«Болтун – находка для шпиона» (ад тэлефона да мікрафона) + ВІДЭА
Мы шмат кажам аб свабодзе слова – прафесійна, дасведчана. Але наколькі свабоднымі мы самі можам быць у сваіх асабістых размовах? Пры дэклараваных таямніцы тэлефонных перамоваў ды свабодзе выказвання?
У мінулым годзе гродзенскі журналіст Іван Роман атрымаў папярэджанне ад пракуратуры. За супрацоўніцтва з замежнай радыёстанцыяй. У якасці доказу пракурор прадэманстраваў раздрукоўку нібыта перамоваў нібыта Івана з нібыта замежнікамі, якую зрабіў КДБ (без усялякіх ужо «нібыта»).
Заўважым адразу: аніякай шпіёнскай дзейнасці, звычайная адкрытая інфармацыя. І яшчэ заўважым: менавіта пракуратура павінна ажыццяўляць нагляд за выкананнем закону — і не толькі журналістамі, але і КДБ.
На якой падставе адбывалася праслухоўванне тэлефонаў журналіста? Невядома (дзяржструктуры маўчаць, як рыба аб лёд). Што, была ўзбуджана крымінальная справа? Але, зноў-такі, з якой нагоды? Супрацоўніцтва з замежнымі СМІ крымінальным злачынствам не з’яўляецца. Больш за тое: афіцыйная Беларусь падпісалася пад тым, што гэта ёсць нормай жыцця.
Цытую: « Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі незалежна ад дзяржаўных межаў вусна, пісьмова альбо сродкамі друку ці мастацкіх формаў выказвання, альбо іншымі спосабамі па свайму выбару». Гэта – артыкул 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь ратыфікавала.
Свабода – тая прыватная тэрыторыя, на якую дзяржава не павінна ўступаць без дазволу асобы ці звышважнай для грамадства нагоды (якія таксама прапісаныя ў Пакце).
Але — ўступае. Прычым штодзённа. І мы да гэтага прызвычаіліся. Да ўмяшання, да ўліку і кантролю, якія могуць прымаць – а значыць, і прымаюць — самыя розныя формы…
Занадта доўгае «прадслоўе». А зараз, нарэшце, слова…
(Фрагмент праграмы «Маю права» тэлеканала «Белсат»).