Беларус, які выдаваў сябе за ўкраінца на расійскім ТБ: Я не атрымаў ні капейкі. Мне бясконца сорамна — гэта ганьба
Блогер Ілля Варламаў выявіў чарговы фэйк расійскай прапаганды, які меў дачыненне і да Беларусі. Да пятай гадавіны Майдана на расійскім Першым канале выйшаў сюжэт аб жыцці Украіны.
Віталь Юрчанка сам звязаўся з рэдакцыяй «Нашай Нівы», каб апавесці сваю гісторыю. Хлопец бясконца паўтараў, што яму сорамна за гэтую сітуацыю.
У роліку з’яўляецца нібыта ўкраінец Кірыл Чубенка, які лашчыць ката, і расказвае пра тыя жахі, якія яму даводзіцца цярпець пасля Майдана: «Нічога мне асабіста не даў Еўрамайдан. Вось, паглядзіце, дзе мы аказаліся. Трэба было глядзець у будучыню, а мы ў будучыні засталіся без цяпла, з дарагой энергіяй, і незразумела, калі ўсё гэта скончыцца. Як перажыць зіму, як дзяцей адпраўляць у школу?!» — абураўся «Кірыл Чубенка».
«Я працаваў аналітыкам у беларускай кампаніі, якая з’яўляецца пасярэднікам між тэлеканаламі і аператарамі па ўсім свеце. Напрыклад, дзесьці здараецца землятрус — і тэлеканалам трэба адтуль ролік, мы шукаем аператара.
Прыйшла замова ад Першага канала Расіі зняць сям’ю ці чалавека ў Крывым Розе ва Украіне, які пакутуе ад адсутнасці газу і дарагога ацяплення. Такога чалавека знайшлі, знялі матэрыял, даслалі нам. Сам я паводле сваёй працы ніяк не ўзаемадзейнічаю з аператарамі, таму я зусім не быў у курсе, што яны здымаюць.
Потым высветлілася, што ў матэрыяле з Крывога Рога быў кепскі гук. Яго было нельга адпраўляць заказчыку. Прынялі абсалютна няслушнае рашэнне перазняць сюжэт з такім самым тэкстам, што зрабілі ў Крывым Розе. Я не ведаю, ці падпісалі імя таго ж чалавека.
Я ў кампаніі адпрацаваў чатыры месяцы, там працуюць прафесіяналы. Такі выпадак — адзіны. Было прынята такое няслушнае рашэнне, вы бачыце, якія наступствы яно мела.
Мне прапанавалі зняцца ў якасці героя, бо я нядаўна працаваў, маўляў, новы работнік. Я сумняваўся, але паехаў здымацца. Я пабаяўся адмовіцца, хаця ўвесь час сумняваўся. Змаладушнічаў ці што. Калі ўжо знялі матэрыял, то я нейкі час пахадзіў, пасля папрасіў нічога, не адпраўляць у Маскву. А мне сказалі на гэта, што матэрыял ужо даслалі.
Замоўца з Першага канала не быў у курсе, што так адбылося. Нельга было ўжо сказаць «выбачайце, мы вам не тое адправілі». Ролік з’явіўся на Першым канале два з паловай тыдні таму. Мне ўжо тады стала і сорамна, і я спалохаўся. У дзень эфіру трое маіх знаёмых напісала мне, што пабачылі сюжэт. Я неяк змог ім усё растлумачыць, хаця і пачуў шмат непрыемных словаў пра сябе.
Я не меў ніякага маральнага права ў гэтым удзельнічаць. Гэта супярэчыць усім маім поглядам. Мне сорамна да самай высокай ступені.
Грошай за гэты ролік я не атрымліваў. Проста ўнутры кампаніі папрасілі дапамагчы, а пра наступствы ў той момант я не падумаў. Я не магу знайсці сабе месца. Хачу папрасіць прабачэнне ва ўсіх, хто гэта бачыў і не бачыў, калі за такое ўвогуле можна выбачыцца.
Пасля выхаду матэрыяла Варламава мне сталі пісаць у сацыяльных сетках з пагрозамі. Яны мне пішуць жахлівыя словы, а я разумею, што іх заслужыў. Не магу зразумець, як я на такое пагадзіўся.
У канфлікце Украіны і Расіі я не займаю нічыёй пазіцыі. Гэта інфармацыйная вайна і мне сорамна, што я стаў яе часткай.
Я вучыўся на юрфаку БДУ, скончыў магістратуру па бізнэс-адміністраванні. На практыку трапіў у тую самую кампанію, дзе і застаўся працаваць. Але цяпер я сышоў.
Можа, і добра, што так атрымалася. Калі ў мяне ў мяне ёсць хоць мінімальны шанец патлумачыцца, ці выбачыцца, то я хачу ім скарыстацца. Мне бясконца сорамна, гэта ганьба», — расказаў Віталь Юрчанка.