Брэсцкі блогер Дзмітрый Гарбуноў знайшоўся ў СІЗА, чакаецца суд
Нарэшце з’явілася інфармацыя пра лёс актывіста і блогера з Брэста Дзмітрыя Гарбунова, якога затрымалі амаль два месяцы таму — 13 студзеня. Паводле звестак праваабаронцаў, з таго часу яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары № 7. Пачатак судовага працэсу над блогерам запланаваны на 16 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста.
Дзмітрыя Гарбунова абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: арт. 369 (за абразу прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 368 (за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі).
Справу прызначана весці суддзя Марыя Аліферук.
Нагадаем, што пра затрыманне Дзмітрыя Гарбунова стала вядома з паведамлення аднаго з Telegram-каналаў, блізкага да брэсцкіх сілавікоў. Тады можна было зрабіць высновы, што падставай да затрымання блогера былі нейкія допісы ў сацыяльных сетках. Але што канкрэтна стала нагодай для пераследу, інфармацыі дагэтуль няма.
У апошнія гады пра актыўную дзейнасць Гарбунова амаль ніякіх звестак не было. Раней ён супрацоўнічаў з рознымі незалежнымі і рэгіянальнымі СМІ, дапамагаў іншым журналістам, а таксама займаўся блогерствам разам з калегамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым, якія нядаўна вышлі на волю.
У сакавіку 2017 года Дзмітрый Гарбуноў быў пакараны адміністрацыйным арыштам на 15 сутак за “парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”. Фактычна тады яго пакаралі за асвятленне “Маршу недармаедаў” у Брэсце.
У тым жа годзе блогера арыштавалі і напярэдадні акцыі 1 траўня, калі ў Брэсце планаваліся флэшмобы салідарнасці з працоўнымі і рэпрэсаванымі.
Чытайце яшчэ:
Рекомендации по безопасности коллег в связи с признанием БАЖ «экстремистским формированием»
Адбыўся ператрус у журналіста з Шаркаўшчыны Андрэя Букі
Фотограф Валерий Юдин находится в ИВС