• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    ГА “БАЖ”: Спыніць ціск на журналістаў-фрылансераў!

    Заява ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" у сувязі з узмацненнем ціску на журналістаў-фрылансераў напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

    ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае рашучы пратэст у сувязі з узмацненнем адміністрацыйнага пераследу журналістаў-фрылансераў, матэрыялы якіх з’яўляюцца ў замежных СМІ.

    З пачатку 2015 года суды ўжо 22 разы штрафавалі журналістаў за гэта «парушэнне», прычым толькі ў чэрвені нашых калег прыцягвалі да адказнасці 8 разоў (за ўвесь 2014 г. такіх выпадкаў было 10). У першы тыдзень ліпеня на 50 базавых велічынь быў аштрафаваны Алесь Ляўчук, чарговыя суды адбудуцца 9 і 10 ліпеня. Агульная сума штрафаў, прысуджаных журналістам у 2015 г., ужо склала больш за 117 млн рублёў.

    Міліцыя і суды насуперак Закону «Аб СМІ» распаўсюджваюць абавязак атрымання акрэдытацыі ў МЗС на журналістаў-фрылансераў, якія не з’яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі замежных СМІ. А затым неабгрунтавана прыраўноўваюць дзейнасць без акрэдытацыі да парушэння парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ (ч.2 арт. 22.9. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях). Тым часам, прадукцыю СМІ вырабляюць не журналісты, а рэдакцыі, і распаўсюджваюць яе не журналісты, а распаўсюднікі СМІ. Зыходзячы з пададзеных у Законе «Аб СМІ» дэфініцый, журналіст не з’яўляецца суб’ектам вырабу прадукцыі СМІ, гэтак жа як і яе распаўсюду. Адпаведна, яго  нельга прыцягнуць да адказнасці за парушэнне парадку ажыццяўлення гэтай дзейнасці.

    Больш за тое – прыцягненне да адказнасці журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі парушае Канстытуцыю і міжнародна-прававыя абавязальніцтвы Рэспублікі Беларусь. Арт. 34 Канстытуцыі Беларусі гарантуе грамадзянам права на атрыманне, захаванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, пра палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыццё, стан навакольнага асяроддзя. Пра гэтае ж права гаворыцца і ў арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь. У адпаведнасці з часткай 2 гэтага артыкула, кожны чалавек мае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць любога роду інфармацыю і ідэі незалежна ад дзяржаўных межаў вусна, пісьмова ці з дапамогай друку ці мастацкіх формаў, ці іншымі спосабамі на свой выбар.

    Абмежаванне гэтых правоў у адпаведнасці з Канстытуцыяй і МПГПП магчыма толькі ў вызначаных мэтах, а менавіта – для абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Аднак ва ўсіх выпадках прыцягнення журналістаў да адказнасці падставай для гэтага быў не «супрацьпраўны» змест матэрыялаў, а сам факт іх з’яўлення ў замежных СМІ.

    Звяртаем увагу, што ў сённяшнім глабальным свеце пераслед журналістаў за з’яўленне іх матэрыялаў у замежных СМІ парушае не толькі канстытуцыйныя і прафесійныя правы журналістаў, але і права ўсіх грамадзян на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.

    Напярэдадні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узмацненне ціску на журналістаў стварае вельмі неспрыяльны фон для выбарчай кампаніі і ставіць пад сумнеў свабоду яе асвятлення ў СМІ.

    ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заклікае:

    - кіраўніцтва МУС і КДБ – разглядзець правамернасць дзеянняў сваіх супрацоўнікаў па названых вышэй справах. Замест таго, каб змагацца са злачыннасцю і абараняць канстытуцыйны лад, дзясяткі супрацоўнікаў МУС і КДБ арганізавалі сапраўднае паляванне на журналістаў, якія не парушаюць нічыіх законных правоў і інтарэсаў;

    - суды Рэспублікі Беларусь – пры разглядзе адміністрацыйных спраў кіравацца Канстытуцыяй і міжнародна-прававымі дамовамі Рэспублікі Беларусь; не дапускаць пашыральнага тлумачэння актаў заканадаўства краіны, якія вызначаюць адказнасць;

    - Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь – звярнуць увагу на безумоўнае выкананне судамі законаў і захаванне іерархіі прававых актаў, а таксама на незалежнасць судоў пры вынясенні судовых пастаноў. У многіх адміністрацыйных справах супраць журналістаў незразумела якім чынам апынуліся матэрыялы з іншых падобных спраў; з’яўленне такіх «узораў рашэнняў» у судовых справах можна разглядаць як ціск на суд;

    - Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, пракурорскіх работнікаў – апратэставаць не адпаведныя заканадаўчым актам пастановы па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях па ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь;

    - Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь – распачаць вытворчасць па справе аб ліквідацыі прабелаў, выключэнні калізій і прававой нявызначанасці ў нарматыўных прававых актах, якія рэгулююць атрыманне і распаўсюд грамадзянамі Рэспублікі Беларусь інфармацыі, у тым ліку незалежна ад дзяржаўных межаў.

    Прынята Праўленнем ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

    Дадзеная заява будзе накіравана заказной карэспандэнцыяй усім пералічаным адрасатам. ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звяртаецца да ўсіх сваіх партнёраў з просьбай надаць увагу пераследу незалежных журналістаў і паспрыяць распаўсюду дадзенай інфармацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці