Брэсцкага актывіста Андрэя Шарэнду падазраюць яшчэ і ў абразе прэзідэнта
Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта Беларусі распачаў яшчэ адну крымінальную справу ў дачыненні да брэсцкага актывіста Андрэя Шарэнды, паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі. Ён стаў фігурантам крымінальнай справы аб абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 КК РБ).
Андрэй Шарэнда / belsat.eu
Справа была ўзбуджаная па выніках праверкі. Прадметам праверкі было інтэрв’ю ад 29 сакавіка 2021 года, «у якім ад імя мясцовага актывіста Андрэя Шарэнды ўтрымліваюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, якія публічна абражаюць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», гаворыцца ў паведамленні Генпракуратруры.
Раней у дачыненні да Андрэя Шарэнду ўжо была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 — «заклікі да дзеянняў у шкоду нацыянальнай бяспекі». 17 красавіка дадому да Андрэя прыйшлі з ператрусам сілавікі, канфіскавалі тэхніку.
Нагадаем, што жонка Андрэя Паліна Шарэнда-Панасюк з 3 студзеня знаходзіцца ў СІЗА па справе аб гвалце над міліцыянтам. Па словах Андрэя, Паліна «не прызнае следчых, якія ходзяць да яе, і не дае ніякіх паказанняў, бо лічыць іх злачынцамі». Праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнда-Панасюк палітзняволенай.
У пары двое дзяцей.