Брэсцкі абласны суд пакінуў штраф журналістцы Тамары Шчапёткінай у сіле
Скарга сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” тычылася рашэння суда ў Баранавічах, які пакараў Тамару Шчапёткіну штрафам у памеры 40 базавых велічынь (980 рублёў) за нібыта працу без акрэдытацыі на карысць “Беларускага Радыё Рацыя” (Польшча).
Падчас разгляду сваёй скаргі ў абласным судзе журналістка даводзіла, што складзеныя на яе пратаколы былі сфальсіфікаваныя. Акрамя таго, Тамара Шчапёткіна выказала меркаванне, што гэтыя пратаколы, на падставе якіх адбываюцца суды і выпісваюцца штрафы ёсць пераследам яе за прафесійную журналісцкую дзейнасць.
Суддзя Аляксандр Саўчук у сваім рашэнні адзначыў, што “акалічнасць здзяйснення правапарушэння судом выяўлена цалкам”, таму і падстаў для змены пастановы суда першай інстанцыі няма.
Журналістка скептычна аднеслася да прапановы суддзі абскардзіць рашэнне ў вышэйшых судовых інстанцыях Беларусі і заявіла пра намер звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Фота racyja.com
Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА