• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Больш за 200 дзён без лістоў, схудненне і інфармацыйны вакуум. Што чуваць пра справу журналіста Дзяніса Івашына

    Гродзенскі журналіст Дзяніс Івашын, рэдактар беларускай рэдакцыі міжнароднай валанцёрскай супольнасці InformNapalm, больш за год знаходзіцца за кратамі. 12 сакавіка 2021 года ён быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ і абвінавачаны ва «ўмяшальніцтве ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных справаў», восенню 2021 года Дзянісу высунулі яшчэ адно абвінавачанне — «здрада дзяржаве». Блізкія журналіста больш за 200 дзён не атрымлівалі ад яго лістоў. Budzma.org пагутарыў з жонкай палітвязня Вольгай пра стан, настрой і ход справаў у Дзяніса.

    Больш за 200 дзён без лістоў

    «Навінаў небагата, бо за кратамі асабліва новага нічога не адбываецца. Адзінае, з апошняга і непрыемнага: на мінулым тыдні забралі ў яго ўсю карэспандэнцыю, якую ён у сябе захоўваў. Нічога не патлумачылі, нібы казалі, што аддадуць пасля праверкі, але няма ім веры. Тым больш, што можна правяраць ва ўжо правераных цэнзарам лістах?» — пачынае размову Вольга.

    218 дзён блізкія журналіста не атрымлівалі ніводнага ліста. Апошняя віншавальная паштоўка на Каляды і Новы год ад Дзяніса да яго цешчы прыйшла праз месяц пасля дасылання.

    Апошні ліст Дзянісу Вольга адправіла амаль два месяцы таму, і толькі ўчора Дзяніс яго атрымаў: «Гэта было абсалютна нейтральнае пасланне са словамі падтрымкі і кахання, ні навінаў, ні разважанняў пра апошнія падзеі», — падкрэслівае Вольга.

     

    Артыкул за «здраду дзяржаве» і антыўкраінскі след

    Другі артыкул — «здрада дзяржаве», па меркаванні Вольгі, яе мужу планавалі інкрымінаваць ад самага пачатку, але нешта пайшло не так: «Нездарма аператыўнікі падчас ператрусу забаранялі мне перапісваць з пастановы на ператрус нумар інкрымінаванага тады артыкула 365, які быў выкарыстаны для атрымання доступу да ягоных даных і дакументаў. Потым бы заявілі, што ад пачатку было абвінавачанне ў ч. 1 арт. 356, а я проста памылілася, пераставіўшы лічбы», — лічыць жонка журналіста.

    Па меркаванні Вольгі, справа супраць Дзяніса была патрэбная таксама і ў разгортванні антыўкраінскай істэрыі дзеля заахвочвання беларусаў да ўдзелу ў вайне на баку Расіі, каб паказаць падступнасць і злачыннасць Украіны ў дачыненні да Беларусі.

    Ёсць сумнеўныя сцвярджэнні, што Дзяніс мае ўкраінскае грамадзянства: «Ніякага ўкраінскага грамадзянства Дзяніс не меў і не мае. Пасведчанне замежнага ўкраінца сцвярджае толькі тое, што Дзяніс мае ўкраінскія карані, напалову этнічны ўкраінец (па бацьку). Гэтае пасведчанне не азначае наданне яму грамадзянства, хоць і спрашчае працэдуру ў выпадку, калі Дзяніс займее такое жаданне і падасць заяву», — кажа Вольга.

    Фактычна гэты дакумент — толькі пацверджанне прыналежнасці да ўкраінскай дыяспары. Аналагам можна назваць «карту паляка».

    Вольга дадае, што толькі зараз, калі Дзяніс правёў больш за 400 дзён за кратамі, яго пачалі знаёміць з матэрыяламі справы.

     

    Сумуе па сям’і, схуднеў і знаходзіцца ў інфармацыйным вакууме

    277799645_4961225957289305_428628946968137318_n.jpg

    Вольга распавядае, што Дзянісу зараз найбольш не стае сям’і. Ён сумуе па звычайных штодзённых шпацырах, вечаровых праглядах кіно, вандроўках, сустрэчах з сябрамі. Таксама Дзянісу як журналісту не хапае інфармацыі: «Як цікаўнаму актыўнаму грамадзяніну хочацца сачыць за ваеннымі, палітычнымі, культурнымі падзеямі, у якіх бы сам прымаў удзел, — працягвае Вольга. — Якіх-кольвек просьбаў пра дапамогу для сябе ён не выказвае. Наадварот, спрабуе ўвесь час нас вызваліць ад клопату пра яго, запэўнівае, што яму нічога не трэба. Заявіў нядаўна, што спрабуе скараціць свой рацыён, бо занадта для яго зараз энергіі, якую ён, бачыце, не мае магчымасці выкарыстоўваць. З гэтай прычыны ён заўважна схуднеў, хоць куды б, здавалася, яму яшчэ можна было худнець», — рэзюмуе жонка журналіста.

     

     

    Варыянты вызвалення Дзяніса і вымушаны ад’езд за мяжу Вольгі

    Вольга лічыць, што вызваленне Дзяніса цяпер магчымае толькі ў 3 варыянтах:

    1) абмен Дзяніса на ваеннапалонных ва ўкраінскім палоне, але праблемай тут ёсць тое, што афіцыйна Беларусь не з’яўляецца бокам канфлікту і непасрэдна з ёй падобныя перамовы не вядуцца; 

     2) вызваленне палітвязняў у абмен на скасаванне міжнародных санкцыяў; 

    3) самы аптымістычны варыянт — змена палітычнай сітуацыі ў Беларусі, у гэтым выпадку на волю выйдзе не толькі Дзяніс, але і ўсе іншыя палітвязні.

    Сама Вольга не так даўно пакінула Беларусь: «Маё рашэнне пра ад’езд было прынятае цягам некалькіх дзён, хаця Дзяніс літаральна патрабаваў гэтага на працягу некалькіх месяцаў да таго. Вырашалася я на вымушаную эвакуацыю доўга, прыняць эмацыйна такую неабходнасць было неверагодна цяжка, нават дагэтуль я сама з сабой не пагадзілася, што ўсё зрабіла слушна і як трэба», — разважае Вольга і дадае, што яе ад’езд — пазбаўленне аднаго з рычагоў ціску на Дзяніса. «Я мару толькі пра само вызваленне Дзяніса. Ніякіх планаў не будую, хочацца проста ўрэшце абняць яго і пацалаваць! Усё іншае выдумаем разам потым», — падсумоўвае размову светлымі марамі Вольга. Журналіста Дзяніса Івашына можна падтрымаць лістамі, грашовым пераводам і даслаць яму бандэроль. Да нядаўнягя часу даходзілі бандэролі таксама і з‑за мяжы.

     

    Адрас: г. Гродна, вуліца Кірава, 1, турма № 1, 230023, Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці