• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогер Фiліповіч: «Падатак, можа, я і адкапаў бы — пакажыце мне поле цудаў!»

    Гомельскі блогер Максім Філіповіч, які «засьвяціўся» на акцыях пратэсту супраць «дармаедзкага» дэкрэту № 3 ня толькі ў родным горадзе, але і ў Берасьці, Маладэчне, Пінску, нарадзіўся 27 ліпеня 1983 году — на сем гадоў раней, чым была прынятая Дэклярацыя Вярхоўнага Савету аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

    «Дармаедам» стаў у 2015 годзе, бо ААТ «Сэйсматэхніка» не працягнула з кіроўцам транспартнага цэху Філіповічам працоўны кантракт. Сёньня блогер адказвае на пытаньні Свабоды.

    — Максім, як вы лічыце, ці трэба дзень 27 ліпеня адзначаць у Беларусі як дзяржаўнае сьвята, паколькі важныя зьмены ў лёсе дзяржавы заўсёды абвяшчаліся праз дэклярацыі? Узяць хоць бы Дэклярацыю незалежнасьці ЗША, прынятай 4 ліпеня 1776 году — гэты дзень стаўся асноўным нацыянальным сьвятам у Амэрыцы.

    — Удвайне быў бы рады, каб дзень 27 ліпеня стаў у Беларусі нацыянальным сьвятам. Дзяржаве варта дбаць пра сваю гісторыю, а то ў нас прыняцьце дзяржаўнага дакумэнту высокага гарту схавана за Днём вызваленьня Менску. Я б яшчэ з большым імпэтам адзначаў бы і свой дзень народзінаў — вольны чалавек у вольнай краіне. Крыху патасна, але ж так.

    — Блогерствам вы заняліся, бо сталі беспрацоўным?

    — Ёсьць тут і такі чыньнік. Але пра відэакамэру я марыў даўно, можна сказаць, зь дзяцінства. Ведаеце, не было ўсё лішняй капейкі. Спачатку на тэлевізар з жонкаю зьбіралі, а за тры месяцы да майго звальненьня з «Сэйсматэхнікі» купілі мне камэру. У растэрміноўку. Я ж тады яшчэ ня ведаў, што мяне звольняць.

    — Што вы кіроўца, гэта вядома. А чым вы яшчэ займаліся?

    — Працаваць я пачаў дворнікам у піянэрскім лягеры, калі вучыўся ў 51-школе. Падрабілі даведкі зь яшчэ двума хлопцамі, што нам па шаснаццаць, і сталі працаваць летам у лягеры «Арляня», што ва ўрочышчы Чонкі пад Гомелем. Быўшы школьнікам, займаўся каратэ. Далей другога дану не падняўся празь невысокі рост.

    А калі скончыў школу, то кім толькі ні працаваў — газонакасільшчыкам у парку, прадаўцом жаночага абутку, забесьпячэнцам. Служыў у войску — у Менску славутую «Валадарку» ахоўваў. Быў пяць гадоў індывідуальным прадпрымальнікам, гандляваў будаўнічымі матэрыяламі. І калі даляр абваліўся, бізнэс мой пайшоў прахам. Яшчэ й вінаватым застаўся, бо меў пазыку. Тры гады працаваў кіроўцам у «Сэйсматэхніцы», з начальнікам транспартнага цэху часта стварыўся, бо не цярпеў несправядлівасьці.

    — А дзе вы вучыліся?

    — Акурат «дзе-небудзь» і давялося: вывучаў юрыспрудэнцыю ў расейскай Сучаснай гуманітарнай акадэміі. Але гэта дзеля «корачак», бо ніколі я зь юрыспрудэнцыяй ня быў зьвязаны. І патэнцыялу такога ня маю.

    — Хто вашы родныя, чым яны займаюцца?

    — Бацькі мае — карэнныя гамельчукі. Цяпер перабраліся ў вёску, бліжэй да прыроды і чыстага паветра. Мама была зьвязаная з кандытарска- кулінарнай справай. Працавала на радыёзаводзе, езьдзіла зь іншымі работнікамі ў чарнобыльскую зону. Цяпер яна інвалідка. Я так разумею, хапіла радыеактыўнага ёду — лекары выдалілі ёй шчытападобную залозу.

    Бацька на заводзе жалезабэтонных вырабаў таксама атрымаў траўму нагі, але з вытворчасьцю гэта ня зьвязалі, утойваючы на заводзе вытворчы траўматызм.

    Ён і застаўся пакалечаным, завод ад яго ўрэшце пазбавіўся. Я яшчэ відэасюжэт пра гэта зрабіў.

    Сам я жанаты, у нас з жонкаю Юляй падрастае дачка. Жонка працавала ў гандлі. На наступны год яе таксама запішуць у «дармаедкі», калі дэкрэт цалкам не адменяць.

    — Максім, вы езьдзіце па гарадох, выступаеце на мітынгах, здымаеце. Гэта каб праявіць сябе?

    — Не, ня так.У мяне проста душа разрываецца, гледзячы на ўсё гэтае эканамічнае бязладзьдзе, на абыякавае стаўленьне ўладаў да простага чалавека. Ну праўда, чалавек застаўся бязь працы (я ў тым ліку), а зь яго патрабуюць нейкі падатак. З калена я яго выламлю? Адкопваць пайду «дармаедзкі» падатак? Дык пакажыце мне тое поле цудаў! Я хачу жыць, працаваць, сям’ю годна ўтрымліваць. Хачу, каб мая дачка жыла ў нармальнай краіне і я за яе будучыню не хваляваўся. Хачу, каб і старэйшаму пакаленьню добра жылося. А то лекі купяць, камуналку заплацяць, а там думаюць, як дажыць да чарговай выплаты пэнсіі.

    — Вы адчуваеце ў сабе лідэрскія якасьці?

    — Я б не сказаў. Я не герой на пратэставых акцыях. Вы паглядзіце, колькі сапраўды геройскіх людзей выйшлі на вуліцу, каб сказаць: «„Не“ — дэкрэту № 3, Лукашэнка — сыходзь!». Мы сапраўды не рабы, не чыесьці васалы. А нам усё тужэй вяжуць вяроўкай рукі, ногі, дабраліся й да шыі.

    Скажу, што героі — тыя пінчукі, якія адбілі мяне зь кіпцюроў «цітушак», а потым вывезьлі ў бясьпечнае месца, каб я змог дабрацца ў Гомель. Дзякуй вам, шаноўныя героі! Дзякуй усім, хто выйшаў на вуліцы, каб людзьмі звацца.

    — Журналісты заўважылі, што вас не было на акцыі пратэсту ў нядзелю ані ў Бабруйску, ані ў Рагачове. Баяліся затрыманьня?

    — Нішто ў нашай краіне не перашкаджае міліцыі, спэцслужбам схапіць чалавека і па месцы жыхарства, скласьці пратакол, пакараць штрафам ці арыштам. Я ня мог паехаць, мне трэба было быць 12 сакавіка ў Гомелі.

    — Некаторыя назіральнікі, якія прыхільна ставяцца да вашага блогерства, адзначаюць, што вы часам у сваіх публічных выступах прамаўляеце на высокіх нотах. Гэткая адмысловая «фішка»?

    — У мяне эмоцыі, можна сказаць, зашкальваюць, калі я чую, як людзі расказваюць пра свае пакуты і фанабэрыю чыноўнікаў. Таму трымаць эмоцыі ў сабе —— шкодзіць здароўю. А мы павінны быць здароваю і дужаю нацыяй.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці