• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бажаўцы Магілёўшчыны на сходзе абмеркавалі планы дзейнасці ў наступным годзе

    У Магілёве 29 лістапада адбыўся сход сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Магілёўскай вобласці. У мерапрыемстве, якое прайшло ў памяшканні мясцовага Грамадскага цэнтра “Кола”, прынялі ўдзел 26 чалавек з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны: Магілёва, Горак, Крычава, Клімавіч, Бялыніч, Хоцімска і Шклова.

    Напачатку сходу старшыня магілёўскай суполкі Барыс Вырвіч нагадаў сябрам арганізацыі пра мерапрыемствы, якія прайшлі ў Магілёве пры падтрымцы ГА “БАЖ” у 2017 годзе. Ён адзначыў, што, нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, большасць з запланаванага на гэты год удалося ажыццявіць: былі праведзеныя разнастайныя цікавыя сустрэчы, навучальныя трэнінгі і прэс-клубы.

    Па словах Барыса Вырвіча, бажаўцы Магілёўшчыны таксама прымалі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, арганізаваных цэнтральным офісам арганізацыі.

    Спадар Вырвіч заклікаў удзельнікаў сходу выказваць свае прапановы наконт планаў сумеснай дзейнасці сябраў ГА “БАЖ” Магілёўшчыны на 2018 год. Свае меркаванні на гэты конт выказалі Дзяніс Васількоў, Зміцер Салаўёў, Аляксандр Буракоў і іншыя чальцы арганізацыі. Быў складзены папярэдні спіс мерапрыемстваў, якія магілёўцы хацелі б арганізаваць у наступным годзе.

    Намеснік старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец распавяла ўдзельнікам сходу пра праграмы і мерапрыемствы, запланаваныя БАЖам на наступны год, і заклікала магілёўцаў актыўна ў іх удзельнічаць. А. Суравец нагадала прысутным, што ў красавіку 2018 года пройдзе чарговы з’езд ГА “БАЖ”, напярэдадні якога ў філіях і суполках арганізацыі адбудуцца справаздачна-выбарчыя сходы. З’езд пераабярэ кіруючыя органы журналісцкай арганізацыі, прыме шэраг важных рашэнняў па пытаннях яе дзейнасці.

    А. Суравец давялося адказваць на шэраг пытанняў і заўваг бажаўцаў Магілёўшчыны. У прыватнасці, сябра ГА “БАЖ”, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаў сваю катэгарычную нязгоду з тым, што зараз на старонках часопіса арганізацыі “Абажур” стала вельмі мала беларускай мовы.

    Старшыню Магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісменнікаў Мікалая Яцкова цікавіла, якія захады кіраўніцтва ГА “БАЖ” робіць дзеля таго, каб асацыяцыя была ўключаная ў спіс творчых арганізацый. Клімавіцкага журналіста Сяргея Аржанцава хвалявала пытанне, ці шмат моладзі ўступае зараз у шэрагі ГА “БАЖ”. Свае прапановы наконт пашырэння арганізацыі таксама выказаў галоўны рэдактар “Магілёўскага рэгіёна” Зміцер Салаўёў.

    Напрыканцы сходу яго ўдзельнікі дамовіліся, што сустрэнуцца сёлета яшчэ раз у снежні. На сустрэчы будуць зацверджаныя планы дзейнасці суполкі на 2018 год і арганізаваныя дэбаты на тэму “Палітыкі vs Журналісты: як узаемадзейнічаць?”

    Але дэбаты адбыліся адразу пасля сканчэння сходу. Паводле прапановы журналіста Аляксандра Буракова прысутныя падыскутавалі на яшчэ адну актуальную тэму: “Праваабаронцы vs. Журналісты: як узаемадзейнічаць?”

    У якасці апанентаў падчас дэбатаў выступалі магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель і мясцовы журналіст Дзяніс Васількоў.

    Апанеты выказалі свае меркаванні наконт узаемадзеяння і ўзаемаадносін паміж журналістамі і праваабаронцамі. Актыўны ўдзел у дыскусіі прынялі Пётр Мігурскі, Рыгор Кастусёў, Юрый Плоткін, Валерый Каранкевіч, Аляксандр Буракоў, Віталь Васількоў, Алесь Сабалеўскі і іншыя.

    У выніку дыскусіі яе ўдзельнікі прыйшлі да агульнай высновы, што цеснае супрацоўніцтва паміж незалежнымі журналістамі і праваабаронцамі неабходнае і карыснае для абодвух бакоў.

    Была адзначана станоўчая роля магілёўскага праваабарончага сайта http://mspring.online, які надае шмат увагі пытанням правоў чалавека і рэгулярна распавядае пра пераслед журналістаў, пра факты парушэння права на свабоднае выказванне меркаванняў у рэгіёне.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці