• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    CityDog.by: Разам з чытачамі мы перажываем усё, што адбываецца вакол

    Чатыры гады сайт CityDog.by распавядае мінчукам пра гарадскія трэнды, вулічную моду, адметнасці саміх гараджан — іх псіхалогію, звычкі, праблемы, пытанні і нават страхі.  Гутарым з сузаснавальніцай і дырэктаркай праекту Ірынай ВІДАНАВАЙ пра журналісцкую кухню выдання і маленькія сакрэты нараджэння папулярнага рэсурсу.

    — Сайт стартаваў у траўні 2012 года. Ці лёгка было ўварвацца на сталічны медыярынак?

    — Ідэя такога гарадскога часопіса была ў нашай каманды значна раней за 2012 год. Мы адчувалі, што не хапае часопіса пра Мінск, дзе ў цэнтры ўвагі былі б людзі. Часопіса з канцэпцыяй “Горад для людзей, а не людзі для горада”,  з намерам пераламіць савецкую свядомасць, у якой горад нібыта створаны, каб функцыянаваць, а людзі павінны пад яго падстройвацца.

    Я павінна раскрыць маленькі сакрэт. Напачатку мы збіраліся выдаваць друкаваны часопіс у фармаце city­pa­per — вельмі папулярным і запатрабаваным фармаце ў заходніх гарадах. Мы звярнуліся ў Міністэрства інфармацыі, аднак, на жаль ці на шчасце, цяпер ужо не ведаю нават, нам адмовілі ў рэгістрацыі папяровага выдання.  І мы вырашылі запусціць анлайн-праект.

    Ці было проста ўвайсці на рынак? Напэўна, не. Вельмі простага ў жыцці наогул мала. Але мы з’явіліся на медыйныым рынку Беларусі ў добры час. Акурат чатыры гады таму ў Мінску пачалі адкрывацца розныя крэатыўныя пляцоўкі, кавярні. Гаворачы слэнгам, у горадзе пачалася “двіжуха” новага пакалення. А мы з’явіліся ў медыяйнай прасторы ў гэты момант акурат з падобнай канцэпцыяй. Мы патрапілі ў правільны час у добрую нішу, што супала з чаканнямі аўдыторыі.

    Зараз наша аўдыторыя складае 25—30 тысяч наведнікаў у дзень. У нас вельмі лаяльная аўдыторыя, аўдыторыя неабыякавая, якая актыўна з намі камунікуе. Штосьці падабаецца нашым чытачам, штосьці наадварот вельмі не падабаецца, але ў гэтым і сэнс выдання, бо City­Dog не зусім традыцыйнае СМІ. Мы актыўна ўключаныя ў гарадскую супольнасць і разам з нашымі чытачамі перажываем за тое, што адбываецца вакол. Гэта выліваецца ў вельмі душэўныя стасункі з аўдыторыяй. Такія ўзаемаадносіны могуць быць часам напружанымі. А часам прыносяць вялікае задавальненне…

    — Артыкулы на яшчэ адным папулярным сёння сайце Kyky.org часта выклікаюць шмат спрэчак і аднойчы сталі нават падставай для рэпрэсій з боку Мінінфарма. А як у вас? Ці бывалі нейкія напружаныя моманты, калі прыходзілася здымаць матэрыялы альбо нешта тэрмінова карэктаваць?

    — У журналістыцы нейкія вострыя моманты здараюцца ледзь не штодня. І фактычна кожны матэрыял, нават калі ён падаецца лёгкім і жыццёвым, можа выклікаць сур’ёзнае напружанне. Таму мы адказна ставімся да ўсяго, што публікуем, нават калі форма матэрыялу падаецца даволі лёгкай.

    Наша асноўная пазіцыя: мы не хочам нашкодзіць нашым героям. Мы цэнім тое, што людзі не баяцца з намі камунікаваць. Бываюць выпадкі, калі людзі просяць не фатаграфаваць іх, альбо не хочуць называць свае рэальныя імёны. Мы адказна ставімся да гэтага і, канешне, ў большасці выпадкаў пагаджаемся з такім выбарам.

    Калі разумеем, што могуць быць нейкія прававыя наступствы, то абавязкова раімся з юрыстамі. Але, здаецца, у нас не было выпадкаў, калі мы цалкам здымалі матэрыял. Былі выпадкі, калі па абгрунтаванай просьбе герояў мы прыбіралі нейкую частку матэрыялу альбо “замыльвалі” фотаздымак, каб немагчыма было ідэнтыфікаваць чалавека. Але гэта ўсё частка рэдакцыйнай працы хіба кожнага СМІ.

    — А што найбольш чытаецца на City­Dog? Велапакатушкі, лофты і кавярні яшчэ ў трэндзе?

    — Нельга сказаць, што нейкая тэма чытаецца альбо не чытаецца. У мяне крыху іншы погляд на сітуацыю. Нядаўна мы рабілі стратэгічнае планаванне і заўважылі, што за апошні год у нас вельмі добра пачалі чытацца так званыя разумныя доўгія тэксты. Гэтыя тэксты звычайна звязаныя са спробамі чалавека ўсвядоміць, хто ты ёсць. Гэта могуць быць самыя розныя тэмы, але чалавек, жыхар Мінска, наш чытаць, глядзіць не толькі на навакольнае асяроддзе, але і ўнутр сябе. Спрабуе разабрацца ў сабе, зразумець сябе лепш.

    Таму заўжды набірае шмат праглядаў усё, што тычыцца людзей. У нас ёсць рубрыка “Вулічная мода”, дзе мы проста фатаграфуем на вуліцы людзей, якія незвычайна апранутыя. Крыху размаўляем з імі пра іх адзенне і іх светапогляд. Ад пачатку і да сёння гэта рубрыка застаецца вельмі папулярнай.

    І яшчэ адна рубрыка, якая ў нас чытаецца вельмі добра, і якую мы самі вельмі робім — гэта “Лакальная гісторыя” — гісторыя Мінска праз людзей, людскія лёсы, лёсы будынкаў. Але бывае, што стрэліць зусім іншая, але вельмі цікавая альбо нейкая вельмі гарачая тэма. Напрыклад, зараз шмат дыскусій і каментароў выклікаюць тэмы, звязаныя са здаровым ладам жыцця.

    Карацей, людзі заўсёды любяць паглядзець на іншых людзей, паразважаць пра іх і пра сябе. І гэта акурат супадае з канцэпцыяй нашага праекту…

    City­Dog адчувае эканамічны крызіс?

    — Крызіс безумоўна адчуваецца, але гэта не нагода скласці лапкі. Мы працуем у асноўным з так званай натыўнай рэкламай, яна выражаецца звычайна ў доўгатэрміновых кантэнтных праектах. Многія чытачы, напрыклад, ўжо палюбілі рубрыку “Адметныя”, яшчэ нейкія рубрыкі. І безумоўна гэтыя раздзелы акурат цікавыя рэкламадаўцам.

    Хоць зараз сапраўды даводзіцца рабіць у 5 разоў больш працы за ўдвая, а то і ўтрая меншыя грошы. Але мы не складаем рукі, маем намер развівацца далей і рыхтаваць яшчэ больш цікавых гісторый! 🙂

    Абмяркоўвайце ў каментах!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці