Тайны «Белых халатаў»: пра навуковую трансфармацыю і пошукі «каранавірусных грошай»
Як тэлеграм-канал перарос у асноўнае незалежнае медыя пра здароўе ў Беларусі і максімальна наблізіўся да стандартаў навуковай журналістыкі.
Памятаеце, хто першым прыйшоў на дапамогу беларусам падчас пандэміі каранавіруса, калі вядомы персанаж выпісваў дзікунскія «лазне-гарэлачныя» рэцэпты ад усіх хваробаў? Бадай, адзінай праўдзівай крыніцай пра сітуацыю ў сістэме аховы здароўя стаў тады тэлеграм-канал «Белыя халаты», які, нягледзячы на забароны ўлады, расказваў, што насамрэч адбываецца ў краіне.
Адкуль узяліся «Белыя халаты» і што яны ўяўляюць сабой праз чатыры гады? БАЖ пагутарыў з каардынатаркай Фонда медыцынскай салідарнасці Лідзіяй Тарасенка і рэдактарам Дзмітрыем (прозвішча не называем у мэтах бяспекі).
«Мы наблізіліся да стандартаў навуковай журналістыкі»
Лідзія Тарасенка: Тэлеграм-канал прайшоў некалькі перараджэнняў. Ён быў створаны ў сярэдзіне 2020 года, калі пачалася гісторыя з кавідам. Менавіта на гэтым фоне канал імкліва набіраў папулярнасць і стаў адной з найбольш праўдзівых крыніц пра каранавірус. Потым да кавіда дадалася гісторыя з выбарамі, гвалт, рэпрэсіі. І тады канал быў захоплены ГУБАЗіКам.
Яго аднавілі ўжо зусім іншыя людзі – менавіта другі дзень нараджэння і адзначаецца. Таму, калі вы глядзіце тэлеграм ці інстраграм, звяртайце пільную ўвагу на адрасы каналаў, таму што існуюць фэйкавыя старонкі.
Праект пачынаўся з ініцыятывы, а цяпер мы перайшлі на прафесійны ўзровень. Сёння мы маем тэлеграм-канал, старонку ў інстаграме, пачалі рабіць уласны сайт. Мы не публікуем штодня навіны, бо не на іх арыентуемся, хаця і маем інсайды.
Але мы лічым сябе паўнавартасным медыя, якое цалкам прысвечанае ахове здароўя ў Беларусі – іншых такіх няма.
Я прыйшла ў «Белыя халаты» не ад самага пачатку, прычым у ролі медыцынскага кансультанта: без экспертызы цяжка ўявіць сабе інстытут аховы здароўя.
Пахвалюся: сёння мы наблізіліся да стану навуковай журналістыкі. Канешне, калі мы выдаём нейкія інсайды з канкрэтнай бальніцы, напрыклад, то тут гаворка ідзе пра навіны, а не пра рэцэнзію. Але калі гаварыць на сур’ёзныя тэмы (напрыклад, мы дагэтуль ганяемся за Мінздравам з яго цудадзейнай вакцынай ад кавіда, на якую патрачаныя 30 мільёнаў долараў), то мы пішам тэксты, якія ўжо рэцэнзуюць – а гэта і ёсць навуковая журналістыка. Не магу сказаць, што мы выконваем усе стандарты навуковай журналістыкі, але паціху рухаемся ў гэтым накірунку.
— Як склаўся калектыў, як вы знайшлі адзін аднаго?
Лідзія Тарасенка: У 2020 годзе, калі ўсё толькі пачыналася, было многа нізавой актыўнасці, людзі хацелі ўдзельнчіаць у сацыяльным жыцці. Вось так па зорках і знайшліся: нехта прыходзіць, нехта сыходзіць, а хтосьці выконвае разавую працу.
Дзмітрый: Год таму да праекта далучыўся я. Як я разумею, дагэтуль прафесійныя журналісты з праектам не супрацоўнічалі, гэта была больш грамадская ініцыятыва.
Лідзія Тарасенка: Усё гэта пачыналася як стыхійны парыў – тэлеграм-канал, які возьме на сябе праблемы, якія не хацела ці не магло ўзяць на сябе міністэрства аховы здароўя.
— То-бок, праект узнік як грамадская рэакцыя на замоўчванне каранавіруса з боку міністэрства?
Лідзія Тарасенка: Гэта была адна з галоўных прычын.
Што такое Палескі калайдэр і што за звер «Бізон Гіґс»? Гутарка з камунікатаркай Pamyłka
Дзмітрый: Спачатку медыкі пісалі для медыкаў, бо профільнага незалежнага СМІ не існавала. А з другога боку, медыкі ўбачылі, што няма канала праўдзівай камунікацыі з грамадствам.
Праўдзівая размова медыкаў з грамадствам падкупіла людзей, таму наш канал пачаў збіраць такую велізарную колькасць праглядаў, згадак, перадрукаў. Беларусы не прывыклі, што нават такая гуманная сфера, як медыцына, адкрыта размаўляе пра свае праблемы.
З іншага боку, медыцынская супольнасць убачыла, што праблемы, якія падымаюцца, не лакальныя, а сістэмныя, а праблемы адных сугучныя з праблемамі іншых, што таксама выклікала бурную рэакцыю ў грамадстве.
«Самае замарочанае на фактчэкінгу міні-СМІ»
Дзмітрый: Я працую больш за 20 гадоў у журналістыцы. Але, прыйшоўшы ў «Белыя халаты», упершыню сутыкнуўся з тым, што аўтары настолькі сфакусаваныя на фактчэкінгу. На мой погляд, тут склалася ўнікальная ў беларускай журналістыцы з’ява: кожны факт, кожнае зацвярджэнне, кожная лічба мусіць навукова пацвярджацца. Вельмі непрывычна так працаваць, таму ў нас перыядычна ўзнікае творчы канфлікт інтарэсаў.
З аднаго боку, хочацца зрабіць тэкст навукаёмістым, а з іншага –эмацыйным, каб «чапляў». Балансуем у спробах знайсці раўнавагу: яна дагэтуль не знойдзена.
Лідзія Тарасенка: Усё мяняецца, і задачы мяняюцца. Таму, напэўна, раўнавагі ніколі не будзе.
Дзмітрый: Так, яшчэ два гады, год таму інфармацыя насіла больш эмацыйны характар. Цяпер мы разумеем, што, акрамя нас, надзейнай крыніцы інфармацыі пра стан аховы здароўя проста няма. Таму мы паступова імкнемся пашыраць спектр тэмаў, пра якія мы расказваем. І гэта самае замарочанае на фактчэкінгу міні-СМІ.
— У сваёй працы вы карыстаецеся адкрытымі крыніцамі інфармацыі ці маеце інсайды ўнутры Беларусі?
Дзмітрый: Мы робім адзін пост на дзень. Звычайна гэта сярэдняга памеру артыкул. Таму пакуль хапае аднаго журналіста і рэдактара – мяне.
Але вельмі важна, што са мной працуе Лідзія (Тарасенка), даволі вялікі пул медыкаў-экспертаў, якія працуюць бясплатна, на энтузіязме. Яны правяраюць кожны артыкул, дапамагаюць шукаць спасылкі, пацвярджаць ці абвяргаць інфармацыю. Бывае, мы з экспертам робім артыкул, а ў працэсе падрыхтоўкі, да вялікага здзіўлення самога эксперта, аказваецца, што ўсё не так адназначна (смяецца).
Кожны артыкул, кожны пост праходзіць як мінімум праз рукі аднаго навуковага рэдактара, а часам двух-трох.
Лідзія Тарасенка: І мы таксама ўдзячныя нашым чытачам, якія часам выказваюцца канкрэтна і па справе.
Дзмітрый: Сапраўды, мы не гуляемся ў страўсаў: калі нам паказваюць нейкую недакладнасць, мы правяраем інфармацыю і, калі патрэбна, выпраўляем яе. Карона з нашай галавы не ўпадзе, бо яе там няма: мы імкнемся рабіць як мага менш памылак, але разумеем, што гэта неад’емная частка працэсу. Прычым кайфовая частка.
— Вы кажаце, каманда жыве энтузіязмам. Але ж адным энтузіязмам сыты не будзеш. Як выжываеце?
Лідзія Тарасенка: Сітуацыя цяжкая, грошы на СМІ знаходзіць усё цяжэй. Жывем, як і ўсе, з цяжкасцямі.
Дзмітрый: Мы пачалі трансфармавацца ў медыя для шырокай грамадскасці ў найцяжэйшы перыяд. Здавалася, самы нязручны час, а ў нас якраз вялікая колькасць людзей, задумак, напрацовак.
«Будзьма!»: Як зрабіць беларускае цікавым і бачным
Лідзія Тарасенка: Удакладню: у нас вялікі пул экспертаў, якія валанцёраць. Але ж каманда, канешне, не валанцёрыць.
Дзмітрый: Толькі дзякуючы вялікай колькасці энтузіястаў, якія бясплатна, рэгулярна, адрываюць па некалькі гадзін свайго часу ў дзень, нам удаецца рабіць якасны канал.
Жывучы ў эміграцыі, часам літаральна выжываючы, траціць свой час на тое, каб нам дапамагчы, — гэта неацэнна. Прычым многія не могуць сабе дазволіць быць публічнымі і робяць сваю справу як партызаны. Калі б вы даведаліся агульную колькасць экспертаў, вы моцна здзівіліся б.
Да новага года з’явіцца абноўлены сайт
— Зараз мы працуем над некалькімі праектамі.
Па-першае, мы нанова перарабляем наш сайт, на які ўскладнаем значна большыя надзеі, чым раней. На сайце мы збіраем тэксты, якімі мы можам рэальна ганарыцца, — сёння гэта збор топавых артыкулаў, але хутка там з’явяцца і навіны. Сайт чакае рэдызайн, мы ўскладваем вялікія надзеі на мабільную версію. Ва ўмовах сціплага фінансавання нам удалося зрабіць выбітную рэч, спадзяюся, да новага года новая версія сайта ўжо з’явіцца.
Па-другое, у нас з’явілася старонка ў інстаграме. Напэўна, як і ў большасці незалежных выданняў, падае колькасць падпісчыкаў у тэлеграме, таму мы спрабуем выпраўляць сітуацыю праз сайт і інстаграм. Магчыма, мы зоймемся і іншымі сацсеткамі, але канчатковага рашэння пакуль не прынялі.
«Лепш бы гэтую вакцыну і не запускалі»
— Дык вы знайшлі сляды 30 мільёнаў долараў ЗША, якія з’ела беларуская вакцына ад каранавіруса?
Лідзія Тарасенка: Так. І вельмі хутка выйдзе чарговы артыкул-выкрыццё наконт самой вакцыны.
І не ведаю нават, з чаго пачаць. Беларускі ўрад на чале з самым галоўным спецыялістам па вірусалогіі і пераборы бульбы вырашылі зрабіць беларускую вакцыну, хаця па стане на 2021 год ужо з’явілася не адна і не дзве вакцыны ад кавіда. Вылучылілі пад яе стварэнне каля 30 мільёнаў долараў. Пачалі мадэрнізаваць завод па вытворчасці ветэрынарных (!) прэпаратаў «Белвітуніфарм», які знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. Будавалі-будавалі, абяцаны дадатковы корпус так і не дабудавалі – сёння стаіць толькі каркас, мадэрнізавалі толькі адно аддзяленне на восьмым паверсе і сказалі: тут будуць рабіць вакцыну.
Гэтая вакцына прайшла два з трох мінімальна неабходных этапаў клінічных выпрабаванняў – і яе зарэгістравалі.
— А трэці этап праходзіць не трэба?
— Трэба (смяецца), але не гэтаму прэпарату: гэтаму не трэба. А ўсе астатнія прэпараты ва ўсім свеце праходзяць абавязковы трэці этап клінічных выпрабаванняў. Зарэгістравалі, правялі клінічныя выпрабаванні, а цяпер мы спрабуем зразумець: што ж гэта за прэпарат? Якія кампаненты туды ўваходзяць? Наколькі ён эфектыўны? Хутка мы прыйдзем да пэўных высноў, а пакуль напрошваецца адчуванне: будзе вельмі добра, калі яго не запусцяць у вытворчасць. Па нашым меркаванні, яго не запусцілі ў серыйную вытворчасць – і дзякуй Богу!
Чаму палітыка Мінздароўя больш не здзіўляе, а пужае
— Як за чатыры мінулыя гады змянілася сітуацыя ў ахове здароўя ў Беларусі?
Лідзія Тарасенка: Гэта як спытаць, як я ацэньваю стан свайго жыцця.
На жаль, лепш не становіцца. А як вызначыць, што ахова здароўя рухнула ці, наадварот, квітнее? Няма ніводнай краіны ў свеце, у якой нельга было б палепшыць ахову здароўя, наадварот, паўсюль кучы праблем.
Мушу канстатаваць, што мы рухаемся ад адэквата да неадэквата, ад прафесіяналізма да непрафесіяналізма, ад рашэнняў, заснаваных на фактах, да рашэнняў, заснаваных халера ведае на чым. І так не толькі ў сферы аховы здароўя, а ў любой сферы.
Дзмітрый: Мой погляд не спецыяліста, а дылетанта. Раней беларуская медыцына была пераважна навуковай. За апошні год-паўтара сталі з’яўляцца рэчы, якія больш не здзіўляюць, а пужаюць. На сайтах розных медыцынскіх устаноў у Беларусі з’яўляюцца артыкулы пра «тэлеганію». Гэта псеўдатэорыя пра тое, што ўсе палавыя партнёры жанчыны ўплываюць на тое, якімі стануць яе дзеці. Гэта абсалютна антынавуковае вар’яцтва, якое ўсё больш ухваляецца Міністэрствам аховы здароўя.
Атрымліваецца, што на вайне ўсе сродкі добрыя: хутка стануць паліць людзей на кастрах, калі такія дзеянні будуць укладвацца ў агульную павестку. Я ўтрырую, канешне, але праўда ў тым, што медыцына ўсё далей і далей адыходзіць ад сваіх асноў: навуковасці, карысці для пацыентаў у бок прапагандысцкіх наратываў і прыгожых лічбаў.
З апошняга абсурду хачу выдзеліць, што беларускіх медыкаў пазбаўляюць магчымасці ўдзельнічаць у міжнародным навуковым жыцці. Супрацоўнікам БГМУ забараняюць удзельнічаць у навуковых канферэнцыях за мяжой. Дазваляецца ўдзельнічаць у канферэнцыях, арганізаваных і ўхваленых толькі Міністэрствам аховы здароўя. Медыцына і ахова здароўя не мае краінавых межаў: нельга закрыцца ад усяго свету і крычаць пра свае дасягненні.
Ува многіх паліклініках і бальніцах усё часцей і часцей прапануюць так званую «нетрадыцыйную медыцыну»: іголкатэрапію, пальцакорпанне, барматанне і шаптанне – абсалютна дзіўныя рэчы.
Гэта нейкая альтэрнатыва класічнай медыцыне, якую даюць на платнай аснове паліклінікі і бальніцы. Мы гатовы зарабляць на вашых забабонах і дурыць вам галаву, але мы не гарантуем 100-працэнтны вынік. У беларускім міністэрстве нават ёсць штатная пасада спецыяліста па нетрадыцыйнай медыцыне. А гамеапатыя стала супертрэндам: нават у Расіі гэта лічыцца ненавуковым, а ў Беларусі толькі вітаецца.