Беларускія фрылансеры могуць разлічваць на дапамогу нямецкіх калег
“Рэпарцёры без межаў” у Берліне і берлінская група “Freischreiber” – асацыяцыі фрылансераў Германіі – ведаюць пра праблемы беларускіх калег і гатовыя выступіць у іх падтрымку.
У гэтым запэўніла прэс-службу ГА “БАЖ” Джэма Позген (Gemma Porzgen), сузаснавальніца і сябра праўлення берлінскай філіі “Рэпарцёраў без межаў” і каардынатарка мясцовага адзялення “Freischreiber”.
Пра матэрыяльную дапамогу гаворкі не ідзе, таму што згаданыя арганізацыі могуць працаваць толькі са сваімі чальцамі. Але на аператыўныя лісты падтрымкі і звароты ў розныя ведамствы беларускія калегі могуць разлічваць.
Выслухаўшы пра праблемы фрылансераў у Беларусі, Gemma Porzgen распавяла пра сітуацыю з гэтай катэгорыяй журналістаў у сваёй краіне.
– У цэлым у нас расце колькасць фрылансераў, бо людзі губляюць працу. З іншага боку, ёсць катэгорыя журналістаў, якія хочуць адчуваць сябе незалежнымі. І насамрэч – у фрылансераў больш магчымасцяў працаваць над вялікімі гісторыямі з сур’ёзным кантэнтам у параўнанні з тымі, хто сядзіць у ньюсрумах, – адзначыла спн. Джэма.
Зрэшты, місія названых арганізацый не ў тым, каб дапамагаць фрылансерам справіцца з фінансавымі цяжкасцямі.
– Днямі ў нас адбылася дыскусія з журналістамі, якія асвятляюць дэманстрацыі неанацыстаў і Пегіды (PEGIDA, Patriotische Europäer gegen die Islamisierung des Abendlandes, альбо Патрыятычныя еўрапейцы супраць ісламізацыі Захаду – нямецкі палітычны рух, створаны ў 2014 годзе). Колькасць журналістаў, якіх атакуюць у часе такіх акцый, увесь час расце. Выдавецкія дамы дапамагаюць працаўладкаваным у іх журналістам, а вось фрылансерам даводзіцца нашмат горш. Яны застаюцца сам-насам з праблемай, я маю на ўвазе найперш адсутнасць страхоўкі.
Тая ж праблема і ў фрылансераў, што працуюць на асвятленні замежных канфліктаў. Многія нямецкія фрылансеры ездзілі ва Усходнюю Украіну, маючы самую звычайную “непрафесійную” страхоўку. Берлінскія “Рэпарцёры без межаў” прапануюць калегам страхоўку і дапамагаюць ім абменьвацца кантактамі, трымаць сувязь адзін з адным у гарачых кропках. “Freischreiber” больш спецыялізуецца на прававой дапамозе.