БАЖ далучылася да акцыі памяці журналістаў, якія загінулі на вайне ва Украіне
24 лютага ў Бруселі прадстаўнікі розных міжнародных журналісцкіх арганізацый фатаграфаваліся з плакатамі, на якіх былі пазначаны імёны забітых на вайне ва Украіне журналістаў.
У акцыі прыняў удзел намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. Ён выступіў з плакатам у памяць украінскага тэлеаператара Яўгена Сакуна.
49-гадовы Яўген Сакун працаваў на ўкраінскім тэлеканале LIVE. 1 сакавіка 2022 года ён асвятляў уварванне РФ ва Украіну і загінуў пад абстрэлам расійскіх войскаў каля кіеўскай тэлевежы. Цела журналіста апазналі па прэс-карце.
«Вайна ва Украіне — гэта страшнае злачынства з боку Расіі. Беларускі народ і беларускія журналісты цалкам салідарныя з украінцамі і захапляюцца мужнасцю і прафесійнасцю украінскіх калег. Кожны чалавек, які пацярпеў і загінуў на гэтай вайне, важны для нас. Мы не можам забыць гэтую трагедыю! Кожны дзень стаім побач з украінскім народам і украінскімі калегамі», — адзначыў Барыс Гарэцкі.
Чытайце яшчэ:
«Захоўваць беларускае пытанне на сусветным парадку дня і працягваць праграмы для падтрымкі працы незалежных медыя і абароны калег»
БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі: прайдзіце яго і дапамажыце нам стаць лепш!
Журналіста Алеся Любянчука ў калоніі пазбавілі пасылак, перадач і спатканняў