17 снежня я атрымаў SMS пра тое, што рашэнне па маёй справе пра міжнародную абарону прынятае — «чакайце дэцызіі [афіцыйнага рашэння] па пошце». І 31 снежня, пад самы Новы Год, я забраў на пошце канверт — надзіва тоненькі. Гэта тлумачыцца тым, што для атрымання статусу бежанца не патрабуецца доўгіх тлумачэнняў і спадарожных дакументаў. То-бок мне даюць статус бежанца. Спадзяюся, на гэтым мае прыгоды з дакументамі скончацца.
Адзінае, што пакуль застаецца незразумелым для Андрэя, — гэта гісторыя з рашэннем пра тое, што журналіст абавязаны добраахвотна вярнуцца ў Беларусь (дзе яго чакаў бы «воўчы білет» і суд па крымінальнай справе).
— Днямі кур’ер прынёс мне ліст, дзе напісана, што галоўны камендант памежнай службы перанёс разгляд маёй справы на 16 студзеня ў сувязі з неабходнасцю перакласці на польскую мову прыкладзеныя мною доказы — пратаколы затрыманняў і іншае, якія я дасылаў ім разам з апеляцыяй.
Так што, з аднаго боку, пакуль ёсць рашэнне пра наданне мне статусу бежанца, з іншага — не завершаны адміністрацыйны працэс памежнікаў. Буду спадзявацца, што рашэнне па статусе паўплывае на гэтую справу станоўча.
Пакуль я, як і раней, жыву ў Лодзі, займаюся дакументамі і чакаю выкліку на адбіткі пальцаў у Варшаве, каб потым атрымаць жэнеўскі пашпарт.
У мяне на руках толькі папера, у якой напісана пра статус бежанца і ўсялякія рэкамендацыі па далейшай легалізацыі.
Польшча прыняла нядрэнна
Пасля гісторыі з дэпартацыяй, зніклым пашпартам і пагрозай вяртання ў Беларусь Андрэй працягвае з асцярогай глядзець на людзей у форме, хоць разумее, што паліцыянты нічога кепскага яму не зрабілі.
Адказваючы на пытанне, як жывецца ў Польшчы, Андрэй кажа, што краіна прыняла яго нядрэнна.
— Народ добразычлівы, ніякага негатыву з боку палякаў я не адчуваю, — усміхаецца суразмоўца. — Што да камунікацыі, то выразаў «dzień dobry» [добры дзень] i «przepraszam» [прабачце] пакуль хапае для зносін у крамах.
У Лодзі я арандую пакой у двухпакаёўцы. Вядома, па нашых беларускіх мерках кошт арэнды сталічны, але выбіраць асабліва няма з чаго. У цэлым, я задаволены тым, што на волі, тым, што стан здароўя ў норме. А далей будзем жыць, усе дарогі для нас адкрытыя, я так думаю.
Пакуль будзе аптымізм, пазітыўнае стаўленне да рэчаіснасці, усё будзе калі не добра, то нармальна.
У новым годзе Андрэй збіраецца скончыць гісторыю з бюракратычнай беганінай і больш працаваць.
— Вельмі спадзяюся, што ў мяне атрымаецца ўз’яднацца з сям’ёй. Я буду прыкладаць для гэтага максімум намаганняў, бо аднаму… аднаму цяжка.