БАЖ звярнуўся да спецыяльнай працэдуры ААН па справе праваабаронцы Леаніда Судаленкі
Прававы цэнтр Беларускай асацыяцыі журналістаў накіраваў звароты да спецдакладчыкаў ААН з нагоды завочнага прысуду да зняволення гомельскаму юрысту і праваабаронцу Леаніду Судаленку.
Леаніда Судаленку абвінавацілі паводле частак 1 і 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса («Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Як ён сам перакананы, за шматлікія інтэрв’ю незалежным СМІ, абвешчаным у Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
Справу ў парадку спецвытворчасці разглядаў Гомельскі абласны суд, які пакараў былога палітвязня пяццю гадамі пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штрафам у 26 000 беларускіх рублёў (каля 7 700 еўра).
Паводле праваабаронцы, чарговы тэрмін зняволення яму прысудзілі за тое, што ён распавядаў у медыях пра ўмовы ўтрымання вязняў, у тым ліку палітычных, у беларускіх папраўчых калоніях.
Нагадаем, 3 лістапада 2021 года Леанід Судаленка быў асуджаны да трох гадоў зняволення па абвінавачанні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Прысуд ён адбываў у віцебскай папраўчай калоніі № 3 («Віцьба») і, выйшаўшы на волю, распавядаў журналістам пра нялюдскія ўмовы ўтрымання ў пенітэнцыярных установах.
«Я не стаў маўчаць пра тое, што адбывалася за кратамі са мной і што вымушаныя цярпець іншыя зняволеныя — даў дзясяткі інтэрв’ю розным сродкам масавай інфармацыі, у тым ліку і тым, якія ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». На той час я ўжо з’ехаў з краіны, і вось, праз 90 дзён пасля майго ад’езду, я даведаўся пра новую крымінальную справу.
Але мяне не праінфармавалі ні пра падставы, на якіх яна была заведзеная, ні пра тое, у чым канкрэтна мяне звінавацілі. Усе электронныя запыты, якія я рабіў на адрас і Вярхоўнага, і абласнога судоў, Мінюста, адваката, засталіся без увагі.
Мяркую, што прысуд быў вынесены ў межах цалкам незаконнай працэдуры — так званай спецвытворчасці, калі чалавек не можа прыехаць на ўласны судовы працэс пад пагрозай затрымання і зняволення. На маю думку, трэба выкарыстаць усе магчымыя прававыя механізмы, каб прыцягнуць увагу да падобных прэцэдэнтаў», — кажа Леанід Судаленка.
Леанід Судаленка: «Я перастану паважаць сваю прафесію юрыста, калі здамся»
Праваабаронцу не паведамілі, у чым канкрэтна яго вінавацяць і якія супрацьзаконныя дзеянні ён зрабіў. Але вядомы нумар артыкула і практыка прымянення яго беларускімі судамі. Якраз гэты артыкул выкарыстоўваюць для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўзаемадзеянне з медыямі, адвольна прызнанымі ўладамі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», падкрэслівае юрыстка прававога цэнтра БАЖ:
«Мы запоўнілі адмысловую форму на сайце спецыяльных працэдур ААН, наш зварот накіраваны спецдакладчыкам — асобным экспертам, якія займаюцца дзейнасцю па канкрэтнай тэматыцы альбо па канкрэтнай краіне. Гэта спецдакладчык, які спецыялізуецца па пытаннях свабоды выказвання меркаванняў, спецдакладчык па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў, спецдакладчык па дзейнасці праваабаронцаў і спецдакладчык па Беларусі — ён вывучае і аналізуе парушэнні правоў чалавека менавіта ў гэтай краіне. Мы паведамілі пра парушэнне двух правоў Леаніда Судаленкі ў нашым звароце — права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права на свабоду выказвання меркавання».
Але варта быць чэснымі і разумець наступствы гэтага звароту, удакладняе юрыстка. Бо зварот да спецдакладчыкаў не гарантуе таго, што нехта з іх возьмецца з ім працаваць. Такой гарантыі няма. Калі ж спецдакладчык возьме зварот у працу, то ён звернецца да беларускай дзяржавы і папросіць адрэагаваць. Не выключана, што ён не атрымае ніякага адказу. У спецдакладчыка няма механізмаў, каб змусіць дзяржаву выконваць свае абавязкі ў сферы правоў чалавека.
Таму зварот БАЖ да спецыяльнай працэдуры ААН перадусім зроблены з мэтай выкарыстаць усе наяўныя магчымасці для абароны правоў Леаніда Судаленкі. А таксама каб задакументаваць гэтыя парушэнні і звярнуць увагу міжнароднай грамадскасці на тое, што такія парушэнні адбываюцца.
Як юрыст цалкам разумее гэтую сітуацыю і Леанід Судаленка. Ён не мае спадзеву на тое, што зварот да спецдакладчыкаў паспрыяе адмене прысуду, але перакананы, што факты пакарання за ўзаемадзеянні з прэсай не мусяць замоўчвацца. Праваабаронца разлічвае, што дакументаванне ягонага кейса ў зваротах да спецдакладчыкаў ААН стане нагодай і для таго, каб беларускія ўлады таксама разумелі: праваабарончая супольнасць бачыць гэтую сітуацыю і назірае за яе развіццём.