БАЖ зноў вылучыў Нацыянальны саюз журналістаў Украіны на прэмію ЮНЭСКА/Гільерма Кано
Сусветная прэмія ЮНЕСКА/Гільерма Кано прысуджаецца за ўклад у справу свабоды прэсы. На яе намінуюць людзей ці арганізацыі, калі такая іх дзейнасць асабліва звязана з рызыкай або рэпрэсіямі.
У 2022 годзе лаўрэатам сусветнай прэміі ЮНЭСКА / Гільерма Кано за ўнёсак у свабоду прэсы была названая Беларуская асацыяцыя журналістаў. На атрыманне гэтай прэміі БАЖ вылучылі 46 дзяржаваў свету, а таксама многія журналісцкія арганізацыі свету.
Другі год запар БАЖ намінуе на атрыманне дадзенай прэміі Нацыянальны саюз журналістаў Украіны.
НСЖУ ў 2021–2022 гадах актыўна дапамагаў журналістам беларускіх незалежных медыя, якія вымушана выехалі з Беларусі з‑за рэпрэсій.
Апошнія два гады Нацыянальны саюз журналістаў Украіны актыўна дапамагае калегам, што трапілі ў вір вайны. Штодзённа, рызыкуючы ўласным жыццём, украінскія калегі робяць усё, каб данесці грамадству і ўсяму свету сапраўдную карціну вайны.
НСЖУ стварыў 6 Цэнтраў журналісцкай салідарнасці, якія цяпер ахопліваюць усе 24 рэгіёны Украіны. Ён распрацаваў комплексную праграму падтрымкі журналістаў Херсоншчыны, якія працягваюць сваю прафесійную дзейнасць, нягледзячы на штотыднёвыя абстрэлы і пытанні энэрганезалежнасці.
Акрамя гэтага, НСЖУ працягвае дапамагаць унутрана перамешчаным журналістам наладжваць журналісцкую дзейнасць на новых месцах, аказвае фінансавую, адукацыйную, прававую і псіхалагічную дапамогу шматлікім калегам.
— Мы захапляемся працай нашых украінскіх калег, якія самааддана працуюць, каб захаваць нацыянальны медыясектар і якасную журналістыку тады, калі ў іх дом улез бязлітасны забойца. Мы з Украінай. З усімі ўкраінскімі журналістамі і журналісткамі. І канешне, з нашымі калегамі з НСЖУ, — гаворыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
Акрамя гэтага, 24 лютага, у другую гадавіну паўнамаштабнага ўварвання, Беларуская асацыяцыя журналістаў сумесна з Саюзам журналістаў Літвы на вакзале ў Вільні адкрыюць выставу, прысвечаную ўкраінскім журналістам на вайне.
Выстава «Украіна: журналісты ў зоне баявых дзеянняў» раскажа пра працу рэпарцёраў падчас паўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну, а таксама стане данінай павагі і памяці калегам, якія аддалі сваё жыццё, асвятляючы ўзброены напад на Украіну.