“Краязнаўчыя матывы ў творчасці” абмеркавалі ў Лунінцы
На восьмы штогадовы рэгіянальны круглы стол літаратараў і журналістаў, зладжаны Лунінецкай філіяй ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і сябрамі ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”, прыехалі госці з Пінска, Століна, Ганцавічаў і Баранавічаў.
У межах імпрэзы адбыліся дзясятыя Лунінецкія краязнаўчыя чытанні і прэзентацыя зборніка “Краязнаўчымі шляхамі Лунінеччыны”, які ўклаў гісторык, сябра ГА “БАЖ” Вадзім Жылко.
“Краязнаўчая тэматыка ў той ці іншай ступені цікавіць многіх чытачоў, таму рэгіянальныя СМІ ахвотна выкарыстоўваюць яе”, — адзначыў у прамове Вадзім Жылко.
Яго калега з “Информ-прогулки” Мікалай Ільючык падкрэслівае: “Усе мы крыху краязнаўцы, бо ў кожнага ёсць малая Радзіма… Ты чапляешся за ідэю, асэнсоўваеш, пішаш, бо разумееш, што гэта трэба”.
Шэраг станоўчых прыкладаў прывялі Наталля Базар, Васіль Мацкевіч — журналісты партала “Медиа-Полесье”.
Святлана Гарда заклікала даследчыкаў актыўней карыстацца інтэрнетам для папулярызацыі і прасоўвання сваіх твораў, каб большая аўдыторыя мела магчымасць папоўніць свае веды па гісторыі роднага краю. “Навіны прыходзяць і сыходзяць, а краязнаўчая тэматыка застаецца для нашчадкаў”, — канстатавала сп. Гарда.
Віктар Пінігін і Павел Куніцкі зрабілі акцэнт на краязнаўчых фота- і відэаматэрыялах, Аляксей Белы і Аляксей Галаскок — на тэме роднага краю ў літаратурнай творчасці.
Як зазначыў пінскі гісторык, рэдактар часопіса “Гістарычная брама” Аляксандр Ільін, палескія краязнаўцы працуюць вельмі плённа і актыўна супрацоўнічаюць са сродкамі масавай інфармацыі.
Фота Мікалая Ільючыка