• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Ганцавіцкі час” змагаецца за магчымасць мець доступ да інфармацыі ад мясцовых уладаў

    Яшчэ ў сакавіку рэдакцыя недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час” накіравала ў мясцовыя райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў ліст з просьбай акрэдытаваць супрацоўнікаў выдання для асвятлення дзейнасці гэтых органаў улады.

    Аднак кіраўніцтва мясцовай “вертыкалі” адмовіла ў акрэдытацыі, спаслаўшыся на тое, што ў раёне ўжо ёсць адзін сродак масавай інфармацыі — газета “Савецкае Палессе”, заснавальнікам якой з’яўляецца Ганцавіцкі райвыканкам.  

    Акрамя таго, у адказе сцвярджаецца, што ў Ганцавіцкім райвыканкаме не прадугледжаны парадак правядзення і атрымання акрэдытацыі. Падобная фармулёўка ўтрымліваецца і ў адказе, які рэдакцыя “Ганцавіцкага часу” атрымала з раённага Савета дэпутатаў: там журналістам выдання таксама адмовілі ў акрэдытацыі, бо яе парадак гэтай установай “не вызначаны”.

    Як заўважае галоўны рэдактар газеты “Ганцавіцкі час” Пётр Гузаеўскі, тое, што ў райвыканкаме і райсавеце не вызначаны парадак правядзення акрэдытацыі, не з’яўляецца падставай для адмовы. Паводле Гузаеўскага, такое рашэнне супярэчыць пункту 2 артыкула 35 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”, у якім гаворыцца наступнае: “Не дапускаецца неабгрунтаваная адмова ў акрэдытацыі журналістаў сродкаў масавай інфармацыі”.

    У сваіх скаргах да пракурора Ганцавіцкага раёна Міхаіла Кляўцэвіча, галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” прасіў адрэагаваць на рашэнне мясцовых уладаў. Пётр Гузаеўскі лічыць, што кіраўніцтва Ганцавіцкага райвыканкама фактычна дэкларуе сваю манапалізацыю ў справе атрымання інфармацыі і нядопуск іншых СМІ. 

    “Дадзены факт адмовы я расцэньваю як парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, выказанае ў незаконным абмежаванні свабоды масавай інфармацыі, за што прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у адпаведнасці з артыкулам 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь”, — зазначае Пётр Гузаеўскі.

    У выніку пракурорскага рэагавання скаргі былі перанакіраваныя ў структуры ўлады Брэсцкай вобласці. З адказу за подпісам намесніцы старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Валянціны Пух вынікае, што ў дэпутатскага корпусу ў Ганцавічах ёсць адмысловы рэгламент, паводле якога “прадугледжана неабходнасць папярэдняга ўзгаднення прысутнасці журналістаў са старшынёй Савета ў кожным канкрэтным выпадку”. Разам з тым Валянціна Пух заўважае, што Ганцавіцкаму райсавету дэпутатаў “рэкамендавана вызначыць парадак акрэдытацыі прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі”.  

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці