Брэсцкі журналіст Яўген Бяласін пасля затрымання трапіў у ізалятар, дзе трымаў галадоўку
Затрыманне адбылося яшчэ 25 кастрычніка.
Стала вядома, што яшчэ адзін журналіст, сябра ГА “БАЖ” быў затрыманы ў Брэсце падчас акцыі пратэсту і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на 72 гадзіны. Аднак да суда справа пакуль не дайшла і Яўгена Бяласіна выпусцілі на волю.
Як паведаміў службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сам Яўген Бяласін, яго затрымалі яшчэ 25 кастрычніка на вуліцы Савецкай ў Брэсце, калі ён зрабіў некалькі фотаздымкаў людзей, што збіраліся ў цэнтры горада на нядзельную акцыю пратэста.
“Я ехаў на ровары па асабістых справах праз вуліцу Савецкую і вырашыў спыніцца, каб трошкі пафатаграваць, але ў кадр выпадкова трапіла група міліцыянтаў”, — распавядае журналіст.
Паводле слоў Бяласіна, ён папярэдзіў супрацоўнікаў, што гатовы выдаліць гэты кадр, аднак праз некалькі хвілін быў затрыманы і адведзены спачатку ў міліцэйскі мікрааўтобус, а пасля — у аўтазак. У выніку нядзельным вечарам журналіст апынуўся ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Брэста. На яго пратакол паводле артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), са зместам якога Яўген Бяласін не пагадзіўся.
З‑за антысанітарных умоў утрымання ў ізалятары Бяласін абвесціў галадоўку.
28 кастрычніка журналіста вызвалілі ў сувязі з заканчэннем тэрміну затрымання, а калі яго чакае суд — пакуль невядома.
Яўген Бяласін кажа, што ў той дзень затрыманых у Брэсце было шмат і не пра ўсе выпадкі стала вядома праваабаронцам.