Былой журналістцы Аксане Ючкавіч далі тры гады «хатняй хіміі»
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска адбыўся разгляд справы каталіцкай актывісткі Аксаны Ючкавіч. Яна была асуджаная на 3 гады «хатняй хіміі» і вызвалена ў зале суда, паведамляе «Наша Ніва».
Аксану Ючкавіч — паэтку, арганізатарку культурніцкіх імпрэз, былую журналістку партала Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі catholic.by —затрымалі сёлета 23 студзеня 2024 года ў Мінску.
3 лютага стала вядома, што супраць яе распачатая крымінальная справа паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Жанчыну ўтрымліваюць у следчай турме № 8 у Жодзіна.
Паводле ініцыятывы «Хрысціянская візія», Аксана вядомая і паважаная ў рымска-каталіцкай супольнасці ў Беларусі хрысціянская актывістка, працавала ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры Дабрачыннай Місіі Добрага Самараніна ў Менску. Яна аўтарка зборніка дзіцячых вершаў «Святы Мікалай, да нас завітай!», з яе ўдзелам была створана дзіцячая хрысціянская відэаперадача «Анёлкі з вясёлкі». Аксана Ючкавіч займалася навуковымі даследаваннямі ў галіне беларускай філалогіі і выкладала на курсах польскай мовы.
У 2020 годзе дзяўчына была сярод затрыманых на Дзяды ў Курапатах і правяла 9 сутак за кратамі паводле прысуду за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці. Затрымлівалі яе і ў 2010 годзе пасля разгону Плошчы ў Мінску, тады яна была асуджана да 10 сутак арышту.
У заяве беларускай праваабарончай супольнасці ад 19 лютага гаворыцца, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб. Таму праваабаронцы, ацэньваючы пераслед асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, лічаць, што гэта «палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».