«Вы прымушаеце людзей думаць, а палітыкаў — баяцца». У Сейме Літвы прайшлі ўрачыстасці ў гонар 70-годдзя Беларускай службы «Радыё Свабода»
22 траўня ў Сейме Літвы адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 70-годдзю стварэння Беларускай службы «Радыё Свабода».
Старшыня Сейма Літвы Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн выступіла з вітальным словам.
— Беларуская служба з’явілася раней за літоўскую, якая адкрылася ў 1957 годзе. «Радыё Свабода» стала вельмі важнай альтэрнатывай для дзяржаўных СМІ. Але яго місія не выкананая дагэтуль: беларуская гісторыя пішацца зараз з Вільні. Адкрыццё офіса «Радыё Свабода» год таму ў Вільні сведчыць пра вельмі складаную сітуацыю ўнутры Беларусі.
Спікерка адзначыла, што лукашэнкаўскі рэжым жорстка пераследуе незалежных журналістаў і грамадзянскую супольнасць. Пасля паўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну ў лютым 2022 года ваенная сувязь паміж Мінскам і Масквой істотна ўзмацнілася, што яшчэ больш пагоршыла сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У сённяшніх умовах вельмі важна падтрымліваць Украіну, прычым не толькі для самой гэтай краіны, але і для суседніх дзяржаў, у тым ліку і Беларусі, упэўнена спікерка.
— Адкрыццё офісу Беларускай службы «Радыё Свабода» год таму ў Вільні сведчыць пра тое, што Літва гатова падтрымаць беларускія незалежныя медыя. Вільня стала цэнтрам дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, — адзначыла Вікторыя Чмілітэ-Нільсэн.
Таксама старшыня літоўскага Сейма згадала пра супрацоўнікаў «Радыё Свабода» Ігара Лосіка і Андрэя Кузнечыка, якія знаходзяца ў турме. Літаральна ўчора Ігар Лосік адзначыў ужо трэці дзень нараджэння за кратамі.
Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская даслала відэавіншаванне супрацоўнікам РС.
— Вы прымушаеце людзей думаць, а палітыкаў — баяцца. Праз вас беларусы даведваюцца праўду, а свет — пра тое, што адбываецца ў Беларусі, — звярнулася палітык да супрацоўнікаў медыя.
Святлана Ціханоўская згадала пра падзеі 2020 года, калі «ніякія кулі, рэпрэсіі не заміналі вам выконваць працу. Вы не здаліся і працягнулі сваю працу ў выгнанні».
Дэмакратычная лідарка згадала пра зняволеных медыйшчыкаў: «Мае думкі з Лосікам і Кузнечыкам, яны сапраўдныя героі. Наша задача — змагацца за іх вызваленне».
Прадстаўнік «Радыё Свабода» Сцівен Капус нагадаў, што беларускія ўлады прызналі гэтае медыя «экстрэмісцкай арганізацыяй»:
— Нас прызнавалі і непажаданымі арганізацыямі, і агентамі — якімі мянушкамі нас толькі не абзывалі. Але мы працягвалі нашу місію — даносіць святло туды, дзе знаходзіцца цемра. Яны могуць саджаць нашых людзей за краты, яны могуць апячатваць офіс у Мінску, могуць зачыняць нашы прадастаўніцтвы. Але яны не могуць схаваць ад людзей праўду.