• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Здароўе, адукацыя, легалізацыя: Чым БАЖ можа быць карысны беларускім журналістам?

    Беларуская асацыяцыя журналістаў адаптуецца пад запыты калег, сучасныя выклікі ў медыясферы і развівае кірункі, якія актуальныя проста зараз. Па кожнаму з напрамкаў да арганізацыі могуць звярнуцца і журналісты, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі. Мы сабралі ўсе папулярныя звароты, па якіх БАЖ можа быць карысны калегам. 

    Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі

    Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі. Фота: БАЖ

    З якімі напрамкамі працуе БАЖ?

    Кірункі працы БАЖ засталіся тымі ж, што былі ад пачатку заснавання ў 1995 годзе, кажа намеснік кіраўніка арганізацыі Барыс Гарэцкі. Гэта:

    • абарона інтарэсаў журналістаў,
    • міжнародныя кантакты, 
    • адукацыя, 
    • збор статыстыкі пра ўмовы працы і этычныя кейсы.

    У адпаведнасці з выклікамі пашыраўся штат, адкрываліся новыя напрамкі дзейнасці. 

    З часам змяняліся прыярытэты. Калі было менш рэпрэсій, БАЖ больш актыўна займаўся адукацыяй. 2020 год вярнуў на першае месца праваабарончы, гуманітарны аспект працы арганізацыі.

    З чым звяртаюцца ў БАЖ?

    Часцей за ўсё гэта запыт інфармацыі, праграмы падтрымкі і легалізацыі, пытанні абароны правоў (падчас арыштаў, затрыманняў, ператрусаў).

    Юрыдычныя пытанні. БАЖ захаваў магчымасць звароту калег з Беларусі і з‑за мяжы па розных юрыдычных пытаннях: экспертыза матэрыялаў, легалізацыя, і інш.  

    Псіхалагічная і медычная дапамога. Час ад часу з’яўляюцца магчымасці дапамогі людзям ў складаным псіхалагічным і медычным стане, калі гэты стан звязаны з рэпрэсіямі і працай з адчувальнымі тэмамі.

    — Калі чалавек звяртаецца да нас з праблемай, мы стараемся дапамагчы знайсці праграму, на якую яго можна скіраваць. Калі мы самі не можам дапамагчы, мы зробім усё магчымае, каб знайсці адпаведную арганізацыю ці фонд, — кажа Барыс. 

    Таксама ёсць варыянты дапамогі, пра якія пішуць публічна. БАЖ камунікуе з галоўнымі рэдактарамі медыяў. Яны ў сваю чаргу падкажуць журналістам, з якімі праблемамі можна ісці да БАЖ.

    Дапамагаюць таксама і з сумнымі падзеямі, напрыклад, з пахаваннем.  

    Легалізацыя. БАЖ можа пацвердзіць статус журналіста ці сябра БАЖ пры падачы на міжнародную абарону ці якуюсьці праграму. Гэта фармальны дакумент, які часам патрабуюць міграцыйныя ўлады.

    — Ёсць далёкія краіны, дзе колькасць беларусаў, якія падаюцца на гуманітарны статус, вымяраецца адзінкамі. І нашы калегі-юрысты праводзілі складаныя перамовы, падрыхтоўку дакументаў. Літаральна днямі калега з нашай дапамогай атрымала нарэшце статус міжнароднай абароны ў адной са складаных для легалізацыі еўрапейскіх краін. Яна змагалася за яго 2,5 гады, — кажа Барыс.   

    Пацверджанне статусу. Напрыклад, праз міжнародную прэс-карту журналіста, якая пацвярджае яго статус ва ўсім свеце. Любы сябра арганізацыі можа яе атрымаць. 

    Міжнародная прэс-картка, якую БАЖ можа прапанаваць беларускім журналістам

    Міжнародная прэс-картка, якую БАЖ можа прапанаваць беларускім журналістам. Фота: happytravelling.org

    Адукацыя

    У год БАЖ праводзіць каля сотні адукацыйных актыўнасцей: гэта і адкрытыя праграмы, і кропкавыя — для спецыялістаў у вузкай галіне, і праграмы па запыту рэдакцый ці канкрэтных спецыялістаў. Знайсці ўласныя і не толькі мерапрыемствы БАЖ можна тут. 

    — Адукацыйны блок — гэта гонар БАЖа. Адукацыя застаецца прыярытэтным кірункам, нягледзячы на рэпрэсіі, — адзначыў намеснік кіраўніка арганізацыі.

    Інфармацыйная дзейнасць

    З 2004 года, калі паўстаў сайт, ён з’яўляецца моцнай крыніцай інфармацыі, лічыць Барыс. Па-ранейшаму ёсць служба маніторынга, якая збірае інфармацыю пра пераслед і здарэнні ўнутры краіны. 

    — Для нас важна даносіць сітуацыю і медыясупольнасці, і сусветнай супольнасці, — кажа Барыс.  —  Замежнікі заходзяць на сайт пры падрыхтоўцы акцый, канферэнцый ці выступаў.  

    Сайт выйшаў за рамкі навінавага — там ёсць аналітычныя, дыскусійныя, адукацыйныя матэрыялы. Іх можна знайсці ў раздзелах «Акцэнты» і «Майстэрня». Сайт і сацсеткі БАЖ па актыўнасці і колькасці падпісчыкаў пераўзыходзяць некаторыя незалежныя медыі, адзначае Барыс. Таксама можна падпісацца на рассылку БАЖ — для беларусаў і замежнікаў.

    Міжнародная адвакацыя

    — БАЖ — гэта магчымасць прасоўваць свае пытанні на міжнароднай арэне. Вельмі важна, каб голас Беларусі і пытанні Беларусі гучалі,— кажа Барыс.

    Андрэй Бастунец на ўзнагароджанні ў Бруселі

    Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец на ўзнагароджанні ў Бруселі. 14 лістапада 2023 года. Фота: Telegram-канал «Прадстаўніцтва па замежных справах»

    БАЖ — сябра Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, сябра АБСЕ па пытаннях свабоды слова, AIESEC, «Рэпарцёраў без межаў».

    — Усе пляцоўкі, дзе мы можам расказаць пра Беларусь, для нас вельмі важныя. Часам, калі кажаш пра праблемы ў шырокім коле людзей, якія могуць дапамагчы, яны вырашаюцца, — тлумачыць Барыс, чым гэты аспект працы арганізацыі карысны журналісту. 

    Намеснік старшыні БАЖ пералічвае некалькі з паспяховых кейсаў:

    • Партнёры за дзень сабралі да 10 000 еўра чалавеку, які трапіў у бяду.
    • Праблема дыскрымінацыі беларусаў паводле пашпарту трапіла ў даклад ПАСЕ. «Магчыма, дзякуючы гэтаму, Германія пачала актыўней выдаваць дакументы беларусаў», — выказвае здагадку Гарэцкі.
    • Таксама дзякуючы адвакацыі беларускія журналісты могуць удзельнічаць у паездках, трэнінгах, канферэнцыях ад партнёраў. 
    • За паўтары гады больш чым у 35 краінах правялі акцыі марафону салідарнасці са зняволенымі калегамі.

    — Голас БАЖ — гэта голас тых, хто за кратамі. Для нас важна, каб усе нашы партнёры ведалі, што ў цэнтры Еўропы, у Беларусі людзі сядзяць у турмах за сваю працу, — падкрэслівае Барыс.  

    Акцыя салідарнасці з палітзняволенымі журналістамі. Лукішская турма, Вільня, 3 траўня 2024 года. Фота: БАЖ

    Супольнасць

    — БАЖ — гэта супольнасць. Мы бачым сябе як структуру, якая аб’ядноўвае калег. 2020 год паказаў, што патрэбныя пачуццё локця, абмен лайфхакамі, абмен праграмамі. Проста збірацца, ведаць, што ты — не адзін, — падкрэслівае суразмоўца.

    Супольнасць — гэта вырашэнне агульных пытанняў: пра гэта пісаць ці не пісаць, як паступіць — як не паступіць.

    — БАЖ заўсёды будзе пляцоўкай, якая хоча дапамагчы калегам абмяняцца меркаваннямі, прыйсці да высновы. А калі мы маем адказ, то гатовыя падзяліцца, — распавядае спадар Гарэцкі. І дадае: — Калі я толькі прыехаў у 2021 годзе ў Кіеў, мы ўсе былі дзесьці, але ніхто не ведаў, колькі нас, і як падавацца на ВНЖ, і г. д. Цяпер, калі ёсць нейкія праблема ці пытанне, што б гэта ні было, ёсць магчымасць звярнуцца да калег, запытаць ці самому падзяліцца досведам.

    Калегі звяртаюцца ў арганізацыю з рознымі праблемамі, напрыклад, калі гублялі пашпарт ці ВНЖ за мяжой, ці ў некага скралі дакументы. У такіх складаных жыццёвых сітуацыях БАЖ заўсёды гатовы падказаць алгарытм дзеянняў для вырашэння праблемы. 

    Журналісты ўнутры сваёй супольнасці гатовыя дапамагаць, сцвярджае Барыс:

    — Усе сёння данацяць на многае. Але калі ты ведаеш, што гэта прадстаўнік журналісцкай супольнасці, напэўна, ты гатовы зрабіць для яго нешта ў першую чаргу

    Як БАЖ дапамагае беларусам у Беларусі

    Калегі з Беларусі па-ранейшаму могуць звяртацца ў БАЖ па ўсіх пытаннях. Часцей гэта кансультацыі па абароне правоў ці па выездзе. Арганізацыя ў сваю чаргу прымае максімальныя меры канфідэнцыйнасці. Гэтая і некаторыя іншыя часткі працы застаюцца непублічнымі. Анлайн-адукацыя таксама бяспечная для іх праз меры бяспекі.

    — Мы ведаем, што журналісты ў Беларусі па-ранейшаму чытаюць сайт. Я дзякую калегам, якія штодзённа дасылаюць свой фідбэк нам, якія не баяцца расказаць, што ў іх адбылося, — пакрэслівае суразмоўца.

    Медыяцыя ўнутры рэдакцый

    Калі ў вас у рэдакцыі ёсць праблема, можна прыйсці да БАЖ і расказаць пра яе. БАЖ не можа прымусіць канкрэтную рэдакцыю нешта змяніць. Але адзін з відаў працы прававога аддзела — акурат медыяцыя.

    Агееў партрэт

    Намеснік старшыні БАЖ, кіраўнік прававога аддзела арганізацыі Алег Агееў. Фота: БАЖ

    Медыятар БАЖ — акрэдытаваны па міжнародных праграмах спецыяліст. Ёсць паспяховы досвед вырашэння рознага кшталту канфліктаў паміж рэдакцыямі, паміж рэдакцыяй і супрацоўнікам. 

    Як звярнуцца да БАЖ

    Галоўны канал сувязі з БАЖ — пошта office@baj.media. Ваша пытанне накіруюць да таго, хто за гэта адказны.

    У экстранай сітуацыі чакаць не трэба — юрысты дапамогуць адразу ж. 

    Часта можна пачуць пытанне, а калі журналіст не з’яўляецца сябрам БАЖ — ці можна звярнуцца ў Асацыяцыю? Спадар Гарэцкі адказвае адназначна: з 2020 года ўсе праграмы аднолькава даступныя як сябраў БАЖ, так і для тых медыйшчыкаў, хто не ўваходзіць у арганізацыю. 

    Планы

    Цяпер БАЖ стварае новы орган самарэгулявання медыйнага сектара, які паўстане на месцы Камісіі па этыцы БАЖ. Чаму гэта важна?

    Унутры сектара мы можам вырашыць свае спрэчкі ў рэжыме медыяцыі. Чытачу жа няма куды звяртацца і скардзіцца. Беларускае грамадства не будзе мусіць шукаць, дзе знаходзіцца рэдакцыя, і ў якой краіне, куды звярнуцца. Наяўнасць органа самарэгулявання шмат у чым паказвае спеласць медыясектара. Мы на ўзроўні медыяў хочам самі сябе абмежаваць, паказаць рамкі і правілы, па якім мы працуем, і даць асобам механізм скардзіцца на нас саміх. Каб гэта быў цывілізаваны шлях, тлумачыць Барыс.  

    Пазней канцэпцыю органа прадставяць медыясектару для абмеркавання.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці