэнняў сесіі райсавета. Беспрацоўны Андрэй Павук наважваўся прысутнічаць на сесіі, каб атрымаць інфармацыю, што называецца, з першых вуснаў пра выкананне ў раёне праграмы занятасці насельніцтва.

    У пісьмовым адказе пракурор Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці Андрэй Лявончык паведаміў блогеру, што няма падставаў прымаць меры пракурорскага рэагавання, бо міліцыя адрэагавала на выклік з залы пасяджэнняў сесіі райсавета. І паколькі сам Павук адмовіўся пакінуць дэпутацкае крэсла, маёр Гапоненка “ўзяў пад руку і выправадзіў з залы пасяджэнняў”.

    “Якіх-небудзь баявых прыёмаў і спецыяльных сродкаў міліцыя ў дачыненні вас не прымяняла. Такім чынам, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі былі накіраваныя на ахову грамадскага парадку, а не на парушэннне вашых правоў на атрыманне інфармацыі”, – зазначыў пракурор Лявончык.

    Адказ мясцовага пракурора Андрэй Павук мае абскардзіць у Гомельскай абласной пракуратуры. Лічыць, што раённы пракурор звярнуў увагу толькі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

    “Было парушана таксама і маё права на атрыманне інфармацыі. Гэтаму раённы пракурор увагі не надаў”, – кажа  блогер Павук.

    Як паведамлялася, яшчэ ў чэрвені Андрэй Павук звярнуўся да кіраўніцтва Акцябрскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў з просьбай дазволіць яму  прысутнічаць на адкрытых нарадах у райвыканкаме і на сесіях раённага Савета дэпутатаў. Чыноўнікі адказалі, што такога права Павук не мае.  Пры спробе блогера  самастойна прысутнічаць на  нарадах – выдалялі  з дапамогай міліцыі з будынка райвыканкама.

    Скаргі ў вышэйшыя інстанцыі — Гомельскія аблвыканкам і аблсавет — станоўчых вынікаў не мелі, хоць Павук і спасылаўся на артыкул 23 Канстытуцыі і артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь.

    Андрэй Павук звярнуўся з пазовам у суд на дзеянні супрацоўнікаў райвыканкама і райсавета, лічачы, што чыноўнікі парушаюць  ягонае канстытуцыйнае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, гарантаваных як міжнароднымі дамовамі, так і нацыянальным заканадаўствам.

    Пазоў блогера з Акцябрскага райсуда перадалі ў Мазырскі раённы суд, а той яго адхіліў. Цяпер касацыйная скарга Андрэя Павука на разглядзе ў Гомельскім абласным судзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці