• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогер Павук атрымаў фармальны адказ на заяву, хто выкарыстоўвае яго імя для “мініравання” дзяржаўных устаноў

    Вядомы блогер з райцэнтра Акцябрскі, сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук атрымаў адказ на сваю заяву ў Гомельскае абласное ўпраўленне Следчага камітэта. Павук прасіў знайсці асобу, якая ад яго імя дасылала ілжывыя паведамленні пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама і Мазырскага раённага суда.

    У адказе старшы следчы, маёр юстыцыі Сіманенка паведамляе блогеру, што яго заява далучаная да матэрыялаў крымінальнай справы №19124170119, а пра вынікі расследавання УСК паведаміць дадаткова.

    Нагадаем, у сакавіку Следчы камітэт завёў крымінальную справу па  факце ілжывага паведамлення пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама (ч. 1 арт. 340 КК РБ). Андрэй Павук па гэтай справе праходзіў галоўным падазраваным. У кватэры, дзе ён жыве з жонкай і двума малалетнімі дзецьмі, супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус і забрала на экспертызу аргтэхніку. У лік вынятай тэхнікі патрапіў нават мабільны тэлефон жонкі.

    Самога Андрэя затрымалі на пяць гадзін і дапыталі ў раённым аддзеле Следчага камітэта. Нейкіх уцямных доказаў, што менавіта з яго электроннай пошты было адпраўленае паведамленне пра мініраванне райвыканкама Павук не атрымаў. Міліцыя і следчыя спасылаліся на тое, што ў паведамленні быў указаны мабільны тэлефон Павука.

    Прыкладна праз месяц крымінальны пераслед у дачыненні блогера спынілі, частку тэхнікі вярнулі, апроч партатыўнай відэакамеры, флэшак і двух мабільных тэлефонаў – Андрэевага і яго жонкі. Днямі супрацоўніца Следчага камітэта ў тэлефоннай гутарцы паведаміла Вользе Павук, што і ў астатняй вынятай тэхніцы “не ўтрымліваецца інфармацыі, датычнай да крымінальнай справы”.

    Гісторыя з ілжывым мініраваннем у звязку з блогерам Павуком паўтарылася 15 траўня. На электронную пошту Міністэрства надзвычайных сітуацый паступіла паведамленне пра мініраванне будынка суда ў Мазыры. Пад падазрэнне зноў патрапіў Андрэй Павук з Акцябрскага. І зноў-такі на той падставе, што ў паведамленні нібыта значыўся яго нумар мабільнага тэлефона. Прынамсі, так заявіў блогеру супрацоўнік Акцябрскага РАУС Віктар Карпянок, калі выклікаў Павука ў міліцыю для апытання ў якасці сведкі мініравання суда.

    Андрэй Павук запатрабаваў афіцыйную позву, міліцыянт выпісаў такую позву, але ў прызначаны час сам на допыт не з’явіўся – аказаўся на выездзе. Паўторна Павука ў міліцыю не выклікалі, з уласнай ініцыятывы ён звярнуўся ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці з просьбай вызначыць, хто выкарыстоўвае яго нумар тэлефона ў такіх небяспечных гульнях, як мініраванне дзяржаўных установаў.

    Дзеянні правахоўнікаў блогер Павук абскарджваў таксама раённаму і абласному пракурорам. Аднак ніводзін з іх не знайшоў падстаў для пракурорскага рэагавання. У прыватнасці, пракурор Гомельскай вобласці Віктар Марозаў замест высновы пра дастатковасць падстаў на ператрус і крымінальную справу супраць блогера, у адказе ад 10 траўня спаслаўся на небяспеку паведамленняў пра мініраванне для жыцця і здароўя людзей.

    “Цяпер я чакаю дадатковага ўцямнага адказу з УСК па Гомельскай вобласці наконт таго, хто падштурхоўвае мяне з ілжывым мініраваннем пад крымінальныя дзеянні, – зазначыў службе маніторынгу ГА “БАЖ” блогер Павук. – На паверку гэта выглядае помстай за частушкі, крытыку ўладаў у маім блогу і ў навінах створанай мной суполкі “Рудабельская паказуха”.  Думаю, што ў гэтай справе не абышлося без сілавых структур. Звычайным людзям помсціць мне няма за што – яны толькі дзякуюць за маю працу”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці