• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кіраўніца БелТА ў ролі “ваеннага эксперта”: Украіна ўцягвае ў канфлікт NATO, а Польша марыць “адцяпаць” Львоў

    Беларуская прапаганда актыўна далучылася да агучвання канспіралагічных версій адносна таго, каму насамрэч выгадныя ракетныя абстрэлы тэрыторыі Польшчы. Асабліва адзначылася генеральная дырэктарка дзяржаўнага агенцтва БелТА Ірына Акуловіч, якая выказала думку, што пад наўмысныя фейкі ў СМІ “палякі хочуць адцяпаць Украіну аж да самага Львова”.

    Увечары 15 лістапада кіраўніцтва Польшчы заявіла, што ў Люблінскім ваяводстве на ўсходзе краіны ўпалі дзве ракеты, загінулі два мясцовыя жыхары. Цяпер спецыяльная камісія высвятляе, адкуль менавіта былі “прылёты”, але “эксперты ад журналістыкі” ў Беларусі ўжо зрабілі ўласныя высновы: зброя дакладна не расійская, а градус эскалацыі “накручваюць” зацікаўленыя бакі.    

    У эфіры “Альфа Радыё”, якое ўваходзіць у холдынг “СБ. Беларусь сегодня”, кіраўніца Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч паразважала пра тое, хто і якія дывідэнды з падачы “жоўтых медыяў” збіраецца здабыць на інцыдэнце.

    “Мы ўсведамлялі, што сітуацыя можа быць скарыстаная, каб ваенныя дзеянні развіваліся больш актыўна, каб уцягнуць краіны NATO ў канфлікт, чаго ніхто не хоча, акрамя Украіны. Калі падрабязнасцяў выбуху і праверанай інфармацыі яшчэ не было, што рабілі польскія журналісты? Тут жа пачалі пісаць аб пападанні дзвюх расійскіх ракет. Гэта стаў прасоўваць і Зяленскі, які літаральна заявіў пра тое, што неабходна спыніць “рускага тэрарыста”. Такія дадзеныя распаўсюджвае і польскі ўрад. Хоць спецыялістам зразумела, што гэта не маглі быць расійскія ракеты”.

    Выпускніца Магілёўскага педінстытута Ірына Акуловіч, якая нечакана стала спецыялістам у ваеннай галіне, сцвярджае, што некаторыя з апублікаваных здымкаў “увогуле маюць дачыненне да 2020 года”. І зрабіла выснову, навошта Польшча рукамі “купленых журналістаў” так упарта піярыць версію пра расійскія ракеты.

    “Польскія выданні заклікаюць стаць на абарону, лічачы, што натаўцам трэба неадкладна падключыцца да канфлікту [Расіі і Украіны]. Так, з аднаго боку, палякам сітуацыя на руку, каб адхапіць Львоў, хоць ваяваць апасродкавана для іх больш выгадна. Таму такога канфлікту NATO дакладна не хоча. Учора было наглядна бачна, як працуюць фейкі – яны падхопліваюцца на ўзроўні найвышэйшага кіраўніцтва. Вядома, СМІ адыгралі сваю ролю, яны раздзьмулі гэтае вогнішча. А неправеранай інфармацыяй карысталіся людзі, якія маюць дачыненне да кіраўніцтва трох краін”.

    Экспертка таксама лічыць, што падзея атрымала такі рэзананс у тым ліку таму, што якраз ідзе саміт G20, а на 16 лістапада яшчэ запланавана і нарада Савета бяспекі ААН у пытанні аказання дапамогі Украіне. Адпаведна, усё зроблена для развіцця сітуацыі “ў правільным кірунку”.

    Вярнуўшыся да вобразу кіраўніцы інфармацыйнага агенцтва, Ірына Акуловіч дазволіла сабе павучыць калегаў: маўляў, згаданая сітуацыя –  прыклад таго, як “няправільная інтэрпрэтацыя фактаў” магла прывесці да вельмі сур’ёзных наступстваў. І параіла ў такіх выпадках чытаць “толькі правераныя СМІ, якія адказваюць за кожнае слова”, – відаць, маючы на ўвазе падначаленую рэдакцыю БелТА.

    Зрэшты, абвінавачваючы замежныя СМІ ў “распаўсюдзе фейкаў”, сама рэдактарка карыстаецца імі спаўна. У прыватнасці, заявіла, што Польшча перажывае не самыя лепшыя часы, але ўлады не бачаць сваёй віны, абвінавачваюць ва ўсім Расію, а заадно і Беларусь. І завяршыла спіч неймавернымі гісторыямі пра тое, як палякаў нібыта штрафуюць за “ўключаныя кандыцыянеры”, а брытанцы рызыкуюць застацца без “навагодняй ілюмінацыі”. 

    “Мы збольшага недаацэньваем тое, што робіцца ў нашай дзяржаве: практычна бясплатны дзіцячы садок, адукацыя. А вы паглядзіце, як у Польшчы пачынаюць штрафаваць за тое, што ўключаны кандыцыянер ці ў кватэры тэмпература вышэй за 18 градусаў. Пра якую свабоду асобы можа ісці гаворка? Ці вось у Мінску ўжо пачынаюць упрыгожваць горад да Новага года, чаго не скажаш пра некаторыя краіны Захаду. Бог з ёй, з ілюмінацыяй, хоць бы былі святло і газ. Пры гэтым я ўпэўненая, што ілюмінацыя будзе ў доме былога прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана. Але не ў простага народа”.

    Дзяржаўнае агенцтва БелТА ад пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі ва Украіне безумоўна апраўдвае вайну, практычна дублюючы інфармацыйныя наратывы крамлёўскай прапаганды.

    Чытайце яшчэ:

    Палітыка, сатыра, крынж і коцікі. Што незалежныя медыя посцяць у сацсетках?

    Як беларуская дзяржаўная прапаганда адрэагавала на вызваленне Херсону

    Што такое Infopoint, доступ да якога атрымаў агент ГУБАЗіКа?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці