• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Не толькі «Новая Зямля». Беларуская літаратура, напісаная ў зняволенні

    Турма зрабіла вялікі адбітак на нашай літаратуры. Што казаць, самы знакаміты твор беларускай літаратуры — «Новая Зямля» Якуба Коласа — ствараўся за кратамі, а ў ХХІ стагоддзі існуе цэлая літаратурная прэмія за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні.

    Сапраўды, эпічная «Новая Зямля», якая ўвайшла у каноны класікі беларускай літаратуры пачыналася Якубам Коласам у камеры Пішчалаўскага замку, больш вядомага сёння як СІЗА на Валадарскага… Сёлета, дарэчы, паэма адзначала 100-годдзе з дня выхаду, аб чым «Новы Час» пісаў. І сапраўды, у беларускім літаратурным жыцці ёсць прэмія імя Францішка Аляхновіча. Гэта прэмія ўручаецца за найлепшы твор на беларускай і рускай мовах любога жанру, напісаны ў зняволенні.

    Гэта шмат пра што сведчыць. Найперш аб тым, што за краты трапляюць людзі, здольныя пісаць, здольныя выліваць на паперу думкі нават у самых неспрыяльных для гэтага ўмовах: у зняволенні. У ролі пісьменніка за кратамі творца адчувае свабоду, бо не абмежаваны мурамі, калючым дротам, турэмным рэжымам… Да гэтага сродку «вырвацца з клеткі» ў нас прыбягалі не толькі ў ХХІ стагоддзі, калі турэмная літаратура займела прэмію і аформілася ў жанр. Не, у зняволенні пісалі ва ўсе часы. А вось што пісалі — расказвае «Новы Час».

    Дзяніс Івашын стаў пераможцам прэміі імя Аляхновіча

    «Прамяністыя» на высылцы

    Першым гучным палітычным працэсам на землях Вялікага Княства Літоўскага, пасля яго захопу Расійскай імперыяй, стаў так званы «працэс філаматаў». Лепшыя выкладчыкі і студэнты Віленскага ўніверсітэта трапілі пад следства і былі пакараныя высылкай. Адны атрымалі жорсткі прысуд: зняволенне ў крэпасці і высылка ў Сібір, другія — выгнанне з радзімы з правам ўладкавацца пры іншых універсітэтах. Але ці ж надламаў філамацкі дух несправядлівы вырак імперыі? Некалькі красамоўных прыкладаў.

    Самы сталы сябар таварыства філаматаў Юзэф Яжоўскі быў у распараджэнні Маскоўскага ўніверсітэта. Не сібірская катарга, але ж і не родная Вільня… У маскоўскай высылцы Яжоўскі не спыняў актыўных заняткаў навукай. Гэта была яго стыхія! І справа спорылася. Хоць ён і быў у статусе зняволенага і быў пад пажыццёвым падазрэннем, ён здолеў напісаць і выдаць у Маскве кнігі «Шэсць песняў „Адысеі“ Гамера» з каментарыямі і навуковую працу «Аб развіцці філалагічных даследаванняў пісьмаў Платона», а таксама творы Авідзія. Кнігі сталі навуковымі бестселерамі свайго часу. 

    Юзэф Яжоўскі (аўтакарыкатура)

    Іншы прыклад — Ян Чачот. Ён быў адным з тых, хто атрымаў суровы вырак: высылку ў Сібір. Але гэта не паўплывала на яго творчы імпэт. Замест лішніх слоў, лепш даць слова самаму Чачоту. Пра свае ўмовы жыцця ён пісаў у лісце да сябра:

    «Наш дом — маленькая хатка: зробленая яшчэ пры жыцці пустэльніка магіла. Усю зіму аж да 15 мая я пражыў у халаднейшай, чым Сібір, абвахце, заўсёды з салдатам перад вачамі і з рознымі каравульнымі, якія забруджвалі мой пакой сваім тытунём і размовамі. У гэтай дзіравай і недагледжанай хованцы часам быў такі жахлівы холад, што я змушаны быў сядзець тут адзеты, як у павозцы — у кажуху, паліто, цёплых ботах, рукавіцах і шапцы. Я так замярзаў колькі разоў, што не ведаю, як яшчэ не захварэў».

    І вось у такіх варунках ён яшчэ і перакладаў творы замежных мысляроў: Ірвінга, Гердэра, Стэварта, Стааль-Гальштэйна. Аб гэтым таксама ёсць у яго лістах.  

    Ян Чачот

    Усё вельмі красамоўна, бо трэба разумець: філаматы — лепшыя людзі свайго часу, а лепшыя будуць плённа ствараць і даваць плён у любых умовах. На тое яны і лепшыя.  

    Турэмная лірыка Каліноўскага

    «Лісты з‑пад шыбеніцы» — не менш вядомы прыклад турэмнай літаратуры, чым «Новая Зямля». Іх аўтар — сам правадыр вызвольнага паўстання Канстанцін Каліноўскі

    Каліноўскі пісаў лісты ў турэмнай камеры. Паўстанец ведаў, што гэта — яго апошняе слова, таму быў у лістах шчыры. Лісты сталі не толькі палітычным маніфестам іх аўтара, але і адметным творам літаратуры на беларускай мове. Калі хто запамятаваў, то знакаміты верш «Mapыcькa чаpнабpовa…» таксама з цыклу напісаных Каліноўскім за кратамі радкоў. Больш за тое, верш быў створаны ім y чаканні нeпaзбeжнaгa cмяpoтнaгa пaкa­paння.

    Каліноўскі ў вязніцы

    Гэтыя твopы можна смела paзглядaць як yзopы выcoкaй paмaнтычнaй пaэзii. 3вяpтaючыcя дa лipычнaгa aдpacaтy вepшa – Mapыі Ямaнт, паўстанец знax­oдзiць нaдзвычaй пpaнiкнёныя cлoвы. Bocь тaк гyчaць paдкi вepшa: 

    …He нapaкaй, Mapыcя, нa cвaю бяздoлю, 

    Ho пpымi цяжкyю кapy 

    Пpaдвeчнaгa вoлю, 

    A кaлi мянe ўcпoмнiш, шчы­pa пaмaлicя, 

    To я з тaгo cвeтy тaбe aдзaвy­cя. 

    Наша турэмная лірыка менавіта такая. Без гераізацыі злачынцаў і наракання на несправядлівы свет, але з пяшчотай і глыбінным болем. Пад шыбеніцай іншым быць цяжка.  

    Ліст Каліноўскага

    Пераклад Святога Пісання

    У гісторыі беларускага нацыянальнага руху ёсць прыклады і святароў, якія за палітычную пазіцыю траплялі ў зняволенне. Яскравы выпадак — ксёндз-палітык з БХД Вінцэнт Гадлеўскі, які ў 1927 годзе быў зняволены Варшаўскім судом на два гады ў катаржную турму Макотаў.

    Вінцэнт Гадлеўскі

    У зняволенні святар бярэцца за пяро і пачынае рабіць пераклад галоўнай хрысціянскай кнігі — Евангелля. І гэта было актуальнай справай, бо для таго, каб беларусізаваць Каталіцкі Касцёл, патрэбныя былі царкоўныя тэксты на беларускай мове. Найперш — тэксты Новага Запавету. Да таго ж, сярод перакладчыкаў была канфесійная канкурэнцыя.

    Вокладка перакладу Евангелля

    У сувязі з выхадам пратэстанцкага перакладу Новага Запавету група каталіцкіх святароў звярнулася да папы рымскага Пія XI з мемарандумам пра тое, што «народ можа стаць ахвяраю „сэктанцкіх“ уплываў, калі каталіцкія сьвятары ў Беларусі і далей ня мецьмуць магчымасьці карыстацца роднай мовай». Гэта падштурхнула Гадлеўскага дзейнічаць. Хоць умовы турэмныя былі жорсткім, часу на пераклад было багата. Пераклад быў зроблены з лацінскага тэксту Вульгаты, а таксама з нямецкіх, польскіх, французскіх і грэцкіх тэкстаў. «Čatyry Ewanelii i Apos­tal­ski­ja Dziei» былі падрыхтаваныя ў 1938 годзе і выдадзеныя лацінкай у 1939‑м. Гэты пераклад высока цэніцца спецыялістамі.

    Тая справа, якую рабіў ксёндз Гадлеўскі, была вельмі сімвалічнай: перакладаць Святое Слова за кратамі. У чым сімвалізм учынку? Усё проста. Апостал Павел, аўтар адных з самых значных сакральных тэкстаў, вядомых пад назваю лісты, значную з іх частку таксама пісаў у зняволенні… 

    Злодзей, які ледзь не атрымаў літаратурнага Нобеля

    Быў выпадак, калі літаратурны твор, напісаны за кратамі, займеў шанцы атрымаць літаратурнага Нобеля… Гаворка пра раман «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» — найбольш вядомы твор пісьменніка Сяргея Пясецкага. Кніга распавядае аб прыгодах кантрабандыстаў, якія ў 1920‑я гады рабілі рэйды праз савецка-польскую мяжу з мястэчка Ракаў у Мінск і назад.

    Сяргей Пясецкі

    Як жа Пясецкі, які нарадзіўся ў беларускіх Ляхавічах, трапіў за краты і стаў зоркай польскай літаратуры?

    Усё ў тыя ж 1920‑я разам з сябрам Пясецкі здзейсніў напад на пасажырскі цягнік. Акцыя прайшла паспяхова, але паліцыя ўсё ж затрымала злачынцаў. Былога разведчыка асудзілі на расстрэл, які, улічыўшы ранейшыя заслугі, замянілі на 15 гадоў зняволення. Пакаранне ён адбываў у турме «Святы Крыж» — турма з самымі жорсткімі ўмовамі ўтрымання: кожны пяты вязень паміраў у яе мурах.

    Турма «Святы Крыж»

    Менавіта тут Сяргей пачаў пісаць. Яму ў рукі выпадкова трапіў абрывак газеты з аб’явай пра літаратурны конкурс. I арыштант вырашыў удзельнічаць. Толькі была адна акалічнасць: Пясецкі не валодаў польскай літаратурнай мовай. Але не бяды, вязень паспеў вывучыць яе па кнігах турэмнай бібліятэкі. Пясецкаму нават выдалі чысты сшытак. Лепш няхай піша… І Пясецкі стаў пісаць!

    Менш чым за месяц з’явілася аўтабіяграфічная аповесць «Пяты этап», героямі якой сталі кантрабандысты і разведчыкі. Але турэмная цэнзура адмовілася даслаць яе на конкурс. Не выйшла на волю і другая аповесць «Дарога да сцяны», дзе цэнзура ўгледзела парушэнне маральных правіл. I толькі трэці твор — «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» — трапіў да чытачоў.

    Першае выданне раману Пясецкага

    Гэтая кніга змяніла лёс аўтара. Выдадзеная ў 1937 годзе, яна хутка стала бестселерам, вытрымала некалькі выданняў у Польшчы, была перакладзеная на замежныя мовы. Натуральна, публіка жадала бачыць аўтара і была надзвычай здзіўлена, калі даведалася, што ён адбывае тэрмін за разбой. Грамадская кампанія за вызваленне пісьменніка дала свой вынік. Восенню 1937-га Сяргей Пясецкі апынуўся на волі. Перад вайной яго раман нават вылучаўся на Нобелеўскую прэмію. Але з гэтым не атрымалася.

    Зняволены «Пан Тадэвуш»

    Іншая паэма нашай літаратуры, якая мае тытул эпічнай, таксама знітавана з турмамі. Гаворка пра «Пана Тадэвуша». Але ж прычым тут зняволенне, калі вядома, што Міцкевіч пісаў легендарны твор «на парыжскім бруку»?

    Усё слушна, твор быў напісаны ў Парыжы, але перакладаўся на беларускую мову за кратамі. Прычым двума рознымі перакладчыкамі. 

    Браніслаў Тарашкевіч

    Першым вязнем-перакладчыкам «Пана Тадэвуша» быў Браніслаў Тарашкевіч, які ў лістападзе 1932-га чарговы раз быў асуджаны на 8 гадоў катаржнай турмы. Менавіта падчас гэтага зняволення Тарашкевіч узяўся за пераклад Адама Міцкевіча на беларускую. Лёс арыгінала поўнага перакладу тэксту паэмы канчаткова не высветлены. Але былі знойдзеныя копіі і на іх падставе ў пачатку 1984-га ў Польшчы выйшла з друку выданне тарашкевічаўскага перакладу паэмы. У гэтай версіі беларускі тэкст «Пана Тадэвуша» складаецца з 12 вершаваных быліцаў. 13-складовыя радкі Міцкевіча Тарашкевіч ператварыў у 15-складовыя. Правапіс беларускага перакладу захоўвае ў асноўным тую лінію рашэнняў, якой прытрымліваўся сам Тарашкевіч у сваёй «Беларускай граматыцы для школ». А гэта — каштоўна!

    Другі вязень-перакладчык — Пятро Бітэль, які працаваў над перакладам у 1953–1955, падчас зняволення і адбывання 10-гадовага тэрміну ў ГУЛагу. Уражвае, што рукапіс перакладу паэмы «Пан Тадэвуш» быў зроблены ў лагеры на паперы з мяшкоў з‑пад цэменту… Пераклад Бітэля лічыцца адным з найлепшых, хоць вынік працы быў пасмяротна апублікаваны толькі ў 1998‑м.

    Пятро Бітэль

    У высылцы бэсціць Сталіна

    Дарэчы, пра ГУЛаг. Канешне, гэтая ўстанова была рэкардсменам па колькасці напісаных там шэдэўраў літаратуры. Крыважэрны сталінізм гэтаму спрыяў і стабільна пастаўляў туды творчыя кадры… Тысячы людзей выключнага таленту прайшлі праз савецкія лагеры. Многія не падалі духам і пісалі нават там. Што казаць, Францішак Аляхновіч, у гонар якога названая згаданая ўжо сучасная літаратурная прэмія, сам прайшоў праз «салаўкі». Але тут ёсць нюанс: напісана ў ГУЛагу было шмат, але да чытачоў дайшлі адзінкі. Усё ж не ўсім пашчасціла вырвацца жывымі з гэтай душагубкі.

    Адметным творцам з плеяды рэпрэсіраваных беларускіх паэтаў, які не зачахляў пяра на высылцы, быў Язэп Пушча. Арыштаваны ДПУ БССР у 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі», Язэп Пушча быў прыгавораны пазасудовым органам НКУС як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў пазбаўлення волі. Свой тэрмін паэт адбываў у Чэбаксарах, Шадрынску. Пасля вызвалення жыў углыбі Расіі. Высылка і прысуд не пахіснулі Язэпа Пушчу.

    Язэп Пушча

    У зняволенні, на высылцы ён пісаў антысталінскія вершы. Рызыкоўна? Безумоўна! Арыштаваныя ў 1930‑х былі першымі кандыдатамі на знішчэння ў часы вялікага тэрору. Людзі імкнуліся перасядзець ціхенька, схавацца, а тут… Слова аўтару:

    У вершы «Авідзій» чытаем:

    «…Маё жыццё паволі гасне, 

    Не ўбачыць мне сямʼі.

    Я высах, як таран.

    Праклён табе, тыран!»

    У дзень смерці Сталіна Пушча піша:

    «Нязвыклы дзень: тыран сканаў…

    Вартуй жа, смерць, ўсю ноч і рань,

    Каб больш не ўстала яго здань».

    Песні з‑за кратаў аб Беларусі 

    Выпадак паэта Сяргея Новіка-Пяюна — фенаменальны і сімвалічны ў справе повязі турмы і беларускай літаратуры. Гэтаму творцу быў адмераны доўгі век, і за жыццё ён паспеў прайсці тры турмы трох розных рэжымаў: польскую, нацысцкую, сталінскую. І ва ўсіх турмах паэт пісаў, і пісаў пра Беларусь.

    Сяргей Новік-Пяюн

    Новік-Пяюн быў арыштаваны польскімі ўладамі ў сакавіку 1939-га і зняволены ў турме ў Баранавічах. Вызвалены пасля прыходу Чырвонай Арміі. У 1943‑м арыштаваны СД і адпраўлены ў лагер смерці Калдычэва. Падчас расстрэлу групы вязняў паэт быў паранены, прыкінуўся мёртвым, што яго і выратавала. Але ў 1944‑м зноў арыштаваны органамі НКВД і ваенным трыбуналам прыгавораны за «здраду радзіме» на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлены ў ГУЛаг на Калыму. Вызвалены і рэабілітаваны ў 1958‑м.

    Новік-Пяюн у сталым веку

    Зборнік яго вершаў, напісаных у турмах, мае сімвалічную назву «Песні з‑за кратаў». Там — пра Беларусь у сэрцы вязня.

    ***

    Мінае час, а турэмных твораў, на жаль, не становіцца ў нас менш. Але голас волі з‑за кратаў — чутны. А вось гэта важна. Дух творцаў катам не зламаць.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці