• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогера Сяргея Пятрухіна арыштавалі на 15 сутак. У яго высокая тэмпература

    Адміністрацыйную справу блогера разглядаў раніцай 11 траўня суд Ленінскага раёна Брэста. Пры гэтым высветлілася, што папярэдняе пасяджэнне адбылося яшчэ 8 траўня, але тады суддзя Дзмітрый Куроўскі перанёс слуханне справы.

    Сяргей Пятрухін быў затрыманы 6 траўня ў адным з дамоў вёскі Востраў Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці, калі збіраўся ехаць на сустрэчу з іншым блогерам — Сяргеем Ціханоўскім. Паводле папярэдніх звестак, Пятрухіна затрымліваў АМАП, прычым блогера забралі ў хатняй вопратцы, толькі ў шортах і майцы.

    Пасля затрымання яго перавезлі ў Брэст, дзе высветлілася, што на Сяргея Пятрухіна складзены пратакол паводле часткі 1 артыкула 23.34 КаАП (“Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў”). Пратакол тычыцца падзей 19 красавіка, калі блогер вёў прамую трансляцыю з чарговай акцыі пратэсту ў Брэсце супраць акумулятарнага завода.

    У судзе Сяргей Пятрухін звярнуўся з хадайніцтвам адправіць міліцэйскі пратакол на дапрацоўку, яго адвакат таксама заўважыў, што справа не падрыхтаваная да разгляду ў судзе, бо блогеру не былі растлумачаныя яго правы і абавязкі. Гэтыя хадайніцтвы суддзя Дзмітрый Куроўскі адхіліў і адмовіў у выкліку сведкаў.

    У выніку суддзя Дзмітрый Куроўскі прызнаў Сяргея Пятрухіна вінаватым і пакараў арыштам на 15 сутак.

    Тым часам высветлілася, што ў Сяргея Пятрухіна падвышаная тэмпература —37,7. Падчас перапынку ў судзе ён распавёў, што разам з ім у ізалятары часовага ўтрымання былі іншыя людзі з тэмпературай, да якіх прыязджала брыгада хуткай медычнай дапамогі. Пятрухін і яго адвакат хадайнічалі выклікаць лекара, суддзя даручыў зрабіць гэта сакратарцы.

    Выклікалі хуткую, людзей накіравалі на першы паверх сустракаць медыкаў, але Сяргея Пятрухіна тым часам праз службовы ўваход вывезлі ў ізалятар, не дачакаўшыся машыны хуткай дапамогі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці