• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Чарговы Дзень народзінаў за кратамі. Дзянісу Івашыну — 44

    Сёння, 6 чэрвеня, сустракае свой Дзень нараджэння ў зняволенні гарадзенскі журналіст Дзяніс Івашын.

    «Дзяніс дагэтуль у ШЫЗА. Настрой нібыта баявы, аптымістычны, як звычайна. Перадачы яму пакуль не перадавалі ніводнай — нельга. Я трымаюся нармальна, працую, то трошкі адцягваю ўвагу ад хваляванняў за яго. Адчуваю шмат падтрымкі ад розных людзей. Яшчэ віншаваннямі нас закідалі з нагоды Дня народзінаў Дзяніса. Але мне, канешне, хацелася б яго асабіста павіншаваць, мець такую магчымасць», — кажа ў каментары БАЖ жонка зняволенага журналіста Вольга Івашына.

    Дзяніс Івашын — карэспандэнт газеты «Новы Час», беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці Inform­Na­palm. Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве».

    Верагодна, «апошняй кропляй» стала аўтарскае расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

    Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі асудзіў журналіста да 13 гадоў і 1 месяц зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.

    Пры канцы мінулага года 20 снежня Вярхоўны суд Беларусі разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенаму гродзенскаму журналісту і пакінуў вырак першай інстанцыі без задавальнення. Сёлета напрыканцы студзеня Дзяніса Івашына этапавалі з турмы № 1 Гродна ў папраўчую калонію № 15 Магілёва, дзе для яго прадугледжаны «ўзмоцнены рэжым» адбыцця пакарання. Адміністрацыя калоніі адразу пачала ціснуць на палітвязня — больш за 20 дзён Дзяніс знаходзіцца ў ШЫЗА, без ліставання і званкоў з роднымі.

    Чытайце яшчэ:

    Ціхае рэха трагічнай рэчаіснасці. Што не так у Велікабрытаніі, Галандыі і Швейцарыі з медыятэкстамі пра Беларусь?

    «Для іх падзеі ў нашым рэгіёне — гэта канфлікт Расіі з краінамі-спадарожнікамі». Беларускі журналіст пра наведванне Паўднёвай Карэі

    Периодически случаются приступы и обмороки: отец Ксении Луцкиной рассказал о здоровье дочери

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці