Групу грамадзян, што займаліся самвыдатам абласных “веснікаў”, прызналі экстрэмісцкім фармаваннем
У “Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці” на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі з’явіліся згадкі пра адразу некалькі самвыдатаўскіх друкаваных выданняў і тэлеграм-каналаў, якія распаўсюджвалі незаангажаваную інфармацыю пра жыццё ў асобных рэгіёнах Беларусі.
МУС назвала гэтыя СМІ і Тэлеграм-каналы агульным азначэннем “Група грамадзян, аб’яднаных пад назвай “Веснікі”, уключыўшы туды рэгіянальныя выданні: “Вестники”, “Брестское время”, “Витебский вестник”, “Гродненское время”, “Гомельский вестник”, “Могилёвские вести”, ByProsvet, “Беларусский вестник”, “Протестная Беларусь”, “Протестный Гомель”, “Слово Беларусов”, “Газета “7 Чижей”, а таксама шэраг тэлеграм-ботаў і тэлегарам-каналаў, звязаных з гэтымі выданнямі.
Рашэнне пра далучэнне выданняў да переліку “экстрэмісцкіх фармаванняў” МУС прыняло 9 снежня 2022 года.
“Веснікі” — гэта колішняя сетка абласных пратэсных газет, створаная ў верасні 2020 года. Газеты пад рознымі назвамі пачалі выдавацца ў рэгіёнах, прычым іх дызайн быў свядома зроблены такім чынам, каб падкрэсліць вонкавае падабенства з мясцовым дзяржаўным друкам. Прыкладам, дызайн “Витебского вестника” нагадваў дызайн першай старонкі дзяржаўнай абласной газеты “Витебские вести”.
Распаўсюднікамі гэтых газет былі мясцовыя валанцёры, якіх часта затрымлівалі і каралі штрафамі. У сакавіку 2022-га лакальныя пратэстныя СМІ аб’ядналася ў самвыдатаўскую газету “Беларускі веснік”.
Сёлета ў кастрычніку сілавікі паведамілі пра затрыманне меркаванага рэдактара і аўтара артыкулаў для сеткі газет “Веснікі” Андрэя Фаміна. У відэа, запісанага супрацоўнікамі міліцыі, Фамін прызнае, што нібыта меў дачыненне да сеткі самвыдата. Таксама кажа, што за гэта быццам бы атрымаў грошы — але сумы, якія называе, былі чыста сімвалічныя (за два гады працы агулам 700 даляраў). Магчыма, так яго прымусілі сказаць сілавікі.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Андрэй Фамін быў затрыманы 26 кастрычніка, яму прад’яўлена абвінавачанне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”). Зараз яго ўтрымліваюць у мінскім СІЗА №1. 30 лістапада 2022 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Фаміна палітычным вязнем.
Чытайце яшчэ:
“Беларусь стала одной из самых опасных стран для журналистов в мире”. Интервью с Жанной Кавелие из “Репортеров без границ”
Ларысу Шчыракову сёння, імаверна, перавядуць з ІЧУ ў СІЗА
Суд (чамусьці Лоеўскага раёна) прызнанаў “экстрэмісцкай” Instagram-старонку Zerkalo_io