• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогера Змітра Казлова, які праз тыдзень мусіў выйсці на волю, будуць зноў судзіць

    За кратамі блогера Змітра Казлова заснавальніка YouTube-канала «Серый кот» ўтрымліваюць чатыры з паловай гады. На 29 лістапада яму прызначылі яшчэ адзін суд «за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».

    блогер Зміцер Казлоў Шэры кот

    Блогер Зміцер Казлоў

    29 лістапада ў судзе Бабруйскага раёна і горада Бабруйска будуць разглядаць крымінальную справу, распачатую супраць Змітра Казлова паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). У 2021 годзе заснавальнік YouTube-канала «Серый кот» быў асуджаны да 5 гадоў зняволення па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

    За кратамі Змітра Казлова ўтрымліваюць 4 з паловай гады.

    З улікам часу знаходжання ў СІЗА, ён ужо практычна адбыў увесь тэрмін прысуду і 28 лістапада 2024 года мусіў выйсці на волю.

     Але на 29 лістапада яму прызначылі яшчэ адзін суд, які з вялікай верагоднасцю можа скончыцца працягам зняволення — на тэрмін да двух гадоў у калоніі строгага рэжыму. Справу будзе разглядаць суддзя Бабруйскага раёна і горада Бабруйска Павел Карцінін.

    Справа Змітра Казлова

    У бабруйскай калоніі № 2 Зміцер Казлоў аказаўся паводле вердыкту суддзі Магілёўскага абласнога суда Ірыны Ланчавай.  25 траўня 2021 года яна прыгаварыла яго і яшчэ шасцярых палітвязняў — актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» паводле часткі 1 артыкула 13 і часткі 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).

     Да судовага разбіральніцтва блогер амаль год правёў у СІЗА: яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 года, спачатку асудзілі да 20 сутак па адміністрацыйнай справе, але на волю ён ужо не выйшаў.  У ліпені 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала  Змітра Казлова палітычным зняволеным.

    Да таго, пачынаючы з 2019 года, за стрымы і ўдзел у розных вулічных акцыях Зміцер быў асуджаны агулам да 120 сутак адміністрацыйных арыштаў.  На сваім YouTube-канале «Серый кот» відэаблогер расказваў пра беларускіх апазіцыйных палітыкаў і пра падзеі, якія адбываліся ў палітычным жыцці Беларусі.

    Змітру Казлову 36 гадоў, ён нарадзіўся і вырас у гарадку Барань пад Оршай. У маладым узросце страціў абодвух бацькоў. Скончыў чатыры курсы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе вучыўся на агранома. Захапіўся блогерствам у 2017 годзе. Спачатку здымаў відэаролікі пра праблемы Аршаншчыны, але паступова перайшоў да палітычный тэматыкі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці