Барысаўскім райвыканкамам акрэдытацыя журналістаў “ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам”
Кіраўнік барысаўскай суполкі ГА “БАЖ” Аляксандр Зянкоў у студзені накіраваў у Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт зварот, у якім прасіў даць інфармацыю пра парадак акрэдытацыі журналістаў СМІ пры выканкаме і падначаленых яму службах і структурных падраздзяленнях. Зварот быў накіраваны праз адмысловую рубрыку на афіцыйным сайце адміністрацыі Барысаўскага раёна. Аднак адказ А. Зянкоў не атрымаў. Тады журналіст звянуўся ў райвыканкам яшчэ раз, скарыстаўшыся звычайнай поштай з паведамленнем аб уручэнні.
Гэтым разам супрацоўнікі выканкама мусілі нешта адказаць. У прыватнасці, намеснік старшыні райвыканкама Л. М. Вароніч патлумачыў, што “акрэдытацыя журналістаў сродкаў масавай інфармацыі ў Барысаўскім раёне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі””. Ніякіх дадатковых тлумачэнняў адказ раённага чыноўніка не ўтрымлівае.
У сувязі з гэтым варта звярнуць увагу на нормы Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”. Пункт 1 арт. 35 паведамляе, што журналісты СМІ маюць права на акрэдытацыю пры дзяржаўных органах для асвятлення арганізаваных імі пасяджэнняў, нарадаў і іншых мерапрыемстваў у парадку, вызначаным гэтымі дзяржаўнымі органамі.
Аляксандр Зянкоў лічыць, што яго зварот застаўся без разгляду па сутнасці. Скаргу з гэтай нагоды ён пакінуў у кнізе заўваг і прапаноў пры Барысаўскім райвыканкаме, запатрабаваўшы даць адказ па сутнасці зададзенага пытання