• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бізнэсмен Ізраілевіч гатовы адклікаць пазоў да «Новага Часу», але пры адной умове. Дадаўся каментар рэдактаркі «Новага Часу»

    Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч судзіцца з выданнем «Новы час», якое выпусціла шэраг матэрыялаў пра яго датычнасць да скандальнага рэстарана «Паедзем паядзім». Ён хоча спагнаць з газеты 40 тысяч рублёў за «маральныя пакуты, пагаршэння стану і шкоду рэпутацыі».

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/d862f2d7-c783-4c89-bc66-a642b39f55e3_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s-njrjz.jpg

    Першае судовае паседжанне, праўда, ні да чаго не прывяло — сам Ізраілевіч на яго не прыйшоў, а суд пастанавіў «удакладніць патрабаванні да газеты».

    Як заявіў сам Ізраілевіч у каментарыі «Нашай Ніве», ён перагледзеў сітуацыю і гатовы адклікаць пазоў. 

    «Мяне не цікавяць тыя грошы, я не хачу забіраць іх у незалежнай прэсы. Я ўвогуле паважаю незалежную прэсу — заўсёды павінен быць адлюстраваны іншы погляд. Я таксама звярну ўвагу, што пра Курапаты я ніводнага кепскага слова не сказаў, я толькі назваў швондзерамі тых, хто кідаецца пад машыны і лаецца пры дзецях. Я таксама выбачыўся перад Анісім [дэпутатку Алену Анісім ён палічыў гаспадаром газеты «Новы час» — Рэд].

    А што да газеты… Ну вось Івашын [журналіст Дзяніс Івашын — аўтар цыкла расследаванняў пра рэстаран у Курапатах — Рэд.]— ён бачыць, што я катэгарычна не згодны з яго першай публікацыяй, а потым не каб пазваніць мне! Выпускае яшчэ чатыры і ў судзе абяцае пятую! Гэта нармальна? Калі б ён са мной пагаварыў, то я б дакументамі разбіў яго сцверджанні.

    Таму я прапаную наступнае: разабрацца да 10 верасня з юрыстамі. Вось сядаю я са сваім і газета са сваім, давайце яшчэ побач пасадзім пару журналістаў: «Нашу Ніву», «Тутбай», «Свабоду». І па кожным пункце праверым.

    Калі там напісана праўда, то я ў гэтым публічна прызнаюся, калі не, то маё патрабаванне простае: «Новы Час» напіша, што іх журналіст Івашын надрукаваў неправераную інфармацыю, вось і ўсё».

    Аднак рэдактарка «Новага Часу» Аксана Колб катэгарычна не згодная з такой прапановай. Спадарыня Колб патлумачыла сваю пазіцыю сайту baj.by:

    «Персанальна да нас Ізраілевіч не звяртаўся. Я не збіраюся сустракацца з ім і нешта так вырашаць, толькі праз суд. Яшчэ ў мінулы чацвер падчас нашай сустрэчы ён заяўляў, што гэты канфлікт будзе вырашаць толькі суд. Вось цяпер і мы згодныя толькі на суд. Учора ў судзе з’явіліся два слізкія моманты: суд запрасіў даведку з ФСЗН аб працаўладкаванні Мартынава, а таксама былі прадстаўленыя доказы позоўніка аб — раздрукоўкі каментароў невядома адкуль.

    Калі ў пазасудовым парадку вырашаць канфлікт, то наша прапанова застаецца ранейшай: я бяру ў Ізраілевіча інтэв’ю, мы публікуем гэты артыкул, то бок апублічваем яго пазіцыю. Кожны з нас сплочвае свае судовы выдаткі. І я нават прабачаю абвінавачванне ў антысемітызме. Але, калі падзеі будуць развівацца так імкліва, то пакідаю за сабой права звярнуцца ў міліцыю з заяваю з гэтай нагоды».

    Абнаўленне: Каля 15‑й гадзіны Ізраілевіч звязаўся з рэдактаркай Колб.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці