Чаго чакаць незалежным СМІ (парадыгма на пару гадзін)
Пазначым.
- Галоўная тэма: вяртанне ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду «Народнай волі» і «Нашай Нівы».
- Галоўнае пытанне: ці ёсць гэта паказчыкам пачатку лібералізацыі ў сферы СМІ ці толькі дэманстратыўным крокам наперад, за якім могуць пайсці і два назад?
Нельга зазірнуць у будучыню і дакладна сказаць, што адбудзецца заўтра і ці будзе наогул гэтае «заўтра». Не заўсёды можна ацаніць і тое, што здзяйсняецца сёння ці адбылося ўчора. Калі гавораць эмоцыі і чаканні, розум звычайна блукае паміж версіямі, як між трох соснаў (у нашым выпадку — нават дзвюх). Любую падзею можна расцэньваць абсалютна з супрацьлеглых пазіцый. Паглядзіце, напрыклад, на закаханых («заангажаваных»): як яны схільныя памыляцца, калі не ўпэўненыя, калі спадзяюцца і адначасова баяцца памыліцца. (Як памыляюцца ўпэўненыя — тэма асобная).
І ўсё ж паспрабуем асэнсаваць, што мы маем зараз. І параўнаць з тым, што мелі, што спадзяваліся атрымаць ці, насупраць, рызыкавалі страціць.
Сродкаў масавай інфармацыі тычацца два пункты тактычных саступак (ці стратэгічных прарываў (?)) афіцыйнага Мінску.
Першы: вяртанне ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюду і беларускія друкарні двух выданняў (адно з якіх, заўважым, і без таго друкавалася на Беларусі, — і гэта дэманструе ці то ступень падрыхтоўкі зыходных дакументаў уладамі, ці іх шчырасць у перамовах з Захадам).
Другі пункт: сённяшні (
Ці добра, што «НН» і «НВ» вернуцца ў шапікі і ў падпіску?
Безумоўна. Калі, нарэшце, вернуцца.
Але ці з’яўляецца гэта прынцыповым вырашэннем праблемы дыскрымінацыі незалежных СМІ (яшчэ больш за дзесятак якіх маюць тыя самыя праблемы)?
Безумоўна… што? Не? Ці — не безумоўна?
Надзеі ўжо з’явіліся, але ж нездарма грэкі (старажытныя) казалі, што надзея — горшы вораг.
Інфармацыя для роздуму.
Месяц таму БАЖ вызначыў некалькі крытэраў паляпшэння сітуацыі ў галіне свабоды выказвання і прывёў паказчыкі руху да выканання гэтых крытэраў:
1. Забеспячэнне роўных эканамічных умоваў для СМІ розных форм уласнасці.
2. Забеспячэнне рэальнага доступу да інфармацыі.
3. Прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі прававымі нормамі.
Дык вось. Пакуль гаворка Беларусі і Еўропы — падкрэсліваю, гаворка! — ідзе пераважна аб першым пункце, прычым тычыцца толькі двух выданняў — так, знакавых, але ж толькі двух з паўтара дзесяткаў!
Пра другі пункт — не журналістам расказваць.
Па каментар наконт трэцяга пункту можна звярнуцца да прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ (офіс якога, між іншым, і з’яўляецца адным з арганізатараў «круглага стала» аб
Параўнайце, што прапанаваў офіс Харашці яшчэ на пачатку 2005 года, з тым, што адбылося:
Прапаноўвалася | Адбылося |
Лібералізаваць дзеючы закон аб СМІ | У 2008 годзе прыняты новы закон, які расцэньваецца і Прадстаўніком АБСЕ па свабодзе СМІ, і іншымі міжнароднымі структурамі як рэпрэсіўны https://baj.media/m‑p-viewpub-tid-1-pid-5195.html |
Міністэрству інфармацыі адмовіцца ад практыкі вынясення папярэджанняў і прыпынення дзейнасці газет | У параўнанні з 2004 годам, калі прыпынялася дзейнасць двух з паловай дзесяткаў выданняў, сітуацыя значна палепшылася. Але папярэджанні — прычым, па самых нязначных падставах — выносяцца і па сёння. А замест прыпынення дзейнасці незалежныя выданні сустрэліся з фактычнай забаронай на распаўсюд па падпісцы і ў газетных шапіках (набыло масавы характар якраз у 2005 годзе) |
Рэкамендаваць дзяржаўным органам лібералізаваць законы, якія прадугледжваюць адказнасць за паклёп і адмяніць крымінальную адказнасць за абразу |
Рэкамендаваныя Канстытуцыйным судом папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія б выключалі крымінальную адказнасць за крытыку, не ўнесеныя. Больш за тое, Крымінальны кодэкс дапоўнены, у прыватнасці, арт. 369–1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (уступіў у сілу ў 2006 годзе). А ў 2007 годзе прыняты закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», які дазваляе прызнаваць інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкімі матэрыяламі без экспертызы і ставіць пытанне аб крымінальнай адказнасці вінаватых у яе вырабе ці распаўсюдзе |
Прыватызаваць дзяржаўныя СМІ замест падтрымкі іх з дзяржаўнага бюджэту | У параўнанні з 2005 годам падтрымка дзяржаўных медыя ў 2008 годзе вырасла амаль удвая (з 40 млн. долараў да больш чым 70 млн.) |
Рэкамендаваць дзяржаўным СМІ выказваць альтэрнатыўныя пункты гледжання | Падчас парламенцкіх выбараў 2008 года ўсім зарэгістраваным кандыдатам, у тым ліку дэмакратычным, прадастаўлялася магчымасць выступіць па тэлеканале у фармаце «говорящей головы», а ў газеце – з праграмай у «братэрскай магіле». Пасля выбараў прадстаўнікі апазіцыі, нават ужо запрошаныя ў эфір, не змаглі ўзяць удзелу ў тэлевізійным ток-шоў, якое было прысвечана вынікам выбараў https://baj.media/m‑p-viewpub-tid-1-pid-5749.html |
Прыватызаваць адзін з нацыянальных тэлеканалаў і ператварыць другі ў грамадскі | Без каментароў |
Ураду ўтрымацца ад захадаў па блакаванні і фільтрацыі інфармацыі ў Інтэрнеце. Працягнуць кансультацыі па заканапраекце, які рэгулюе доступ ў Інтэрнет у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. |
Узгадка пра Інтэрнет знікла з закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», але з’явілася ў новым законе «Аб СМІ». Права рэгулявання Інтэрнет-СМІ дэлегавана менавіта ўраду. Правядзенне канферэнцыі на гэты конт і ёсць, відаць, паказчыкам працягу кансультавання. Засталося дачакацца вынікаў. |
Параўнанне з 2005 годам яскрава дэманструе накірунак, у якім рухалася дзяржава апошнія гады.
Дык чаго ж чакаць незалежным СМІ сёння?
Адказаў можа быць шмат, а значыць — ніводнаму з іх вялікага даверу няма. Акрамя, здаецца, аднаго, вядомага: спадзявацца на лепшае, але рыхтавацца да горшага.
І хай сабе мы памылімся!