«Буду падаваць дакумэнты на грамадзянства Беларусі», — Алена Танкачова вярнулася ў Беларусь. Экслюзіўнае інтэрвію
«Вядома, я вельмі хвалююся. Радая, што мае блізкія сябры і калегі едуць са мной разам. Гэта цяпер самае важнае. Мы яшчэ знаходзімся на тэрыторыі памежнага пераходу, але трэба ўжо ехаць дахаты. Неўзабаве будзем дома», — расказала Алена Танкачова ў першыя хвіліны пасьля вяртаньня.
У 2014 годзе яе пазбавілі віду на жыхарства (Алена — грамадзянка Расеі, жыве ў Беларусі 30 гадоў, з маленства) і дэпартавалі на 3 гады. Афіцыйная падстава — штрафы за перавышэньне хуткасьці. Праваабарончая супольнасьць лічыць высылку Алены Танкачовай помстай за яе прафэсійную дзейнасьць.
3 гады высылкі Алена правяла ў Вільні — «бліжэй да дому», як кажа яна сама. Некалькі разоў зьвярталася да беларускіх уладаў з просьбай скараціць тэрмін і заўжды атрымлівала адмову.
Сёньня, 22 лютага Алена Танкачова ўехала ў Беларусь. Напярэдадні яна дала эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.
Тры гады ў дарослым узросьце — гэта досыць доўгі тэрмін. Ці я разумела гэта на момант высылкі? Хутчэй не. Тады мне наогул было цяжка прызнаць, што ўсё, што адбываецца, мае да мяне дачыненьне. Гэта здавалася кепскім сном, і ўвесь час здавалася, што вось-вось прачнуся — і ўсё стане на свае звычайныя месцы. У мяне не было прыняцьця гэтай сытуацыі. Была вядомая практыка высылкі іншых людзей і тое, што МУС скарачае тэрміны высылкі. Мне адразу далі зразумець, што праз паўгода я змагу напісаць заяву пра скарачэньне тэрміну.
Прыкладна ў гэтай парадыгме я існавала першы год.
Яшчэ на момант высылкі я вырашыла, што паеду ў Вільню: блізка ад дому. Так і зрабіла.
Алесь Бяляцкі сказаў мне: табе будзе асабліва складана першы год. Часта потым вярталася да ягоных словаў, хоць і дакладна разумела, што нашы зь ім сытуацыі непараўнальныя. Ён быў у турме, а мяне проста выкінулі з дому.
Навіна аб вызваленьні Статкевіча засьпела мяне ў паездцы па Літве. Мы з Ірынай Сухій былі на хутары ў Жамойці ў літоўскіх мастакоў. Я прачытала навіны і расплакалася. Мяне спыталі, што адбылося. Адказала, што выйшаў з турмы чалавек, які ня здаўся. Мяне папрасілі паказаць відэазапіс, ад якога я плачу. Усё гэта адбывалася за вячэрай у сяброў, якія зусім далёкія ад сучаснай беларускай палітыкі.
Я паказала сустрэчу Статкевіча на вакзале, якую глядзела онлайн. А літоўскія сябры тады ўсталі і сказалі: трэба ганарыцца тым, што ведаеш людзей, якіх не зламалі.
Мая праца ўвесь гэты час была зьвязана з абаронай правоў — як у Беларусі, так і ў рэгіёне Усходняга партнэрства.
Заставалася старшынёй праўленьня Lawtrend, у радзе «Зялёнай сеткі», у Нацыянальнай плятформе Форуму Ўсходняга партнэрства, у міжнародных гуманітарных ініцыятывах. Уважліва сачыла за інавацыямі ў адукацыі, найперш за тым, што склалася вакол Лятучага ўнівэрсытэту і «ЭўраБеларусі». Думаю, што гэта асноўныя блізкія мне інтэлектуальныя групы, якія цяпер назапашваюць і перадаюць веды пра Беларусь.
Беларускі праваабарончы сэктар — гэта моцная частка беларускай грамадзянскай супольнасьці. Ці ёсьць гэты рух? Няма. Каштоўнасьці правоў чалавека і абароны правоў чалавека ня сталі пакуль грамадзянскай культурай, але і з культурай грамадзянскасьці няма на што пакуль абаперціся, на жаль.
Увесь кантэнт навінаў зь Беларусі быў для мяне важны, вядома. За апошні час — гэта трагічная гібель Паўла Шарамета, Курапаты, падзеі 25 сакавіка 2017 году, рэгіянальная хваля «недармаедаў». Краіна пазбавілася такіх людзей, як Пётра Марцаў, Павал Шарамет, Міхал Анемпадыстаў.… Мне балюча, што не магла быць хаця б на іхных пахаваньнях.
Нобэлеўская прэмія па літаратуры для Сьвятланы Алексіевіч магла і павінна была стаць гонарам для краіны, але.… краіна нават толкам не павіншавала ляўрэатку. Не кажучы пра тое, што не палічыла патрэбным вызваліць ад падаткаў. Гэта сорамна.
За гады высылкі, якія я правяла ў Літве, у мяне была магчымасьць параўнаць мадэлі культурнай памяці. Ёсьць мэмарыяльны комплекс ахвярам савецкіх (сталінскіх) рэпрэсіяў Тускуленай у Вільні і Курапаты. Палітыка Літвы ў дачыненьні рэпрэсій — поўная адкрытасьць архіваў, пэрсанальнае пазначэньне кожнага, хто забіты і пахаваны ў Тускуленай. І дзяржаўная палітыка ў Беларусі: можа быць, паставім помнік, але архівы не адкрыем і разьбірацца ня будзем. Розьніца істотная і відавочная.
Дэкрэт пра дармаедзтва — гэта савецкая архаіка.
2018 год як для Беларусі, так і для Літвы, — найважнейшая дата гістарычнага адасабленьня ад савецкага. У Літве гэта важная і прызнаная дзяржавай і людзьмі дата. У Беларусі — дай Бог, каб зноў не разагналі людзей, якія шануюць гістарычную важнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Нібыта стагодзьдзе і ў Літве, і ў нас, а ўсё настолькі па-рознаму.
На мяне моцнае ўражаньне зрабіла тое, як грамадзянская супольнасьць у Беларусі падтрымала ідэю «цытуй сваё». І сумна, што дзяржава практычна ўхіліліся ад падтрымкі гэтай важнай ідэі самаідэнтыфікацыі.
Незалежную прэсу ў Беларусі працягваюць біць. Калі не падтрымліваеш, то трэба хаця б паважаць, але не: суды, штрафы, блякаваньне сайтаў, зьбілі апэратара на выбарах. Навошта? Па звычцы дэманстрацыі сілы і глупства.
Асноўныя беларускія СМІ праглядаю практычна ўсё. Зусім не гляджу дзяржаўныя тэлевізійныя каналы, не чытаю «Советскую Белоруссию». Уважліва чытаю і слухаю Радыё Свабода, чытаю БелаПАН, слухаю Радыё Рацыя, навіны і аналітычныя праграмы «Белсату».
Калі ж казаць пра асабістыя прыярытэты, то ў гады высылкі я жыла ў Зарэччы ў Вільні. Атрымала дыпляматычны статус амбасадаркі Рэспублікі Ужупіс у беларуска-літоўскім памежжы (з правам адкрыцьця рэзыдэнцыі Рэспублікі ў вёсцы Каптаруны). У 2018 годзе ўганараваная найвышэйшай дыпляматычнай узнагародай — Ордэнам Срэбнага Часныку. Безумоўна працягну дыпляматычную працу.
Прафэсійнае кола стасункаў захавалася ў праваабарончай супольнасьці. Што да блізкага кола — сям’я, сябры, — то гэта было і ёсьць. Вядома, за тры гады жыцьця ў Літве мае сяброўскія дачыненьні папоўніліся выдатнымі людзьмі тут, і ад гэтага мне вельмі цёпла на сэрцы.
Для маёй сям’і высылка была выпрабаваньнем, усе перажывалі, але падтрымлівалі. Некаторых сваіх сяброў у Вільні часьцей бачыла, чым у Менску. Пакуль ты дома і ўсё добра, то часам забываеш патэлефанаваць ці сустрэцца. А калі ёсьць цяжкасьці, робіцца зразумела, хто побач, хто не.
Мае ўнівэрсытэцкія сябры (а наш добры, бесклапотны ўнівэрсытэцкі час быў даўно), апынуліся адразу побач. Гэта Вера Данілава і Наташа Буракоўская. Калегі і сябры па працы Вольга Смалянка, Галіна Чарапок, Міхаіл Мацкевіч сталі апорай у працы. Блізкія сябры Воля і Жэня Ліпковічы проста кожны дзень нараджэньня без папярэдніх дамоваў заўсёды «выпадкова» аказваліся ў Вільні. Іра Сухій, Іван Сухій, Паліна Сьцепаненка, Сяргей Драздоўскі, Юля Ляшкевіч, Воля Біцютка, Таня і Андрэй Глыбіны, Алена і Аляксандр Куцавы, Дзіма Дабравольскі — яны як анёлы для мяне за гэтыя гады. Гэта вялікае шчасьце.
Пра тых, чыя дапамога была патрэбна, але не здарылася.… Гэта ж адносныя катэгорыі. Калі ты ўразьлівы, але вольны, ты не крычыш аб дапамозе. Так, натуральна, былі тыя, хто не захацеў убачыць, што табе зараз трэба больш клопату, чым калі ты не слабы. Для мяне вялікае шчасьце, што людзі, зь якімі я была мала знаёмая да высылкі, апынуліся побач: Даша Мароз, Людвіка Кардзіс, Андрэй Антонаў, Эльвіра Янейка (Маўзон), Сьвятлана Гарнак, Канстанцін Дарашэнка, Павал Марыніч, Тацьцяна Дзятлава. Былі і тыя, хто адвярнуліся, і, як здаецца пакуль, не прамінулі «даць у сьпіну».
Я вяртаюся ў краіну „крыптавалют“? Гэта аванс, вядома. Калі гэта рэальны шанец для разьвіцьця краіны, якая доўга драмала, то, вядома, гэта трэба выкарыстоўваць. Шматгадовая стагнацыя ніколі ні да чога добрага не прыводзіла. Ці будзе гэты шанец выкарыстаны для разьвіцьця, ці не — зразумеем з часам. На маёй памяці былі і праекты свабодных эканамічных зон, Парку высокіх тэхналёгій і нават глябальнага нафтавага шляху з Вэнэсуэлы ў Беларусь танкерамі праз Клайпеду.
Я часта задумваюся, што ў беларускую вёску Каптаруны, якая на мяжы зь Літвой і дзе ў мяне «летні» дом, электрычнасьць правялі ў 1971 годзе, а сотавая сувязь беларускіх апэратараў там дагэтуль вельмі няўстойлівая.
Посьпех тэхналягічных праектаў не адбываецца ў палітычным і сацыяльным вакуўме — гэта проста немагчыма. Пажывём — пабачым. Але гэта шанец, выклік, пэрспэктыва.
Блякаваньне «Хартыі» — своеасаблівае люстэрка пэўнай абсурднасьці фармальна абвешчанай гатоўнасьці да тэхналягічных прарываў. Ня кажучы ўжо пра тое, што павінна быць проста сорамна дэманстраваць такое грэбаваньне базавымі каштоўнасьцямі разьвіцьця, як свабода СМІ.
Перамены ў сфэры правоў чалавека бачацца на ўзроўні рыторыкі, але не пацьвярджаюцца падзеямі грамадзка-палітычнага жыцьця. За 2017 год былі масавыя адміністрацыйныя штрафы, ганеньні на незалежныя СМІ, дзіўныя «каруселі» на выбарах і гэтак далей. Усё гэта нічым не адрозьніваецца ад ранейшай устойлівай практыкі. У краіне не адмененае сьмяротнае пакараньне, не ўведзеная пасада ўпаўнаважанага ў правах чалавека, ня дзейнічаюць інстытуты ўзаемадзеяньня грамадзянскага сэктару і дзяржавы, безаблічны Канстытуцыйны суд і іншыя сымптомы дэфіцыту дэмакратыі. Усё гэта ясна сьведчыць — гаварыць пра перамены з пазыцыі рэформаў не даводзіцца. Дагэтуль не выконваюцца рашэньні міжнародных інстытутаў у сфэры правоў чалавека, ігнаруецца пасада спэцыяльнага дакладчыка ААН у пытаньнях правоў чалавека.
Чым буду займацца ў Беларусі? У мяне ёсьць некалькі доўгатэрміновых ідэй у сфэры культуры памяці, культурнай спадчыны. Думаю, што празь некаторы час можна будзе гаварыць пра гэта падрабязьней.
Асьветніцкая ўстанова «Цэнтар прававой трансфармацыі» не спыняла працу і не зьбіраецца ў бліжэйшы час. Адсьвяткуем наш юбілей, які адклалі да майго вяртаньня з высылкі. Удзячная маім калегам, якія на гэты час прынялі на сябе асноўны клопат пра арганізацыю. Яны выдатна далі рады. Тыя, хто сышоў у гэты цяжкі час з нашымі напрацоўкамі і ідэямі, — няхай разьвіваюцца.
Больш за ўсё ў гэты час сумавала па сям’і, сябрах, доме, хутары, па звыклым коле зносін. За час жыцьця ў Літве сабрала архіў унікальных фатаздымкаў і ўспамінаў пра гісторыю і жыцьцё людзей у Каптарунах. Магчыма, калі б ня гэты «перапынак» у тры гады, то ў мяне б не хапіла на гэта сіл і часу.
Пытаньне майго грамадзянства ў шырокім сэнсе вырашанае мною даўно. Больш за 30 гадоў я жыву Беларусі, займаюся тут грамадзкай і праваабарончай дзейнасьцю. У апошнія тры гады высылкі і жыцьця ў Вільні я амаль штодзень наведваю службы ў беларускамоўным касьцёле.
Дакумэнты на грамадзянства (атрыманьне пашпарта) падаваць буду пасьля кансультацый з юрыстамі. Мая высылка, верагодна, можа быць абмежаваньнем у атрыманьні беларускага пашпарта. Гэта таксама была адна з мэтаў тых, хто прымаў рашэньне пра яе.
Буду падаваць дакумэнты на грамадзянства неўзабаве па прыезьдзе. Не вырашыўшы пытаньне пра грамадзянства, мне будзе цяжка весьці далей у Беларусі ясную і паўнавартасную праваабарончую працу.
Галоўнае пачуцьцё — я вяртаюся дадому! Гэта вельмі моцнае пачуцьцё: годнасьці і радасьці адначасова. Абставіны ясныя. Краіну (радзіму) не выбіраюць. Беларусь мой дом. Добрых людзей у маім жыцьці значна больш, чым тых, хто мне глыбока непрыемны. Дык на апошніх і не застаецца месца ў маім сэрцы.