• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм». Чалавекам года па версіі «Нашай Нівы» стаў журналіст Анджэй Пачобут

    Рэдакцыя «Нашай Нівы» вызначае «Чалавека года» пачынаючы з 2003-га. Сёлета гэты ганаровы тытул, па версіі выдання, належыць палітзняволенаму гродзенскаму журналісту Анджэю Пачобуту.

    Чалавекам года па версіі «Нашай Нівы» стаў журналіст Анджэй Пачобут

    Анджэй Пачобут. Фота: БелТА

    Вось як рэдакцыя «Нашай Нівы» патлумачыла свой выбар:

    «2024 год — час ціхіх беларускіх герояў. Махавік рэпрэсій раскруціўся з такой шалёнай сілай, што не дае магчымасці нікому ўстаць з акопу. Як толькі прыўзняўся і агучыў пазіцыю — хоць ужывую, хоць у інтэрнэце, — ты мішэнь для лукашысцкіх зграяў.

    І нават у такіх абставінах тысячы-мільёны беларусаў робяць, ствараюць, ажыўляюць краіну. Кожны з іх робіць што можа ў часам немагчымых умовах. Хтосьці папраўляе ідыёцкія гаспадарчыя рашэнні, хтосьці настойвае на гуманізме, хтосьці працягвае руку дапамогі суседу. Хтосьці запісвае беларускамоўныя тыктокі, хтосьці расказвае праўдзівую гісторыю краіны, хтосьці лечыць, хтосьці вучыць.

    І пры гэтым даводзіцца быць гатовым, што нейкі даносчык, інтрыган, чарнасоценец зламае табе жыццё. Проста таму што такі час і таму што яму далі адмашку: «Можна, навальвайся са спіны!»

    Мы захоплена назіраем за фантастычнымі ўчынкамі людзей у Беларусі. І доўга вагаліся, а ці можам мы называць Чалавекам года кагосьці з беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі на свабодзе? І прыйшлі да высновы, што не можам. Бо нельга рызыкаваць бяспекай людзей дзеля хвілінных прыгожых жэстаў.

    Наш Чалавек года — з іншай Беларусі. З тых, у каго ўжо забралі фізічную свабоду, ужо забралі нават голас, але не могуць забраць годнасць і ўнутраную свабоду. Нават за кратамі гэтыя людзі свабаднейшыя і прыгажэйшыя за насельнікаў і панявольных наведнікаў залатой клеткі Палаца Незалежнасці.  

    Адзін з міжнародных сімвалаў рэпрэсій у Беларусі — гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут. Чацвёрты год яго спрабуюць выпхнуць з Беларусі ў Польшчу. «Ты крымінальны злачынец, мы прысудзілі табе 8 гадоў зняволення, але едзь адсюль, мы хочам памяняць цябе на адкрыццё памежнага пераходу ў Баброўніках». Канечне, гэта не «міласэрнасць», а палітычная кан’юнктура. І Пачобут, для якога гэта ўжо трэці арышт, разумее гэта не горш за астатніх. 

    У гэтых палітычных гульнях лукашысты зазывалі прыехаць у Беларусь міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага і нават прапанавалі выдаць Пачобута ў абмен на Латушку.

    Аднак менавіта ў 2024 годзе пытанне Пачобута ўзнялася да міжкантынентальнага ўзроўню — Польшча і Кітай абмяркоўвалі, як вызваліць журналіста з Наваполацкай турмы-катавальні.

    Можа, для Польшчы і Кітая ўмовы лукашыстаў і прымальныя — у іх свая мэтазгоднасць. Але выглядае, што гэтыя ўмовы непрымальныя для самога Андрэя Пачобута. Калі вызваляеце невінаватага чалавека — то проста вызваляйце.

    Былы палітвязень расказваў, што да Пачобута не раз прыязджалі і прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні. Нават гатовыя бланкі падсоўвалі. Але яму няма ў чым каяцца.

    Этнічны паляк, які хоча мець магчымасць знаходзіцца ў Беларусі, дзе ён нарадзіўся і вырас — што можа быць сімвалічней? Што можа быць мацнейшым сімвалам сапраўднага адзінства нашай нацыі? Гэта адзінства, мацнейшае за лукашызм. Усе мы любім Беларусь і хочам, каб яна стала свабоднай — незалежна ад нашай нацыянальнасці, паходжання, колеру скуры, палітычных поглядаў і месца жыхарства. 

    І яны прыйдуць, іншыя часы. Нішто не бывае бясконцым. Галоўнае — каб усе гэтыя людзі, загартаваныя цяжкімі выпрабаваннямі, знайшлі сваё месца ў адбудове новай Беларусі».

    Анджэй Пачобут 45 месяцаў за кратамі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці