• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці варта баяцца «масавага» ваяжу замежных журналістаў у Мінск, пра які сцвярджаюць улады? Барыс Гарэцкі тлумачыць унутраную кухню

    Акрамя унутраных (у абсалютнай большасці — дзяржаўных) СМІ доступ у інфармацыйны цэнтр Цэнтральнай выбарчай камісіі атрымаў 331 журналіст з 70 замежных медыяў. Свае заяўкі на акрэдытацыю накіравалі BBC, Reuters, Al Jazeera, CNN, Asso­ci­at­ed Press, AFP ZDF, ARD і іншыя, — рапартуе прапагандысцкае агенцтва БелТА. Што насамрэч стаіць за гэтымі лічбамі?

    Затрыманне журналіста, 2020 год, трансляцыя "Радыё Свабода"

    «Масавы» візіт

    Неспрактыкаваным у справе акрэдытацый і працы інфацэнтраў людзям можа падацца, што сусветныя медыі нечакана праявілі небывалую цікавасць да сёмай электаральнай кампаніі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і, не адрываючыся ад экранаў, сочаць за лічбамі, якія агучаць чыноўнікі ў Мінску.

    Дзяржаўная прапаганда робіць усё, каб у абывацеля склалася менавіта такое ўражанне. Але справы выглядаюць крыху інакш.

    Беларусь з’яўляецца вельмі закрытай краінай для замежных медыяў. Найноўшыя праблемы з акрэдытацыяй, выдача якой у Беларусі заўсёды ўзгаднялася з КДБ, пачаліся яшчэ ўвесну 2020-га (найноўшыя, бо «Белсат», «Радыё Рацыя» і падобныя, арыентаваныя на Беларусь праекты, заўсёды былі пад забаронай на акрэдытацыю, а «Радыё Свабода» ці «Еўрарадыё» дазвалялася мець толькі абмежаваную колькасць дазволаў на працу).

    У 2020‑м вельмі многія медыі так і не дачакаліся сваёй акрэдытацыі (хоць акрэдытаваных журналістаў дакумент таксама не ратаваў ад затрыманняў, АМАПаўскіх дручкоў па галаве і гумавых куль). Затрымлівалі нават прапагандыста Прыдыбайлу, які працаваў тады з замежнымі дакументамі.

    З восені 2020-га МЗС наогул спачатку скасаваў усе выдадзеныя раней акрэдытацыі, а потым усталяваў прынцып даваць дазвол толькі і выключна тым, каго самі хочуць бачыць у Беларусі. І вось 2025‑ы год. Пад «выбары» дзясятку заходніх медыяў, якія гадамі прасілі акрэдытацыю ў Беларусь (іх заяўкі проста ляжалі без зрухаў увесь гэты час у МЗС), акрэдытацыю даюць!

    Разгул дэмакратыі? Празрыстыя выбары? Перагорнутая старонка?

    Упэўнены, што кожны з вас ведае хаця б аднаго журналіста ці журналістку заходніх медыяў, якія асвятляюць такія краіны, як Беларусь. Узгадайце іх. Звычайна гэта вельмі спрактыкаваныя ў міжнародным парадку дня людзі, які бачылі не адныя такія «выбары».

    Усе яны стала сочаць за сусветнымі агенцтвамі, заявамі ААН, АБСЕ, ЕС і НАТО. І прадаць ім «выбары» на фоне тысяч палітвязняў і дзясяткаў іх беларускіх калег за кратамі проста немагчыма.

    RSF падае пазоў у Міжнародны крымінальны суд аб злачынствах Лукашэнкі супраць чалавечнасці

    Навошта тады ехаць у Мінск?

    Некаторы замежныя калегі перад цяперашняй паездкай у Беларусь раіліся з намі, ехаць ім ці не ехаць. Калі ехаць, то дзе знайсці герояў?

    Я імкнуся даць ім максімальна поўную карціну. Хутчэй за ўсё, калегі не ўбачаць нейкае раптоўнае вызваленне палітвязняў. Хутчэй за ўсё не змогуць запісаць і добрых герояў: сёння актыўныя людзі ў Беларусі ці родныя палітвязняў вымушаны катэгарычна адмаўляцца ад інтэрв’ю (бо журналіст з’едзе, а ты проста трапіш за краты на гады).

    Але, нягледзячы на ўсе такія творчыя абмежаванні, любы візіт замежнікаў у Беларусь — гэта плюс для нас! Яны, не-не, ды дзесьці змогуць задаць вострае пытанне. Не-не, ды дзесьці паспеюць зняць такія рэдкія для тых, хто за межамі Беларусі, кадры знутры краіны. Не-не, ды можа беларускія ўлады і вырашаць вызваліць каго-небудзь з палітвязняў пад гэтую марку.

    А падмануць спрактыкаваных міжнародных журналістаў сваімі тапорнымі захадамі беларускім уладам проста не атрымаецца, паверце.

    — А наогул мы едзем паздымаць атмасферу ўнутры краіны-суагрэсара падчас вайны. А выбары нас цікавяць у апошнюю чаргу, — кажа на развітанне заходні калега.

    І я не магу з ёй не пагадзіцца — на месцы замежнага журналіста мне таксама было б гэта вельмі цікава.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці