• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогера Андрэя Павука аштрафавалі за сюжэт на “Белсаце”, у якім ён быў галоўным героем

    Старшыня Акцябрскага раённага суда Люміла Гармаш пакарала 23 жніўня мясцовага блогера Андрэя Павука адміністрацыйным штрафам у памеры 735 рублёў за выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” — паводле часткі 2, артыкула 22.9 КаАП.

    Падставай стаўся сюжэт “Блогеру пагражаюць судом за майку з надпісам «Яны любяць цябе», паказаны 8 ліпеня на згаданым тэлеканале.

    “Лічу гэта помстай  чыноўнікаў мне за майку, — сказаў Службе маніторынгу ГА “БАЖ” Андрэй Павук. — Не атрымалася пакараць мяне за абразу, дык аштрафавалі  за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ».

    Гісторыя з майкай, на якой змешчаныя фотаздымкі намесніка старшыні Акцябрскага райвыканкама Уладзіміра Елісеева і кіраўніцы спраў Валянціны Шлапаковай з надпісам пад імі «Яны любяць цябе», цягнецца ад 9 чэрвеня. Тады ў Акцябрскім ладзіўся выпускны вечар. Андрэй Павук прыйшоў у згаданай майцы на цэнтральную плошчу, дзе здымаў выпускнікоў. Чыноўнікі райвыканкама пакрыўдзіліся, падалі ў міліцыю заявы. Маўляў, блогер абразіў іх гонар, зганьбіў пачуцці сям’і.

    Заявы разглядаў участковы інспектар Віктар  Карпянок, але, па ўсяму відаць, не знайшоў абразы ў фотаздымку і надпісе.

    Пра пераслед блогера за майку з надпісам  у ліпені расказаў тэлеканал “Белсат”, які транслюе свае праграмы з тэрыторыі Польшчы. Беларускія ўлады ўжо паўдзесятка разоў адмовілі тэлеканалу ў акрэдытацыі.

    У сваю чаргу міліцыя абвінаваціла Андрэя Павука ў вырабе для “Белсата” тэлесюжэта, у якім ён быў галоўным героем.

    Андрэй Павук патлумачыў у судзе, што ён сапраўды цікавіўся ў жыхароў Рудабелкі, ці можна лічыць абразай майку з фотаздымкам чыноўнікаў і надпісам “Яны любяць цябе”. Адказы  рудабельцаў ён змясціў на сваёй старонцы  ў YouTube у адкрытым доступе.

    “Я не супраць, калі частку здымкаў выкарыстаў “Белсат” — канал  гэты аб’ектыўны”, — тлумачыў у судзе блогер Павук. І дадаў: “Я наагул не разумею, чаму мяне абвінавачваюць у вырабе сюжэта. Я не мантажаваў здымкі, не адсылаў на “Белсат”. У мяне няма магчымасці трансляваць відэасюжэты. У чым мая віна?”

    Адначасова Павук паведаміў, што здымкі разам з ім рабіў гомельскі фрылансер Андрэй Толчын. Хадайнічаў выклікаць яго ў якасьці сведкі.

    23 жніўня  Толчын адмыслова прыехаў у Акцябрскі суд.  Ён заявіў, што  рабіў здымкі пра пагрозы судом Андрэю Павуку для агенцтва “Ньюс інфармацыя”. Як распарадзілася відэаздымкамі “Ньюс інфармацыя”, яму невядома. Магчыма, яны  былі прададзены тэлеканалу “Белсат”.

    Суддзя Гармаш палічыла, што ў тлумачэннях блогераў ёсьць супярэчнасці і пастанавіла аштрафаваць  Андрэя Павука на 30 базавых велічыняў, што адпавядае  735 рублям.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці